Агляд прэсы: новыя сувязі



Сі і Лукашэнка пакляліся ў «непарушным палітычным ўзаемадаверы». Візіт Блінкена ва Украіну, каб даць адпор Маскве. Выбары ў Партугаліі: ультраправыя на ўздыме. Ганна Франк: новая версія здрады і як яе ацэньваць. Падрабязнасці свежых матэрыялаў замежнай прэсы даведаемся ў аглядзе Вольгі Сямашкі.

«Прэзідэнты Кітая і Беларусі Сі Цзіньпін і Аляксандр Лукашэнка ў чацвер абвясцілі пра «непарушны палітычны ўзаемадавер» паміж дзвюма краінамі з нагоды 30-годдзя ўсталявання дыпламатычных адносін», – адзначае амерыканская газета La prensa latina.

«Усё больш ізаляваны ад Еўропы і астатняга Захаду з-за свайго дрэйфу ў бок аўтарытарызму і палітыкі ў дачыненні да мігрантаў, урад Лукашэнкі апошнім часам звяртаецца да такіх саюзнікаў, як Пекін і Масква. Таму Лукашэнка запэўніў Сі ў тым, што абедзве краіны «цвёрда падтрымліваюць адна адну па пытаннях, якія датычацца іх асноўных інтарэсаў, і цесна і эфектыўна каардынуюцца ў міжнародных і рэгіянальных справах, і дасягнулі важнага кансэнсусу па развіцці кітайска-беларускіх адносін у новых абставінах», – падкрэсліваецца ў матэрыяле.

Выданне таксама акцэнтуе жаданне Беларусі скараціць сваю дыпламатычную прысутнасць у заходніх краінах і пашырыць яе ў краінах Садружнасці Незалежных Дзяржаў (СНД), Кітаі ды іншых краінах. Акрамя гэтага анансавана стварэнне ў знешнепалітычным ведамстве Беларусі спецыяльнага дэпартамента Кітая.

Падчас свайго візіту ва Украіну дзяржсакратар ЗША Энтані Блінкен запэўніў кіеўскія ўлады ў тым, што ЗША будуць аказваць краіне «гарантаваную падтрымку», а таксама выдзеляць ёй ваенную дапамогу на суму 200 мільёнаў даляраў. Маскву ж Блінкен папярэдзіў аб тым, што ў выпадку ўварвання ва Украіну Расея сутыкнецца з суровымі наступствамі. Судзячы па ўсім, у Вашынгтоне сур’ёзна лічацца з магчымасцю такога сцэнару. Прэса дзеліцца сваімі меркаваннямі і заклікае да дзеяння перш за ўсё Кіеў.

«Дзяржсакратар ЗША хацеў нагадаць Кіеву аб двух важных дэталях», – гаворыцца ў каментары ўкраінскага выдання Strana:

«Першая – Менскія пагадненні не трэба пераглядаць, і гэта адзіны шлях урэгулявання на Данбасе. Другая – ва Украіне зараз «вырашаюцца» нейкія дзеянні па той частцы пагадненняў, якія Украіна яшчэ не выканала. Пад гэтым, відавочна, трэба разумець палітычную частку Менскіх пагадненняў (выбары да перадачы кантролю над мяжой, амністыя, асаблівы статус і замацаванне яго ў Канстытуцыі). Тут дарэчы нагадаць, што ўкраінскія ўлады афіцыйна заяўляюць аб нежаданні выконваць палітычную частку пагадненняў і настойваюць на яе змене. Гэта значыць Блінкен сваімі заявамі фактычна параіў Кіеву змяніць сваю пазіцыю па гэтых пытаннях», – падкрэслівае ўкраінскае выданне.

30 студзеня ў Партугаліі адбудуцца датэрміновыя парламенцкія выбары. Паводле дадзеных апытанняў, папулісцкая і ўльтраправая партыя «Даволі!» пад кіраўніцтвам Андрэ Вэнтуры мае ўсе падставы спадзявацца выйсці на трэцяе месца. Да гэтага часу гэтая партыя была прадстаўлена ў парламенце адным-адзіным дэпутатам – уласна старшынём. Як адзначаюць аглядальнікі, персона Вэнтуры і яго беспадстаўныя абяцанні атрымліваюць зашмат увагі.

Партугальская газета Diário de Notícias заўважае, што папулярнасць набірае партыя, якая патрабуе, па сутнасці, пакласці канец сацыяльнай дзяржаве.

«Вэнтура прытрымліваецца агульнай справы: выступае за радыкальнае зніжэнне падаткаў. Але ён адмаўляецца растлумачыць, якім чынам збіраецца ўсё гэта фінансаваць. Лягчэй лёгкага наабяцаць з тры карабы, калі вы не маеце ні найменшага намеру выканаць свае абяцанні і, перш за ўсё, склалі хлуслівую праграму для таго, каб схаваць сутнасць справы: знішчэнне сацыяльнай дзяржавы. Партыя «Даволі!» запэўнівае, што дастаткова ўрэзаць заробкі палітыкам і скараціць сацыяльныя дапамогі для маламаёмасных (якія ў сукупнасці абыходзяцца ў суму менш за чатырыста мільёнаў еўра ў год), як грошы пачнуць падаць прама з неба. Людзі зноў і зноў вядуцца на падобную балбатню!», – гіранізуе партугальскае выданне.

Даследчая група, якая складаецца, сярод іншага, з крыміналістаў і следчага ФБР, у мінулы панядзелак апублікавала свае высновы аб тым, хто мог выдаць нацысцкім уладам прытулак Ганны Франк і яшчэ сямі чалавек у 1944 годзе. Згодна з гіпотэзай, гэтым чалавекам быў натарыус габрэйскага паходжання, які такім чынам спрабаваў сам пазбегнуць дэпартацыі. Гісторыкі перасцерагаюць ад паспешных высноваў і крытыкуюць тое, якім чынам гэтае выкрыццё было пададзена аўдыторыі.

«Ці быў чалавек, які выдаў Ганну Франк, габрэем ці не – не мае ніякага значэння», – падкрэслівае сербская газета Danas.

«Ці з’явіцца ў каго-небудзь пачуццё злараднасці ці палёгка ад таго, што, магчыма, здрадзіў габрэй? Ці стане ад гэтага каму-небудзь лягчэй? Ці ўпісваецца гэта ў карціну агідных антысеміцкіх тэорый змовы? Бо найважнейшае тут тое, што была забітая бязвінная (ці трэба пра гэта згадваць асобна?) пятнаццацігадовая дзяўчынка. Але пакуль на першым месцы стаіць не гэты факт, а «адкрыццё», што выдаў яе адзін са сваіх, мы зноў і зноў здраджваем Ганне Франк», – падкрэслівае румынскае выданне.

Агляд сусветнай прэсы падрыхтавала Вольга Сямашка

[manual_related_posts]