Агляд прэсы: новыя сувязі



Ціханоўская заклікала ЗША ізаляваць Лукашэнку. Прынцыпы выжывання палітыкаў у Чэхіі. СМІ абмяркоўваюць ідэю Байдэна аб адмене патэнтаў на вакцыну.

Падрабязнасці свежых матэрыялаў замежнай прэсы даведаемся ў аглядзе Вольгі Сямашкі:

-Расейскае выданне The Moscow Times піша пра тое, што Ціханоўская заклікала ЗША ўвесці дадатковыя санкцыі, каб ізаляваць Лукашэнку, перамогу на выбарах якога Вашынгтон лічыць падманнай.

«Я заклікаю вас, абраныя прадстаўнікі амерыканскага народа, працягваць дзейнічаць рашуча. Мы заклікаем ЗША ўдзельнічаць у міжнародным пасярэдніцтве сумесна з еўрапейскімі партнёрамі», – цытуе Ціханоўскую расейскае выданне і прыводзіць адпаведна заклік да ЗША «выкарыстоўваць сваю дыпламатыю для далейшай ізаляцыі Лукашэнкі, бо пункт палітычнага вяртання ўжо мінуў».

Як вынікае з публікацыі чэшскіх СМІ, намеснік кіраўніка ўрада Ян Гамачак меў намер схаваць дачыненне расейскіх спецслужбаў да тэракту на складзе боепрыпасаў у Чэхіі ў абмен на пастаўку Масквой мільёна доз вакцыны Sputnik V. Гамачак адмаўляе абвінавачанні, але канчаткова развеяць падазрэнні ў свой адрас пакуль што ня здолеў. Аглядальнікі шакаваныя новымі падрабязнасцямі расейска-чэшскіх адносінаў.

На думку чэшскай газеты Hospodářské noviny, выбухнуў скандал на ўвесь свет.

«Усё роўна, што там Гамачак кажа пра запланаваную і затым адмененую паездку ў Маскву: яму цяпер даверу не будзе, і не толькі з боку грамадзян. Віцэ-прэм’ер пазбавіў краіну ў тым ліку і даверу з боку замежных партнёраў. Бо гаворка ідзе пра спробу замесці сляды тэракту, які быў меркавана здзейснены Расеяй на тэрыторыі ЕЗ. Гаворка ідзе пра здраду ў адносінах да саюзнікаў і яшчэ адным кроку Чэхіі насустрач Крамлю. Абвінавачанне ў дзяржаўнай здрадзе зусім не перабольшана. Усё, што застаецца Гамачаку, дык гэта толькі сысці ў адстаўку», – піша чэшскае выданне.

Пасля брэкзіту паміж Велікабрытаніяй і Францыяй разгарэлася гарачая спрэчка з нагоды ліцэнзій на адлоў рыбы ў Ла-Маншы. Французскія траўлеры пагражалі зладзіць блакаду брытанскай выспы Джэрсі. Абедзве краіны адправілі да Джэрсі свае ваенныя караблі. Прэса разважае пра тое, што трэба зрабіць для таго, каб прадухіліць падобныя канфлікты.

«Калі Брусель не наладзіць дыялогу з Лонданам, то падобныя пажары будуць пастаянна ўспыхваць тут і там», – піша італьянская газета La Stampa.

«Пагадненне па брекзіту, складзенае ў самую апошнюю хвіліну, пакінула нявырашанымі многія вялікія і малыя праблемы. І калі імі своечасова не заняцца, то яны могуць выліцца ў сапраўдную катастрофу. У постбрэкзітавую эпоху ЕЗ і Велікабрытанія павінны, нарэшце, прыслухацца да голасу розуму і зноў навучыцца знаходзіць агульную мову. Лондан па-ранейшаму застаецца важнай еўрапейскай сталіцай, як і было заўсёды. Брусэль не можа працягваць рабіць выгляд, што Вялікабрытанія – гэта ўсяго толькі «адна з трэціх краін», – рэзюмуе італьянскае выданне.

Ініцыятыва прэзідэнта ЗША Джо Байдэна, які прапанаваў часова адмяніць дзеянне патэнтаў на вакцыны ад COVID-19, выклікала шырокую дыскусію па ўсім свеце. Старшыня Еўракамісіі Урсула фон дэр Ляйен заявіла, што ЕЗ гатовы абмеркаваць гэтую прапанову, але падкрэсліла, што для пачатку важней было б дазволіць экспарт вакцын. Еўрапейская прэса разважае пра тое, як зрабіць працэс размеркавання вакцын як мага больш справядлівым.

«Байдэн перасьледуе у тым ліку і геапалітычныя мэты», – лічыць нямецкая газета Der Tagesspiegel.

«ЗША набіраюць міжнародны палітычны капітал для «сістэмнага канфлікту» з Кітаем. Як і Расея, Кітай выкарыстоўвае пандэмію для свайго роду «вакцыны дыпламатыі». У адрозненне ад ЗША, Кітай экспартуе частку вакцын сваіх вытворцаў Sinovac і Sinopharm – часцяком з гучнай і эфектнай шуміхай. Выступаючы за адмену патэнтаў, ЗША дэманструюць салідарнасць з больш беднымі краінамі (не ў апошнюю чаргу з дзяржавамі афрыканскага кантынента), якія з’яўляюцца часткай новага кітайскага ядвабнага шляху здароўя. Для ЗША гэта таксама магчымасць паглыбіць адносіны з Індыяй, якая, дарэчы, ужо падала заяўку», – падкрэслівае нямецкае выданне.

Беларускае Радыё Рацыя