Агляд прэсы: падрыхтоўка да ўдару



Расейскія вучэнні ў Беларусі – нагода для засцярогаў у Польшчы. Вайна на Украіне можа мець каласальныя наступствы. У Францыі кніга аб сітуацыі ў дамах састарэлых выклікала шок. Падрабязнасці свежых матэрыялаў замежнай прэсы даведаемся ў аглядзе Вольгі Сямашкі.

«Мэта сумесных ваенных расейска-беларускіх вучэнняў «Саюзная рашучасць — 2022», якія пройдуць на тэрыторыі Беларусі, у тым, каб напалохаць не толькі Украіну, але і Польшчу», – упэўнена польская газета Polityka і звяртае ўвагу на тое, што, нягледзячы на сяброўства ў НАТО, у Варшаве ёсць чаго баяцца, нават чыста тэарэтычна.

«Расея і Беларусь зноўку праводзяць вучэнні, якія ў тэорыі павінны абараніць іх ад Захаду, але на практыцы гэта можа быць падрыхтоўка да нападу на захад ці поўдзень Украіны з тэрыторыі Беларусі. Карты і кодавыя назвы вучэнняў «Саюзная рашучасць – 2022» дзіўна падобныя з тымі, якія выкарыстоўваліся менш за паўгады таму ў рамках вучэнняў «Захад». Фантазіі генералаў Лукашэнкі выглядаюць куды больш сур’ёзна, калі мы разумеем, што прыдуманы напад на тэрыторыю Беларусі сустракае самая сапраўдная і самая шматлікая ў гісторыі гэтай краіны ўдарная групоўка расейскага войска»,- адзначаецца ў матэрыяле.

«У распараджэнні Беларусі ўжо знаходзіцца траціна ці чвэрць усіх сіл, якія Пуцін можа выкарыстоўваць для ўварвання на Украіну. Нам зноў давядзецца мець справу з падрыхтоўкай наступу на Вільню, Беласток, Цэнтральную Польшчу і Варшаву, а новым кірункам будзе Кіеў. Усё гэта пры ўдзеле значна большых сіл, чым тыя, якія Саюзная дзяржава Расеі і Беларусі задзейнічала ў рамках «Захаду», – б’е трывогу польскае выданне і заклікае ўмацаваць трыкутнік Беласток – Варшава – Люблін.

«Рэдка калі ў вобласці чалавечых канфліктаў гэтак шматлікае залежыць ад капрызаў аднаго-адзінага чалавека. Ці збіраецца Пуцін уварвацца на Украіну, на межах з якой сканцэнтравана вялікая колькасць расейскіх войскаў? Ці ён блефуе дзеля саступак ад суседняй краіны і Захаду? У намерах спадара Пуціна не можа быць упэўнены ніхто. Нават яго ўласны міністр замежных спраў, здаецца, усё яшчэ губляецца ў здагадках. Але калі баявым дзеянням наканавана пачацца, свет павінен ведаць, якія расклад і стаўкі», – ацэньвае расейскую пагрозу для Украіны брытанская газета The Economist.

«Магчыма, Пуцін хоча малой вайны, падчас якой Расея нібыта „выратуе” сепаратыстаў на Данбасе, якія падтрымліваюцца Крамлём, ад зверстваў Украіны, а заадно прыслабіць узброеныя сілы апошняй. Пуцін валодае ініцыятывай і, як лёгка здагадацца, перавагай. На справе ж ён стаіць перад небяспечным выбарам. Вялікая вайна цягне надзвычайныя рызыкі, а малая іх хоць і абмяжуе, але можа не спыніць украінскі дрэйф у бок Захаду. Паўнавартаснае расейскае ўварванне стане найбуйнейшай вайной у Еўропе з 1940-х і першым з тых часоў звяржэннем дэмакратычна абранага еўрапейскага ўрада замежным захопнікам. Рускія не толькі панясуць цяжкія страты, асабліва падчас зацягнутых хваляванняў, але і стануць прычынай гібелі незлічонай колькасці ўкраінцаў – братоў-славян, з якімі многіх звязваюць шчыльныя сувязі», – папярэджвае брытанскае выданне.

Публікацыя расследавання аб умовах жыцця ў дамах састарэлых вылілася ў Францыі ў гучны скандал: у сваёй кнізе Les Fossoyeurs (Грабакопы) журналіст Віктар Кастэне распавядае аб тым, што канцэрн Orpea у мэтах павелічэння прыбытку эканоміць на гігіенічным і медыцычным абслугоўванні сваіх падапечных. Нацыянальная прэса патрабуе зрабіць належныя высновы і пакараць вінаватых.

Улады павінныя нарэшце ўшчыльную ўзяцца за гэтую праблему», – заклікае французская газета Le Monde.

«Магчымыя два варыянты: альбо выдаткі кладуцца на плечы грамадства, што зніжае фінансавую нагрузку на сем’і, гарантуючы пры гэтым больш высокую якасць паслуг. Палітычна гэтае рашэнне абмежавана тым, што патрабуе павелічэння адлічэнняў на сацыяльнае забеспячэнне. Другі варыянт: па-ранейшаму аддаваць гэтую задачу на водкуп заточанаму на прыбыткі прыватнаму сектару, які бярэ за працу больш, але пры гэтым няздольны гарантаваць больш якасныя паслугі. Да таго ж гэтая праца яшчэ і часткова фінансуецца з дзяржаўнай казны, прычым дастаткова бескантрольна. Тэму догляду пажылых і нямоглых яшчэ не позна ўключыць у парадак дня прэзідэнцкай кампаніі», – заклікае французскае выданне.

Вось ужо на працягу некалькіх месяцаў цэны на газ і электрычнасць у краінах Еўропы бесперапынна растуць. Тарыфы ўжо на траціну вышэй за ўзровень папярэдняга году; сёлета чакаецца далейшае павышэнне. Для насельніцтва гэта азначае дадатковыя фінансавыя цяжкасці, тым больш, што з-за інфляцыі растуць і цэны на прадукты харчавання. Еўрапейская прэса паказвае на магчымыя сацыяльныя наступствы і разважае пра энергетычныя альтэрнатывы.

Па меркаванні латвійскай газеты Diena, на фоне росту коштаў на энерганосьбіты мае сэнс задумацца аб будаўніцтве новай АЭС.

«З цягам часу энергетычныя ўмовы перажываюць змены, тэхналогіі развіваюцца, а страхі прыбалтыйскіх краін перад выкарыстаннем атамнай энергіі паступова сыходзяць, бо падрасло пакаленне, для якога Чарнобыльская катастрофа 1986 году – справы даўно мінулых дзён. Таму ідэя пабудаваць у найбліжэйшыя гады ў Прыбалтыцы атамную электрастанцыю ўжо не гучыць як утопія – гэта цалкам рэальная перспектыва. Як паказвае гісторыя з няздзейсненым праектам Вісагінскай АЭС, не варта наіўна спадзявацца на тое, што такія грандыёзныя праекты могуць быць рэалізаваны ў найкарацейшыя тэрміны і зусім беспраблемна. У любым выпадку – на шляху да энергетычнай незалежнасці нас чакае вельмі цікавы час», – піша латвійскае выданне.

Агляд сусветнай прэсы падрыхтавала Вольга Сямашка

[manual_related_posts]