Агляд прэсы: падвойны шах



У Беларусі пацверджаны ракетны дывізіён. Расея забараніла вяшчанне Deutsche Welle. Канфлікт вакол кар’ера ў Тураве: знойдзены кампраміс. Падрабязнасці свежых матэрыялаў замежнай прэсы даведаемся ў аглядзе Вольгі Сямашкі.

«На працягу апошняга тыдня нарошчванне расейскіх войскаў каля Украіны і ў Крыме працягвалася стабільнымі тэмпамі. У Беларусі DFRLab адзначыла прыбыццё ў Гомельскую вобласць з Усходняй ваеннай акругі 69-й брыгады прыкрыцця і 101-й брыгады тылавога забеспячэння. 3 лютага DFRLab пацвердзіла прыбыццё 2-га ракетнага дывізіёна С-400 «Трыумф» у Беларусь на станцыю Лунінец у 50 кіламетрах ад украінскай мяжы. Гэта першы раз, калі DFRLab назірае С-400 на тэрыторыі Беларусі», – паведамляе амерыканскае выданне Atlantic Council.

«Тым часам у Гомельскую вобласць прыбыло абсталяванне для пераправы праз рэкі, уключаючы пантонныя масты і дэсантныя транспартныя сродкі, якія накіраваліся з Гомеля ў напрамку Рэчыцы, прыкладна ў шасцідзесяці кіламетрах ад мяжы з Украінай і ў трохстах кіламетрах на поўнач ад Кіева. Гэта выклікае заклапочанасць, паколькі Расея можа выкарыстоўваць гэтую тэхніку ў наступальных аперацыях у затопленых рэкамі раёнах на поўнач ад Кіева, у тым ліку на Дняпры, які ўтварае натуральную мяжу паміж Украінай і Беларуссю. 

Таксама ў Гомельскай вобласці была заўважаная сістэма радыёэлектроннай барацьбы (РЭБ) «Красуха-4», якая можа быць выкарыстана для перашкоды самалётам ранняга папярэджання і выведкі, у тым ліку самалётам НАТО, якія цяпер дзейнічаюць на тэрыторыі Украіны і збіраюць інфармацыю пра нарошчванне сіл. Асобнае выяўлена абсталяванне для перашкоды радыё- і сотавым сігналам – «Леер-3». Характэрна, што Расея выкарыстала яго ў мінулым, шляхам адпраўкі дэмаралізуючых тэкставых паведамленняў украінскім салдатам у палявых умовах. За апошнія некалькі тыдняў былі заўважаныя некалькі цягнікоў з бронетэхнікай «Барысаглебск-2», якія здольныя кантраляваць сігналы праціўніка і перашкаджаць ім. Тым часам 200-я мотастралковая брыгада Паўночнага флоту Расеі рушыла на поўдзень з Мурманскай вобласці ў невядомае на дадзены момант месца. На гэтым тыдні таксама адбылася мабілізацыя падраздзяленняў Расгвардыі па ўсёй Расеі, у тым ліку палка Кадырава з Чачэніі, на агульным напрамку да Украіны. Расейская нацгвардыя можа служыць для ўтрымання тэрыторыі ў выпадку ўварвання. Акрамя гэтага эксперты паведамляюць пра павялічэнне расейскіх вайскоўцаў у Беларусі з 5 да 30 тысяч», – папярэджвае амерыканскае выданне.

Расейскія ўлады забаранілі вяшчанне ў краіне нямецкай тэлерадыёкампаніі Deutsche Welle. Кампанію пазбавілі акрэдытацыі і абавязалі закрыць свае офісы ў Расеі. Гэты крок лічыцца люстраной мерай у адказ на рашэнне германскага рэгулятара ўвесці забарону на вяшчанне RT DE. Як заявіла Камісія па допуску і наглядзе за СМІ, кампанія RT DE «не прад’явіла прававога допуску». Кампанія спасылалася на наяўнасць у яе ліцэнзіі на вяшчанне з Сербіі.

«Геманіі не варта рабіць выгляд, быццам яе заспелі знянацку», – піша расейская газета РИА Новости.

«Гэта нельга назваць вераломным нападам. Васемнаццатага студзеня гэтага года, падчас візіту міністра замежных спраў ФРГ Ганалены Бэрбак у Маскву, на Смаленскай плошчы ёй было абвешчана, што справа ідзе да люстраных мераў: «як вы з RT DE, так і мы з DW». На тое, каб вызначыцца, было дадзена два тыдні, пасля чаго абяцанне было выканана. Наогул кажучы, мастацтва дыпламата заключаецца ў тым, каб ацаніць сур’ёзнасць заклапочанасці, якую выказвае партнёр, і гатоўнасць яго да рашучых дзеянняў. Бо адна справа – праяўляць непахісную, але ўсвядомленую рашучасць на фоне ясных папярэджанняў, і іншая справа – няправільна ацаніць ступень заклапочанасці суразмоўцы», – гіранізуе расейскае выданне.

Варшава і Прага дасягнулі згоды ў канфлікце вакол вугальнага кар’ера ў польскім Тураве, размешчаным на мяжы трох дзяржаў – Польшчы, Чэхіі і Германіі. Раней Еўрапейскі суд пацвердзіў пазіцыю Чэхіі, якая ўказвае на тое, што здабыча вугалю і праца тураўскай ЦЭЦ наносяць шкоду экалогіі бліжэйшых раёнаў. Дасягнуты кампраміс заключаецца ў тым, што кар’ер працягне сваю працу, але з некаторымі абмежаваннямі. Польшча выплаціць Чэхіі кампенсацыю, а тая ў адказ адкліча свой пазоў супраць Варшавы.

Чэшскае выданне Hospodářské noviny хваліць чэшскі бок за праяўленую цвёрдасць.

«Польшча абавязалася пабудаваць загараджальныя канструкцыі для таго, каб заступіць шлях грунтавым водам з чэшскага боку, а таксама выплаціць 45 мільёнаў эўра кампенсацыі. У канфлікце вакол Турава Польшча – прайграўшы бок, і галоўным чынам па ўласнай віне. На працягу многіх гадоў Польшча ігнаравала спробы чэшскага боку наладзіць перагаворны працэс, затым не здолела адэкватна адрэагаваць на пададзены пазоў, і нават спрабавала перайграць чэшскае кіраўніцтва. У канчатковым выніку Варшава, можа, і зэканоміла пяць мільёнаў эўра кампенсацый, аднак пакуль застаецца невядомым, ці не давядзецца ёй выплачваць Еўразвязу штраф, які шматкроць іх перавышае», – адзначае чэшскае выданне.

У Пекіне пачаліся Зімовыя Алімпійскія гульні 2022. З прычыны пандэміі каронавіруса спаборніцтвы будуць збольшага праходзіць без гледачоў. На трыбуне для ганаровых гасцей будуць прысутнічаць у асноўным прадстаўнікі аўтарытарных дзяржаў, і адна з самых прыкметных тут – Уладзімір Пуцін. 

Эстонская газета Eesti Päevaleht баіцца, што Алімпіяда ў Кітаі расчаруе і спартоўцаў.

«Гэта будзе асаблівая Алімпіяда, і, верагодна, не ў станоўчым сэнсе слова. У спартовым стаўленні Пекіну тут не атрымаць поспех: занадта шмат спартоўцаў змушаныя прапусціць гульні з-за дадатнага тэсту на каронавірус або блізкага кантакту з заражаным. Прыемна, што палітычныя байкоты не прывялі да далейшага скарачэння колькасці ўдзельнікаў спаборніцтваў. Дыпламатычны байкот – гэта тлумачальнае рашэнне: спартоўцам дазволена прымаць удзел, у той час як лідэры многіх дзяржаў на гульнях прысутнічаць не будуць з прычыны парушэнняў у сферы правоў чалавека ў Кітаі. Яшчэ лепш было б, калі б аўтакратыі, небяспечныя для сваіх грамадзян ці іншых краін, увогуле не дапускаліся б да правядзення гульняў», – прапануе эстонскае выданне.

Агляд сусветнай прэсы падрыхтавала Вольга Сямашка

[manual_related_posts]