Агляд прэсы: пафас і рэальнасць



Беларусь распрацоўвае размяшчэнне пунктаў прыёму мабілізаваных. Макрон, Шольц і Драгі прыехалі на сустрэчу з Зяленскім. Cпрэчка вакол Паўночнай Ірландыі: ЕЗ мае намер падаць позву. У Пецярбурзе адкрыўся міжнародны эканамічны форум. Падрабязнасці свежых матэрыялаў замежнай прэсы ў аглядзе Вольгі Сямашкі.

«У Беларусі адпрацоўваецца разгортванне пунктаў прыёму мабілізаваных.

Пра гэта ў Фэйсбуку паведаміў Генштаб Узброеных сіл Украіны», – перадае агенцтва Украінскія навіны.

«На Валынскім і Палескім напрамках у рамках праверкі баявой гатоўнасці ў адной з механізаваных брыгад Рэспублікі Беларусь адпрацавана разгортванне пунктаў прыёму мабілізацыйных рэсурсаў з практычным прыёмам ваеннаабавязаных. На Сіверскім напрамку праціўнік у мэтах дэманстрацыі прысутнасці і стрымлівання дзеянняў падраздзяленняў войскаў абароны працягвае ўтрымліваць падраздзяленні Узброеных Сіл Расейскай Федэрацыі з Заходняй ваеннай акругі ў памежных раёнах Бранска і Курска. Праціўнік вёў артылерыйскія абстрэлы пазіцый Узброеных сіл Украіны ў раёнах населеных пунктаў Лявонаўка і Бачэўск. Таксама Беларусь павялічыла колькасць Узброеных сіл для ўмацавання мяжы да 7 батальёнаў. У Гомельскай вобласці Беларусі, непадалёк ад мяжы з Украінай, быў заўважаны эшалон гаўбіц. Сярод іх новыя самаходныя ўстаноўкі «Акацыя». У Беларусі праводзяцца масіраваныя ваенныя трэніроўкі і вучэнні, дзе практыкуецца «пераход з мірнага часу ў ваенны», – працягвае сачыць за сітуацыяй у Беларусі украінскае інфармацыйнае выданне.

***

Канцлер ФРГ Олаф Шольц, прэзідэнт Францыі Эманюэль Макрон і прэм’ер-міністр Італіі Марыё Драгі прыбылі ў Кіеў. У адрас прэзідэнта Францыі і канцлера Германіі ўжо не раз гучала крытыка з-за іх стаўлення да Пуціна. Ці будзе сэнс ад цяперашняга візіту?

«Гэта – пахвальная ініцыятыва, але, на жаль, яна абсалютна бескарысная», – піша італьянская газета La Stampa.

«Канец гэтай фазы вайны не будзе вырашацца еўрапейцамі з таго ці іншага боку. Гэта адбудзецца толькі ў выніку прамога дыялогу паміж ЗША і Расеяй. Пакуль можна назіраць толькі некаторую стомленасць ад вайны з амерыканскага боку і гэтак жа відавочнае нахабства з боку Расеі, якая плануе выйсці далёка за межы Данбаса. Адно можна сказаць напэўна: гэты канфлікт настолькі глыбокі, што ў любы момант можа дасягнуць некіравальных маштабаў. Балюча думаць, што мы мала што ў стане з гэтым зрабіць. Але яшчэ больш балюча, калі мы думаем, быццам нешта вырашаем у гэтай гульні», – папярэджвае італьянскае выданне.

***

Брусель мае намер прыняць меры супраць законапраекта, прадстаўленага ўрадам Вялікабрытаніі, пры дапамозе якога тая мае намер абысці палажэнні пратакола па Паўночнай Ірландыі. Намеснік старшыні Еўракамісіі Марош Шафчовіч назваў планы Лондана незаконнымі і аб’явіў пра тое, што ў дачыненні да Вялікабрытаніі будуць пачаты два новыя санкцыйныя працэсы па абвінавачанні ў парушэнні дамоваў. Акрамя таго, плануецца аднавіць ужо раней пачаты разбор. У выніку Лондану можа пагражаць пазоў у Еўрапейскім судзе і буйны штраф.

«Гэты брытанскі ўрад разумее толькі рэзкі тон», – піша аўстрыйская газета Kleine Zeitung.

«Еўракамісія пускае ў хаду і пугу, і пернік. З аднаго боку, яна зноў актывавала даўні, але вялацякучы працэс пра парушэнне дамовы ў дачыненні да Вялікабрытаніі. І вось-вось ініцыюе яшчэ два працэсы! У той самы час ЕЗ прадставіў пакет мер, пры дапамозе якіх можна было б яшчэ больш спрасціць рэалізацыю пратакола. Віцэ-старшыня Еўракамісіі Шафчовіч не выпадкова памахаў у паветры паперкай з парай лічбаў: брытанскі наратыў пра тое, што нават з-за аднаго-адзінага грузавіка даводзіцца запускаць вялізны бюракратычны апарат, не адпавядае рэчаіснасці: цалкам дастаткова і трох старонак! Проста ў галаве не ўкладваецца, як легкадумна Борыс Джонсан і яго асяроддзе гатовыя паставіць на кон свой уласны аўтарытэт і давер да сябе асабіста», – падкрэслівае аўстрыйскае выданне.

***

У паўночнай сталіцы Расеі гэтымі днямі праходзіць Пецярбургскі міжнародны эканамічны форум. Прадстаўнікоў палітычных і дзелавых колаў з краін Захаду, якія наклалі санкцыі на Расею, на мерапрыемстве амаль не назіраецца, але затое прыбылі дэлегаты з больш чым сарака іншых краін. Ажыятаж выклікала дэлегацыя з Афганістана, бо Талібан афіцыйна лічыцца ў Расеі тэрарыстычнай арганізацыяй.

«Эканамічнае становішча Расеі далёка не такое радаснае, як тое спрабуе прадставіць Пуцін», – адзначае славацкая газета Új Szó.

«Палітычнае кіраўніцтва Расеі спрабуе супакоіць насельніцтва запэўненнямі ў тым, што краіна, маўляў, лёгка перажыве заходнія эканамічныя санкцыі, дзякуючы супрацоўніцтву з партнёрамі на ўсходзе. Але ж адна справа, калі Кітай і Індыя танна купляюць расейскія нафту і газ, і зусім іншае, калі яны не хочуць ці не могуць даць Расеі тэхналогіі, якіх той не хапае з прычыны санкцый. Дапамагчы тут мог бы перш за ўсё Кітай, але кітайскае палітычнае кіраўніцтва спрабуе асцярожна лавіраваць паміж Расеяй і Захадам, паколькі з апошнім Кітай звязваюць вельмі важныя для яго эканамічныя адносіны», – піша славацкае выданне.

Агляд сусветнай прэсы падрыхтавала Вольга Сямашка.

[manual_related_posts]