Агляд прэсы: паглыбленне праблемы



Беларусь рыхтуецца да наступу? Ці варта нейтральнай дзяржавы адмаўляцца ад нейтралітэту? Нідэрланды: ці рэальны хуткі энергапераход? Падрабязнасці свежых матэрыялаў замежнай прэсы даведаемся ў аглядзе Вольгі Сямашкі.

«З дадзеных выведкі стала вядома, што на тэрыторыі Беларусі на некалькіх палігонах разгорнуты два ракетныя дывізіёны тактычнага ракетнага комплексу «Кропка-У» і дывізіён рэактыўнай сістэмы залпавага агню «Смерч» нібыта для ваеннай падрыхтоўкі», – піша брытанскае выданне The Times Hub.

«Вядома, што ў перыяд з 22 чэрвеня па 1 ліпеня бягучага года ў Гомельскай вобласці плануецца правядзенне збораў з прыцягненнем ваеннаабавязаных».

Акрамя таго, варта нагадаць, што на валынскім і палескім напрамках падраздзяленні Узброеных сіл Рэспублікі Беларусь сканцэнтравалі да сямі батальёнаў, якія нібыта выконваюць задачы па прыкрыцці ўчастка ўкраінска-беларускай мяжы. Таксама існуе пастаянная пагроза ракетна-бомбавых удараў і артылерыйскіх абстрэлаў з тэрыторыі Беларусі. Жыхары Гомельскай вобласці паведамляюць, што на аўтадарозе Гомель — Чарнігаў у двух кіламетрах ад мяжы з Украінай устаноўлены парапеты і бронетранспарцёры; самазвалы насыпалі пясок; там таксама паставілі блокпосты, бетонныя блокі, каб можна было прайсці толькі «змейкай». Акрамя таго, у бок мяжы супрацоўнікі ДАІ правяраюць дакументы ў тых, хто едзе ў памежныя з Беларуссю вёскі. У беларускіх дзяржаўных СМІ, як і ў расейскіх СМІ, распаўсюджваюцца наратывы пра магчымыя пагрозы з боку Украіны і краін NATO. Самаабвешчаны прэзідэнт Лукашэнка заявіў, што Беларусь дапамагае Расеі, ратуючы параненых акупантаў у беларускіх шпіталях. А потым ён заявіць, што дапамагае Расеі выратаваць Украіну ад нацыстаў», – прагназуе брытанскае выданне.

Рашэнне Швецыі і Фінляндыі ўступіць у NATO выклікала ў Аўстрыі і Швейцарыі дыскусіі аб тым, ці не варта ім рушыць услед прыкладу Стакгольма і Хельсінкі. Паводле вынікаў апытання, праведзенага аўстрыйскім Інстытутам дэмаскапіі і аналізу звестак, 75 працэнтаў грамадзян краіны па-ранейшаму выступаюць супраць далучэння да Паўночнаатлантычнага альянсу. Прэса, тым не менш, лічыць, што тут ёсць над чым паразважаць.

Французская газета La Tribune дае наступны каментар.

«Незалежна ад таго, чым абумоўленае нечленства ў NATO – уласным добраахвотным рашэннем, як гэта было ў выпадку Аўстрыі, Ірландыі і гэтак далей, ці ж адмовай у такім з боку самога NATO, як тое мае месца ў выпадку Украіны, Грузіі і Малдавіі, – сёння толькі сяброўства ў альянсе лічыцца надзейнай гарантыяй бяспекі. У бліжэйшы час усе дзяржавы еўрапейскага рэгіёна ў шырокім сэнсе слова будуць вымушаны прыняць рашэнне. Гэта азначае, што Еўропа больш не зможа заставацца нэўтральнай. Гэта таксама азначае знікненне якіх б там ні было буферных зон, а таксама неадназначных або балансуючых пазіцый. Адзін за адным утвараюцца новыя ваенныя саюзы, а гэта вядзе да таго, што па Еўропе пройдзе размежавальная франтавая лінія – прычым надоўга», – адзначае французскае выданне.

Урад Нідэрландаў мае намер да 2026 года забараніць ацяпляльныя сістэмы, якія працуюць на выкапнёвым паліве, і пачаць субсідаваць укараненне цеплавых помпаў. Адной з прычын з’яўлення новых планаў з’яўляецца вайна ва Украіне і рашэнне Еўропы пераадолець залежнасць ад расейскіх энерганосьбітаў. Ці пройдзе змена парадыгмы лёгка і бязбольна? Нацыянальная прэса настроена скептычна.

«На практыцы пераход да чыстай энергіі – не такі і просты працэс», – адзначае нідэрландская газета De Telegraaf.

«Выкарыстоўваючы сонечныя калектары, можна не толькі пакрываць уласныя патрэбы ў электраэнергіі, але і самастойна пастаўляць электраэнергію ў сетку – пры дастатковай колькасці сонечнага святла. Але гэта ў тэорыі, а на практыцы ўсё выглядае інакш. Чаму? Справа ў тым, што ва ўмовах бесперапыннага струменя сонечнага святла напруга электрасеткі ў раёнах са састарэлай інфраструктурай становіцца занадта высокім, – і тады сістэма бяспекі адключае сонечныя батарэі. Якая ганьба! Калі дзяржава жадае, каб грамадзяне пераходзілі на экалагічна чыстую электрычнасць, то яна павінна забяспечыць наяўнасць бесперабойна працуючай энергасеткі», – заклікае нідэрландскае выданне.

Пагроза голаду расце ў сусветным маштабе : паводле дадзеных ААН, усяго за два гады колькасць людзей, якія адчуваюць востры недахоп прадуктаў харчавання, павысілася амаль да 300 мільёнаў. Вайна ва Украіне сур’ёзна абвастрыла сітуацыю, у тым ліку і таму, што Расея блакуе экспарт украінскага збожжа.

«Замест таго, каб абяцаць Расеі змякчэнне санкцый у абмен на зняцце блакады з украінскіх партоў, лепш было б падумаць аб альтэрнатыўных шляхах вывазу экспартнай прадукцыі», – лічыць літоўская газета Verslo žinios.

«З маральнага пункту гледжання падобную здзелку нельга было б апраўдаць: агрэсар павінен быць пакараны за свае дзеянні, і ў гэтым плане санкцыі – адзін з найбольш эфектыўных сродкаў уздзеяння. Менавіта таму іх нельга змякчаць. Вядома, марскія перавозкі – найболей танны і эфектыўны шлях у плане лагістыкі. Аднак зерне цалкам можна было б вывозіць і па чыгунцы – праз Польшчу, Малдавію ці Румынію. Няхай гэта больш складаны, доўгі і – перш за ўсё – дарагі шлях, але тут частку выдаткаў мог бы ўзяць на сябе Захад», – падкрэслівае літоўскае выданне.

Агляд сусветнай прэсы падрыхтавала Вольга Сямашка.

Беларускае Радыё Рацыя

[manual_related_posts]