Агляд прэсы: пагрозы і супраца



Якое становішча Беларусі ў супрацьстаянні Расея-Захад? Крызіс вакол Украіны: як разрадзіць абстаноўку? Швейцарцы выступілі супраць субсідый для СМІ. Падрабязнасці свежых матэрыялаў замежнай прэсы даведаемся ў аглядзе Вольгі Сямашкі.

«Калі калісьці былі спекуляцыі наконт таго, як будзе дзейнічаць Лукашэнка ў выпадку буйнога рэгіянальнага канфлікту, то гэта ўжо не так. Беларуская тэрыторыя – гэта проста плацдарм для расейскай арміі, і ступень пагрозы з боку Беларусі вызначаецца толькі адным фактарам: наколькі Крэмль жадае ўступіць у вайну», – адзначае расейскае выданне Carnegie Moscow.

Выданне падкрэслівае, што пакуль Расея спрабуе прымусіць Злучаныя Штаты пайсці на саступкі адносна гарантый бяспекі, акружаючы Украіну войскамі, Беларусь, у сілу геаграфіі, стала адным з франтоў у гэтым беспрэцэдэнтным прыступе бразгання шаблямі.

«Лукашэнка адыграў ва ўсім гэтым больш, чым паходную ролю, і робіць выгляд, што сам ініцыяваў сумесныя манеўры. Ваенныя вучэнні ілюструюць новую ролю Менска ў рэгіёне і паказваюць, наколькі далёка падзеі адышлі ад мараў беларускіх чыноўнікаў, якія толькі пару гадоў таму называлі Беларусь «ўсходнееўрапейскай Швейцарыяй». Беларуская тэрыторыя зараз – гэта проста плацдарм для расейскай арміі.

«Разумеючы гэта, Вашынгтон пачаў здзекавацца з Лкукашэнкі: ананімны чыноўнік Дзярждэпартамента паведаміў СМІ, што беларускі дыктатар больш не кантралюе сітуацыю. Гэта выглядае як спроба прымусіць Лукашэнку праявіць нейкую незалежнасць. Калі б вайна і пачалася, малаверагодна, што беларуская армія ўдзельнічала б у баях. Адзіным выключэннем будзе апакаліптычная выпадковасць, калі пасля расейскіх удараў па Украіне з беларускай тэрыторыі Украіна нанесла контрудар па Беларусі або накіравала партызанскія атрады ў Беларусь і забівала б беларускіх салдат або мірных жыхароў», – піша расейскае выданне.

ЗША папярэджваюць аб магчымасці нагнятання сітуацыі вакол Украіны, і, на думку Вашынгтона, яна можа здарыцца яшчэ да заканчэння Алімпійскіх гульняў. Хаця называюцца і дні – 19 і 20 лютага. У гэтыя выходныя не змаўкалі ўрадавыя тэлефоны паміж Масквой, Вашынгтонам, Парыжам, Берлінам і Кіевам. Тым не менш, шэраг дзяржаў заклікалі сваіх грамадзян пакінуць тэрыторыю Украіны. Бізнэс-эліта Украіны таксама пачынае пакідаць тэрыторыю краіны на прыватных самалётах. Аглядальнікі заклікаюць адмовіцца ад ваяўнічай рыторыкі і раяць Захаду змяніць сваю стратэгію.

Нямецкая газета Deutschlandfunk крытыкуе заклік Байдэна да амерыканскіх грамадзян пакінуць Украіну і лічыць яго памылкай, якая багата непажаданымі наступствамі.

«Калі ва Украіне пачне распаўсюджвацца паніка, дык гэта толькі згуляе на руку Пуціну. Каму прыйдзе ў галаву інвеставаць у краіну, якая знаходзіцца на мяжы ўварвання звонку? Заходнія журналісты распавядаюць аб бункерах у Кіеве, замест таго каб, да прыкладу, паведаміць аб поспехах украінскай сельскай гаспадаркі, якая сабрала рэкордны ўраджай збожжа, ад якога як імпарцёр выйграе і Нямеччына. Украіне пагражае небяспека таго, што яна будзе прылічана да зоны рызыкі. Крэмль вяршыць палітыку, сеючы страх, як у сябе ў краіне, так і за мяжой. Да гэтага часу ўкраінцы супрацьстаялі гэтай пагрозе з дзіўным вытрымкай, але калі сітуацыя зменіцца, то Пуцін можа выйграць вайну, нават яе не пачынаючы», – папярэджвае нямецкае выданне.

Каля 55 працэнтаў швейцарцаў прагаласавалі супраць новага закона аб фінансаванні СМІ. Пакет дапамогі павінен быў складаць 151 мільён швейцарскіх франкаў у год (гэта каля 144 мільёнаў еўра) з мэтай дапамогі прыватным медыя. За прыняцце закона агітавалі левыя партыі, а супраць яго выступалі кансерватары і правыя папулісты са Швейцарскай народнай партыі. СМІ краіны таксама раздзяліліся ў сваёй рэакцыі.

На думку швейцарскай газеты Neue Zürcher Zeitung, субсідаванне СМІ – ідэя вельмі сумнеўная з палітычнага пункту гледжання, а таму вынік рэферэндуму можна толькі вітаць.

«Рашэнне адмовіць СМІ ў дадатковай фінансавай дапамозе цалкам можа быць рэакцыяй на працу гэтых СМІ у перыяд пандэміі. За апошнія два гады давер да сродкаў масавай інфармацыі быў падвергнуты выпрабаванню, а іх відавочная блізкасць да дзяржавы і, як нам зараз стала вядома, спушчанае зверху ўказанне прытрымлівацца ўрадавай лініі, чаму падпарадкаваўся шэраг медыя, напэўна ўсё гэта і пахіснула давер многіх грамадзян да чацвёртай улады», – канстатуе швейцарскае выданне.

З 5 лютага ў Аўстрыі дзейнічае закон аб абавязковай вакцынацыі. Уплывовыя ў краіне кіраўнікі земляў заклікаюць урад у Вене адмяніць новаўвядзенне. Канцлер Карл Нехамер ужо гатовы пайсці насустрач, паколькі, мяркуючы па ўсім, амікрон не выклікае такога цяжкага праходжання хваробы, якім адрозніваліся папярэднія варыянты каранавіруса. Цяпер канчатковае рашэнне будзе прымаць экспертная камісія.

«Абавязковая вакцынацыя з розыгрышам прызоў – часовае задавальненне», – канстатуе аўстрыйская газета Kleine Zeitung.

«Усяго толькі праз тыдзень пасля ўступлення ў сілу закона аб абавязковай вакцынацыі федэральны канцлер Карл Нехамер ужо падбірае аргументы на карысць яго адмены. Нават ён больш не выключае магчымасці таго, што абавязковая вакцынацыя будзе спынена. Дарэчы, розыгрыш прызоў сярод асобаў, якія вырашыліся на прышчэпку, пра які ўспомнілі літаральна перад прыняццем рашэння ў парламенце, таксама адмяняецца. Па задуме аўтараў гэтай абсурднай задумы, латарэя павінна была прымірыць насельніцтва з увядзеннем абавязковай вакцынацыі, а тая ў сваю чаргу – прадухіліць чацвёрты локдаўн. Аднак у канчатковым выніку ні латарэя, ні вакцынацыя не спатрэбіліся ў якасці супакаення, хутчэй наадварот: выклікалі толькі раздражненне і кпіны», – гіранізуе аўстрыйскае выданне.

Агляд сусветнай прэсы падрыхтавала Вольга Сямашка.

Беларускае Радыё Рацыя

[manual_related_posts]