Агляд прэсы: паказальныя гульні
Захад павінен быць гатовы да прымусу Беларусі. Кааліцыя «светлафору» у Нямеччыне – якая рэакцыя Еўропы? Ці рэальна новае ўварванне Расеі ва Украіну?
Падрабязнасці свежых матэрыялаў замежнай прэсы даведаемся ў аглядзе Вольгі Сямашкі:
–«Крызіс з мігрантамі ў Беларусі перарос у крызіс для еўрапейскай бяспекі. Рэжым беларускага дыктатара Аляксандра Лукашэнкі гвалтоўна выцясняе мігрантаў у Еўрапейскі Звяз і, магчыма, гатовы прыняць прысутнасць расейскіх войскаў, якія могуць пагражаць найбольш уразлівай тэрыторыі НАТО. Каб прадухіліць нарастанне канфлікту, Захад павінен перавярнуць ігральны стол супраць рэжыму Лукашэнкі і задзейнічаць рэальныя пагрозы, каб прымусіць яго да дээскалацыі канфлікту», – піша амерыканская выданне The National Interest.
Выданне падкрэслівае, што рэжым Лукашэнкі відавочна падвысіў стаўкі. Калі раней ён толькі захопліваў самалёт і забіў дысідэнта ва Украіне, то цяпер яго балансаванне на мяжы вайны звязана з пагрозамі для «шэрай зоны» тэрыторыі Захаду, у тым ліку пагрозай узброенай эскалацыі на польска-беларускай мяжы. «Перад заходняй знешняй палітыкай самі па сабе паўсталі два найважнейшыя фактары. Першым з’яўляецца тое, што Расея, несумненна, з’яўляецца ключавым гарантам выжывання рэжыму Лукашэнкі. Другі фактар – тое, што рэжым Лукашэнкі, магчыма, дасягнуў высокага балючага парогу ў тым, што тычыцца санкцый. Такі паварот патрабуе з боку Захаду здольнасці да дыпламатычнага манеўру і палітычнага прагматызму. Па-першае – забяспечыць узмацненне рэжыму бяспекі на межах з Беларуссю. Больш за тое, Захад павінен пачаць маштабную дыпламатычную кампанію ў рамках сістэмы ААН, каб падкрэсліць рызыкі, звязаныя з выкарыстаннем «міграцыйнай» зброі.
Захаду трэба быць гатовым спыніць патокі замежных сродкаў, якія паступаюць у Беларусь. Міжнародны валютны фонд (МВФ) у 2021 годзе прадаставіў Беларусі спецыяльныя правы запазычання на 1 мільярд долараў, звязаныя з аднаўленнем пасля пандэміі сovid-19, якія прадастаўляюцца ўсім краінам — членам МВФ. Вашынгтону давядзецца быць галоўным у ціску на МВФ, каб ён адмовіў Беларусі ў фінансаванні. Аднак і іншыя заходнія краіны павінны быць гатовы адназначна падтрымаць Злучаныя Штаты ў гэтым пытанні», – адзначае амерыканскае выданне.
У Нямеччыне новаспечаная ўрадавая кааліцыя «святлафору», у складзе СДПГ («чырвоны»), СвДП («жоўты») і «Зялёных», прадставіла грамадскасці сваю праграму. Сярод іншага, у ёй прадугледжаны такія меры, як падвышэнне мінімальнага ўзроўню аплаты працы і паскораная адмова ад вугальнай энергетыкі. Акрамя таго, пенсійнае страхаванне ў будучыні плануецца фінансаваць таксама за кошт інвестыцый на рынку капіталу.
«Гэты ўрад не правядзе ў краіне такіх неабходных рэформаў», – піша брытанская газета The Spectator.
«Мы прывыклі да клішэ аб тым, што Нямеччына – гэта галоўны волат еўразоны і краіна з самай магутнай эканомікай на кантыненце. Аднак гэтае ўспрыманне ўсё больш аддаляецца ад рэчаіснасці. Нямеччыне пагражае перспектыва ператварыцца ў самую слабую з буйных эканомік Еўразвязу; і тады ўлада немінуча пяройдзе да Парыжу і Рыму. Рана ці позна немцы прагаласуюць за канцлера, які правядзе рэформы ў эканоміцы і верне краіне страчаную дынаміку. Але гэта будзе не Шольц і не кааліцыя светлафору, якую ён сёння прадставіў для грамадскасці. Гэтая кааліцыя асудзіць краіну на рух па крайняй правай паласе сярод ледзь паўзучых наперад», – адзначае брытанскае выданне.
На фоне сцягвання расейскіх войскаў да межаў Украіны, НАТА выказала сваю занепакоенасць з нагоды магчымага расейскага ўварвання ў суседнюю краіну. У адказ Расея вылучыла абвінавачванні ў адрас Кіева: маўляў, украінскія ўлады самі рыхтуюць наступ на Данбас. Украіна гэтыя абвінавачванні абвяргае. Прэса праводзіць гістарычныя паралелі і разважае пра тое, якія магчымасці рэагавання ёсць у Захаду.
На думку італьянскай газеты La Stampa пагроза існуе:
«Яшчэ некалькі месяцаў таму Масква цалкам рацыянальна абрала варыянт пакінуць канфлікт тлець на ўзроўні прапаганды, але не пераводзіць яго ў рэальную плоскасць. Што ж змянілася ў аналізе карысці і рызык? Адказ крыецца ў Крамлі, рызыкі для якога сталі вельмі высокімі: рэйтынг улады падае, эпідэміялагічная сітуацыя прымае катастрафічны характар, інфляцыя зашкальвае. Нягледзячы на гвалтоўнае прыгнечанне іншадумцаў, вельмі шматлікіх ў Расеі, у тым ліку і ўсярэдзіне пуцінскай наменклатуры жадаюць змены верхавіны. Да гэтага часу вайна па адваёўванні былых савецкіх рэспублік нязменна паднімала нізкую папулярнасць лідара: так было ў 2008 з Грузіяй і ў 2014 – з Крымам».
У Грэцыі разгарэліся грамадскія дэбаты вакол рашэння папулярнага грэчаскага акцёра Арыса Серветаліса не выходзіць на сцэну да таго часу, пакуль у залу таксама не будуць дапушчаны непрышчэпленыя гледачы. Канкрэтна гаворка ідзе пра спектакль па п’есе Эжэна Іанэска «Насарог»: Серветаліс іграе ў ім галоўную ролю. Спектаклі ў Афінах адменены.
«У п’есе Серветаліс іграе ролю Беранжэ – адзінага персанажа, які не ператварыўся ў насарога, і тым самым стаў сімвалам барацьбы з канфармізмам. Паралелі напрошваюцца самі сабой», – піша грэчаскае выданне TVXS.
«Крытыкі Серветаліса абрынуць на яго поўныя цэбары абвінавачвання, і будуць рабіць гэта датуль, пакуль не прызнаюць, што насамрэч іх злуе зусім не ягоныя «эгаістычныя» матывы або «непаслядоўнасць» яго пазіцыі, але той факт, што ён не гатовы мірыцца з тым, што непрышчэпленыя гледачы не дапушчаюцца на імпрэзу. Больш за тое, рашэнне акцёра пралівае яркае святло на адвольны і санкцыйны характар забароны, накладзенай на невакцынаваных; меру, якую гэтыя крытыкі, аднак, падтрымліваюць. А ніхто ж не хоча прызнавацца ў тым, што ад душы вітае грамадскі канібалізм, накіраваны супраць пэўнай групы насельніцтва. Ніхто не жадае прызнавацца ў тым, што сам ператварыўся ў насарога!», – адзначае грэчаскае выданне.
Беларускае Радыё Рацыя
