Агляд прэсы: палкі ў колы



Уступленне ў NATO: чаму Анкара супраць? Што абяцае пашырэнне NATO на поўнач? Падрабязнасці свежых матэрыялаў замежнай прэсы даведаемся ў аглядзе Вольгі Сямашкі.

«У Крамлі, мусіць, адчуваецца нейкі дыскамфорт, што, акрамя Беларусі, члены абарончага блока пад кіраўніцтвам Расеі не выказаліся ў падтрымку расейскага ўварвання ва Украіну. Лукашэнка ўскосна звярнуўся да гэтага балючага месца 16 мая, калі, выступаючы на Саміце кіраўнікоў Арганізацыі Дагавора аб калектыўнай бяспецы (АДКБ) пад кіраўніцтвам Расеі ў Маскве, заклікаў усіх членаў ваеннага альянсу быць адзінымі», – піша міжнароднае выданне bne IntelliNews.

«Лукашэнка заявіў, што «пякельных санкцый» супраць Беларусі і Расеі можна было б пазбегнуць, калі б група выступала адзіным голасам. Заўвагі Лукашэнкі, відаць, былі асабліва накіраваныя ў адрас членаў АДКБ, такіх як Казахстан, якія адкрыта не падтрымалі ваенны крок Пуціна па нападзе на Украіну, нягледзячы на тое, што працягваюць падтрымліваць цесныя эканамічныя і палітычныя сувязі з Расеяй. Падчас гвалтоўных грамадзянскіх хваляванняў, якія назіраліся ў Казахстане ў студзені, АДКБ накіравала «міратворчыя» сілы, якія ў асноўным складаюцца з расейскіх войскаў, каб падтрымаць цяперашняга прэзідэнта Казахстана Касыма-Жамарта Такаева, якому, на думку некаторых аналітыкаў, пагражае магчымы пераварот. Таксама на саміце Пуцін заявіў, што АДКБ плануе на восень «серыю сумесных вучэнняў у Казахстане, Кыргызстане і Таджыкістане». Тым часам прэм’ер-міністр Арменіі Нікол Пашынян абвінаваціў іншыя краіны АДКБ у незацікаўленасці ў сваіх абавязацельствах адзін перад адным. Размова ішла аб продажы дзяржавамі АДКБ зброі «недружалюбным» да Арменіі краінам. У выніку гэтая зброя была ўжытая супраць Арменіі і армянскага народа», – піша міжнароднае выданне.

Турцыя пярэчыць прыняццю ў NATO Фінляндыі і Швецыі. Як заявіў прэзідэнт Эрдаган, Анкара не можа падтрымаць уступленне ў шэрагі альянсу краін, якія цярпіма ставяцца да такіх тэрарыстычных арганізацый, як Рабочая партыя Курдыстана, ды яшчэ і ўводзяць санкцыі ў дачыненні да Турцыі. Праз ваенныя дзеянні Анкары ў Сірыі Швецыя з 2019 года больш не прадае ёй зброі. Аглядальнікі мяркуюць, што Анкарой рухаюць і іншыя матывы, так прынамсі грэцкая газета Liberal канстатуе наступнае.

«Пасля ўварвання Расеі ва Украіну NATO ажыў, але пры гэтым важна рабіць упор на тым, што гэты альянс уяўляе сабой сілу, якая нясе з сабой дэмакратыю. У адваротным выпадку альянс можна было б абвінаваціць у тым, што ён уяўляе сабой гэтакую коўдру, вытканую проста ў сілу ваеннай неабходнасці. Уступленне ў альянс дзвюх краін, якія ўваходзяць у лік важнейшых узорных дэмакратый свету – нямалая дапамога ў руху ў гэтым напрамку. Але ўсё гэта мае свае наступствы і для Турцыі. Да гэтага часу NATO прыходзілася нейкім чынам апраўдваць сяброўства ў альянсе Турцыі – краіны, у якой душыцца апазіцыя, а дэмакратычныя інстытуты знаходзяцца ў заняпадзе. Дэмакратычны профіль NATO – гэта адна з перадумоў выжывання альянсу на працягу такога працяглага перыяду часу», – падсумоўвае грэцкае выданне.

Услед за фінскім урадам на карысць уступлення ў NATO выказалася і кіруючая Сацыял-дэмакратычная працоўная партыя Швецыі. У панядзелак дыскусіі аб далучэнні да альянсу прайшлі ў парламентах абедзвюх краін. Масква назвала гэтыя планы „памылкай”, а Турцыя ўвогуле выказалася супраць мэтазгоднасці прыняцця Фінляндыі і Швецыі ў шэрагі альянсу.

На думку фінскай газеты Lapin Kansa, замарозка адносін з усходнім суседам не зацягнецца надоўга.

«Прысутнасць NATO на поўначы, вядома, памяншае верагоднасць агрэсіі з боку Расеі ці іншых нападаў. Але варта падкрэсліць, што межы NATO зусім не перашкаджаюць кантактам паміж суседнімі краінамі. Нарвегія – лепшы таму прыклад. Яна з’яўляецца сябрам NATO ўжо больш за 70 гадоў, але ёй усё роўна ўдалося выбудаваць добрыя адносіны з Расеяй. Той факт, што гэтыя адносіны зараз фактычна замарожаныя, звязаны не з NATO, а з Уладзімірам Пуціным. Усходняя мяжа Лапландыі зараз практычна закрытая, але прыйдзе час, калі яе зноў адкрыюць для супрацоўніцтва – незалежна ад членства Фінляндыі ў NATO», – адзначае фінскае выданне.

Другі раз у гісторыі Францыі прэм’ер-міністрам краіны стала жанчына. Прэзідэнт Эманюэль Макрон прызначыў былую міністра занятасці і працы Элізабэт Борн пераемніцай прэм’ер-міністра Жана Кастэкса. Элізабэт Борн 61 год, яна адна з нямногіх, хто з самага пачатку ўваходзіў ва ўрадавую каманду Макрона. Аглядальнікі раздзяліліся ў ацэнцы новага прызначэння.

Французская газета La Tribune таксама ўхваляе гэтае кадравае рашэнне:

«Прызначэннем Элізабэт Борн краіна, з аднаго боку, упершыню займела ў якасці прэм’ер-міністра жанчыну, а з другога боку, такім чынам забяспечваецца пераемнасць эканамічнай і сацыяльнай палітыкі, за якую, уласна, і быў пераабраны Эманюэль Макрон. Даручыць правядзенне пенсійнай рэформы былой міністру занятасці і працы, да якой прыслухоўваюцца і якой давяраюць нават самыя радыкальныя прафсаюзы – вельмі разумны ход. Рашэнне вельмі паслядоўна яшчэ і таму, што жанчына, якая ўзначальвала міністэрства экалагічнага пераходу – знаходзіцца ў курсе ўсіх прамысловых і фінансавых праблем, і узначаліць барацьбу са зменай клімату. А гэта можа дапамагчы перамагчы Меланшона і пераканаць тых, каго прыцягвае яго «экалагічнае планаванне», – падкрэслівае французскае выданне.

Агляд сусветнай прэсы падрыхтавала Вольга Сямашка.

Беларускае Радыё Рацыя

[manual_related_posts]