Агляд прэсы: паміж свабодай і памяццю



У Беларусі публікацыя ў сацыяльных сетках можа стаць квітком у турму. Тэракт у Нарвегіі: якія ўрокі? Пратакол па Паўночнай Ірландыі: Лондан ідзе напралом. Ці дапаможа энергія атама ў барацьбе са зменай клімату?

Падрабязнасці свежых матэрыялаў замежнай прэсы даведаемся ў аглядзе Вольгі Сямашкі.

«Аляксандр Лукашэнка, які скраў прэзідэнцкія выбары ў Беларусіў 2020 годзе, апускаецца да новых глыбінь рэпрэсій. У мінулым ён саджаў журналістаў у турму, зачыняў іх выданні, зачыняў вэб-сайты і душыў большасць няўрадавых арганізацый. У гэтым месяцы міліцэйскае падраздзяленне абвясціла, што людзі будуць абвінавачвацца ў злачынствах за тое, што яны праглядаюць або падпісваюцца на зашыфраваныя інтэрнэт-каналы Telegram», – піша амерыканская газета The Washington Post.

Выданне падкрэслівае, што ўрад Беларусі апублікаваў новыя правілы абыходжання з «экстрэмісцкай» інфармацыяй, якія ўступілі у сілу 15 кастрычніка, але ў дакуменце не прапісаны канкрэтныя меры пакарання.

«Тое, што рэжым Лукашэнкі называе «экстрэмісцкім» – гэта ў асноўным апазіцыйная інфармацыя, навіны і паведамленні аб яго жорсткасці.

У Беларусі штрафныя ізалятары перапоўненыя палітвязнямі. Адзін са сведкаў кажа, што ў камеры, разлічанай на чатырох, было 16 чалавек. Вязні скардзяцца, што яны спяць на драўляных падлогах, таму што яны не такія халодныя, як жалезныя нары. Праваабарончая група «Вясна» пералічвае 812 палітвязняў у Беларусі, але крыніцы паведамілі нам, што гэта можа быць некалькі тысяч: мастакі, журналісты, блогеры, тэхнічныя работнікі і праваабаронцы. Іх адзінае «злачынства» – жаданне нармальнай, дэмакратычнай Беларусі», – падсумоўвае амерыканскае выданне.

Меркаваны тэрарыст, які застрэліў ў Конгсберге (Нарвегія) пяць чалавек з луку, прызнаўся ў злачынстве. Як гаворыцца ў паведамленні следчых органаў, раней ён прыняў іслам і ўжо даволі доўгі час знаходзіўся ў цэнтры ўвагі адпаведных ведамстваў у сувязі з падазрэннямі ў радыкалізацыі. Еўрапейская прэса разважае пра тое, якім чынам дэмакратычныя дзяржавы маглі б абараніцца ад падобных нападаў.

Як адзначае швейцарская газета Corriere del Ticino, дзяржава павінна прымаць ўзмоцненыя меры па прафiлактыцы радыкалізацыі:

«Незалежна ад таго, што паслужыла трыгерам для чарговага забойства нявінных людзей, лепшым спосабам процідзеяння застаецца прафілактыка. Прычым праводзіць яе варта на самых розных узроўнях. Недастаткова трымаць радыкалаў пад кантролем, тым больш што з прычыны недахопу персаналу гэтую задачу выканаць не вельмі проста. У ідэале дзяржава павінна ўмяшацца яшчэ да таго, як чалавек радыкалізуецца. А гэта значыць, што неабходна прымаць меры па прадухіленні сацыяльнай і эканамічнай ізаляцыі. Акрамя велізарных фінансавых сродкаў гэта запатрабуе узмоцненай працы з праблемнымі людзьмі ці культурамі, моцна адрознымі ад нашай уласнай. Задача архіадказная, але сутнасць заключаецца ў тым, каб своечасова абясшкоджваць гэткія бомбы запаволенага дзеяння», – заклікае швейцарскае выданне.

Брусэль прапанаваў Лондану змякчыць мытны кантроль на мяжы ў Ірландскім моры, уведзены па выніках брэкзіту. Сярод прапанаваных мераў: адмова ад мытнага нагляду тавараў, прызначаных выключна для Паўночнай Ірландыі. Раней міністр брытанскага ўраду па справах брэкзіту Дэвід Фрост запатрабаваў перагляду пратаколу па Паўночнай Ірландыі і прыгразіў тым, што Вялікабрытанія можа выйсці з яго ў аднабаковым парадку. Прэса раіць Еўразвязу не здавацца.

Брытанская газета The Guardian наўпрост заклікае брытанскага прэм’ера прыняць прапанову Еўразвязу.

«Калі мэта палягае ў тым, каб брэкзіт запрацаваў для Паўночнай Ірландыі, то прапановы, вылучаныя перамоўшчыкам ад ЕЗ Марашам Шэфчовічам, могуць паслужыць асновай для пагаднення. Калі ж пачаць настойваць на поўнай адмене пратаколу, то тады Паўночная Ірландыя стане закладніцай беспрынцыповай палітычнай гульні і гульні з агнём, якая можа лёгка перайсці ў эскалацыю і выліцца ў дарагую і нікому не патрэбную гандлёвую вайну. Менавіта такі выбар стаіць цяпер перад Борысам Джонсанам. Яму на сінім сподачку падаецца дыпламатычнае рашэнне ім жа самім створанай праблемы. І гэта яму практычна нічога не будзе каштаваць. Але калі ён адхіліць гэтае рашэнне, то тады Вялікабрытаніі прыйдзецца заплаціць спаўна», – прагназуе брытанскае выданне.

Рост коштаў на энерганосьбіты ў спалучэнні з неабходнасцю скарачэння шкодных выкідаў вяртае на парадак дня пытанне аб ядзернай энергетыцы, як у Францыі, так і ў іншых краінах Еўропы. Еўрапейская прэса разважае пра тое, ці можна з прычыны новых умоў на энергетычным рынку аднесці атамныя электрастанцыі да экалагічна чыстых спосабаў вытворчасці энэргіі.

На думку шведскай газета Dagens Nyheter, расклад тут відавочны.

«Вывад з эксплуатацыі АЭС у Германіі павялічвае залежнасць ад выкапнёвых відаў паліва, і непазбежна прыводзіць да росту коштаў на энерганосьбіты. Гэта ёсць вельмі няўдалай камбінацыяй, якая наглядна ілюструе, што Еўропа наўрад ці можа дазволіць сабе адначасова адмовіцца і ад выкапнёвага паліва, і ад ядзернай энергетыкі. Усё сказанае адносіцца і да Швецыі. Значная частка электраэнергіі, што вырабляецца ў нашай краіне, выпрацоўваецца пры дапамозе атаму, і ў агляднай будучыні гэты расклад захаваецца», – падсумоўвае шведскае выданне.

Агляд сусветнай прэсы падрыхтавала Вольга Сямашка