Агляд прэсы: перадача эстафеты



Галасаванне Беларусі за папраўкі ў Канстытуцыю турбуе NATO. Германія паставіць Украіне свае гранатамёты і ракеты «зямля-паветра». Захад адключае Расею ад SWIFT і адмяняе «залатыя пашпарты». Падрабязнасці свежых матэрыялаў замежнай прэсы.

«Макрон заклікаў Лукашэнку запатрабаваць найхутчэйшага вываду расейскіх войскаў з Беларусі. Паколькі ўжо сёння канстытуцыйны рэферэндум у Беларусі  павінен дазволіць Расеі размясціць ядзерную зброю на беларускай зямлі, што выклікае занепакоенасць у Еўропе. Менск усё больш пераходзіць у цень Масквы, паколькі вайна ў суседняй Украіне працягваецца», – занепакоена амерыканскае выданне Foreign Policy

У матэрыяле падкрэсліваецца, што ў выніку галасавання з артыкула 18 Канстытуцыі Беларусі будзе выдалена фармулёўка, якая гарантавала краіне ядзерны нейтралітэт з моманту атрымання ёю незалежнасці ад Савецкага Саюза ў жніўні 1991 г. Таксама ўзмацняцца паўнамоцтвы Усебеларускага народнага сходу, органа адабранай праўрадавай эліты. Згодна з прапанаванымі папраўкамі, сход стане «вышэйшым прадстаўнічым органам дэмакратыі» і зможа вызваляць ды абіраць суддзяў.

«Самае галоўнае, што УНС будзе мець права адхіляць прэзідэнта, што дазваліць Лукашэнку быць адначасова і прэзідэнтам, і старшынём УНС, ды надалей гадамі кантраляваць усе механізмы ўлады. За плебісцытам не сочыць ні адзін надзейны міжнародны назіральнік. Да таго ж Беларусь паказала, што не ў стане выканаць свае ранейшыя абяцанні не выкарыстоўваць яе ў якасці платформы, з якой Расея наносіць ваенныя ўдары. Гэта ўяўляе сабой прамы і непасрэдны выклік бяспекі суседзям Беларусі па NATO — Польшчы, Латвіі і Літве. Сцэнар, па якім самай жаданай для Расеі становіцца спроба захапіць “Сувалкскі калідор”, якая раней была фантастычнай, бо расейскія войскі знаходзіліся не там, дзе ім трэба было, раптам стала значна больш рэалістычнай з-за прысутнасці расейскіх войскаў у Беларусі», – адзначае амерыканскае выданне.

«Улады Германіі прынялі рашэнне паставіць Украіне 1000 гранатамётаў і 500 ракет «Стынгер», – паведамляе нямецкая газета Das Erste. Выданне зазначае, што ФРГ таксама дазволіла іншым краінам пастаўляць нямецкую зброю ва Украіну.

«Нямецкі ўрад мяняе курс. Узбраенні будуць дастаўлены на Украіну як мага хутчэй. У існуючай сітуацыі Германія абавязана падтрымаць Украіну і ўмацаваць яе абараназдольнасць. У сваю чаргу, прэзідэнт Украіны Уладзімір Зяленскі прывітаў рашэнне Берліна», – піша нямецкая газета. Выданне нагадвае, што ранні ўрад ФРГ блакаваў пастаўкі ўзбраенняў на Украіну, спасылаючыся на строгія нямецкія правілы па экспарту зброі, а таксама на палажэнні з кааліцыйнай дамовы. Das Erste піша, што паводле правілаў, якія дзейнічалі 20 гадоў, Нямеччына не пастаўляла зброю ў крызісныя рэгіёны. У апошні час многія краіны аказвалі на Нямеччыну ціск у пытанні паставак зброі ва Украіну. У прыватнасці, да такога кроку заклікаў прэм’ер Польшчы Матэвуш Маравецкі.

Das Erste паведамляе, што ФРГ таксама дазволіла экспарт сваіх узбраенняў на Украіну іншым краінам. У прыватнасці, гаворка ідзе пра Нідэрланды і Эстонію, якія маюць у сябе ўзбраенні нямецкай вытворчасці.

«Заходнія краіны вырашылі перакрыць некаторым расейскім банкам доступ да SWIFT. У той жа час у некаторых еўрапейскіх урадах існуе турбота, што Масква разам з Пекінам створыць уласную міжбанкаўскую сістэму без прыцягнення заходніх краін», – піша брытанская газета The Daily Telegraph.

Як адзначае выданне, згодна з сумеснай заявай краін, меры, якія таксама ўключаюць абмежаванні на міжнародныя рэзервы Цэнтрабанка, будуць рэалізаваны ў найбліжэйшыя дні.

«Нягледзячы на ціск саюзнікаў, Германія заставалася адной з нямногіх краін, якія выступалі супраць гэтага кроку, але затым кардынальна змяніла сваё рашэнне. Адключэнне ад SWIFT наносіць удар па гандлі Расеі, і робіць цяжкой працу яе кампаній ва ўсім свеце. У мінулым сістэма ўжо выкарыстоўвалася ў якасці зброі супраць іранскіх банкаў, што прывяло да рэзкага эканамічнага спаду ў ісламскай рэспубліцы», – звяртае ўвагу The Daily Telegraph.

У матэрыяле паведамляецца, што заходнія саюзнікі таксама абмежавалі продаж «залатых пашпартоў». Іншымі словамі, заможныя расейцы больш не змогуць набываць сабе грамадзянства пры дапамозе інвестыцый.

«Пуцін добра ведае Нямеччыну і разумее, што яна не дасць яму адпор у канфлікце з Украінай»,  – з горкай іроніяй піша галоўны рэдактар нямецкай газеты Die Welt Ульф Пошард. На яго думку, расейскі прэзідэнт бачыць у Германіі «федэратыўную клоўнскую рэспубліку».

«Уладзімір Пуцін не баіцца Захаду, таму што мы сталі такімі слабымі, а таму ён можа рабіць што хоча. Еўропа і немцы прыйшлі да стану заняпаду, яны памыкаюць сваімі вядучымі сіламі і падпарадкоўваюцца наіўнаму духу часу, які памылковы па сутнасці. Усе культурныя, сацыяльныя і палітычныя дэбаты апошніх гадоў былі выражэннем  наіўнасці і неразумення, за якія цяпер, магчыма, давядзецца расплачвацца. Пасля жудасных гадоў варварства немцы ў сваім рэгрэсе маральнай самаацэнкі задушылі ў плане абароназдольнасці ўсё, што неабходна, каб пазіцыянаваць сябе. Абароненая сіламі ЗША і НАТО, краіна заставалася не да канца пасталелай і таму няспелай. Цяпер зразумела, што трэба даваць адпор і быць больш здольнымі да абароны.  Альбо мы зменім курс, альбо ў нейкі момант надыдзе наша чарга», – з такім заклікам друку зварот галоўнага рэдактара нямецкай газеты.

Беларускае Радыё Рацыя

[manual_related_posts]