Агляд прэсы: перадзел уплыву



Літва заклікае ўзмацніць санкцыі супраць Беларусі, каб абмежаваць калійныя прыбыткі. У Радзе Расея-NATO адсутнічае згода. Румынія: нацыяналісты на грэбні хвалі. Падрабязнасці свежых матэрыялаў замежнай прэсы даведаемся ў аглядзе Вольгі Сямашкі.

«Літва лабіруе ўзмацненне санкцый Еўразвязу ў дачыненні да калійнай прамысловасці Беларусі, паколькі рэкордна высокія цэны на ўгнаенні спрыяюць рэжыму прэзідэнта Аляксандра Лукашэнкі», – канстатуе амерыканскае выданне Вloomberg.

Выданне адзначае, што ў чэрвені ЕЗ увёў абмежаванні на асобныя прадукты дзяржаўнага ААТ «Беларуськалій», што павысіла цэны на іншыя прадукты, якімі працягваюць гандляваць Літва з Беларуссю.

«Рэжым або кампаніі, якія яго падтрымліваюць, маюць большыя прыбыткі пасля ўвядзення санкцый. Гэта нечаканы і непажаданы эфект, але і несправядлівы эфект санкцый. І гэта можна выправіць. Літва мае пэўныя прапановы, як гэта можна выправіць. Еўразвяз таксама ўводзіць санкцыі на калій з Беларусі, з утрыманнем калію менш за 40% або больш за 62%. Калі ў 2020 годзе гэтыя гатункі склалі толькі каля пятай часткі паставак беларускага калію ў краіны блоку, то асноўным прадуктам «Беларуськалія» быў калій з 60% утрымання калію. Гэта не было ўключана ў санкцыйныя абмежаванні. Трэба ўлічваць, што ЗША ўвялі санкцыі на «Беларуськалій» як суб’ект у рамках мер ціску на рэжым Лукашэнкі ў сувязі з прэзідэнцкімі выбарамі ў краіне, якія былі шырока асуджаныя як фальсіфікацыі», – піша Вloomberg.

***

Неўзабаве пасля жэнеўскай сустрэчы дэлегацый ЗША і Расеі ў сераду адбылося пасяджэнне Савета Расея – NATO – упершыню за апошнія два гады. Прарыву, аднак, дасягнуць не ўдалося: бакам не ўдалося зблізіць свае пазіцыі па такіх пытаннях, як сітуацыя вакол Украіны і пашырэнне NATO на ўсход. Як заявіў генеральны сакратар альянсу Энс Столтэнберг, рознагалоссі паміж бакамі «вельмі значныя».

«Чаму менавіта Еўропа вымушана адхіліць патрабаванні Расеі», – тлумачыць італьянская газета La Repubblica.

«Заходні мір, і ў першую чаргу Еўропа, не могуць пагадзіцца з ідэяй вяртання да сфер уплыву, як калі б да гэтага часу існавала Варшаўская дамова. Падобныя намеры паставілі б Еўропе жорсткія межы: у плане палітычнай дзейнасці, свабоды прыняцця рашэнняў асобнымі краінамі, а таксама ў пытанні ваеннай прысутнасці. Ідэю пра тое, што тая ці іншая нацыя не павінна мець права самой вырашаць, у якія альянсы ёй уступаць, трэба рашуча адхіліць. Да таго ж падобная ідэя ўспрымаецца як немінучая небяспека для дзяржаваў, якія вырашылі далучыцца да Атлантычнага пакта, пачынаючы з Польшчы», – адзначае італьянскае выданне.

***

Паводле апытанняў грамадскай думкі Румыніі, заснаваны ў 2019 годзе ультраправы Альянс за аб’яднанне румынаў (AUR) вось-вось стане другой па распаўсюду палітычнай сілай у краіне. Нягледзячы на тое, што ў партыі няма дакладнай палітычнай праграмы, яе патэнцыял на выбарах ні ў якім разе нельга недаацэньваць, лічаць аглядальнікі.

На думку румынскай газеты Newsweek România, было б небяспечным недаацэньваць гэтую партыю.

«Узлёт Георге Сіміёна – сустаршыні Альянсу за аб’яднанне румынаў – тлумачыцца вельмі проста: ён – адзіны, хто зараз дорыць хоць нейкую надзею той частцы насельніцтва, што адчувае сябе кінутай і ашуканай дзяржавай, урадам і парламентам. Гэта людзі, якія стаміліся ад пандэміі, якім надакучыла ездзіць на заробкі за мяжу, пакідаючы дамы і сем’і. Пакуль на палітычнай арэне не з’явіцца пераканаўчая фігура, якая адстойвае дэмакратычныя каштоўнасці, да 2024 года, калі і пройдуць наступныя парламенцкія выбары, у Сіміёна поўнасцю развязаны рукі», – папярэджвае румынскае выданне.

***

Гішпанія лічыць, што можна расслабіцца: у панядзелак кіраўнік ураду Пэдра Санчэс заявіў, што колькасць смяротных зыходаў ад кавіда значна знізілася, а вірус набывае эндэмічны характар. А таму, па словах Санчэса, да кавіду з гэтага часу варта ставіцца як да звычайнага грыпу, і ўжо няма патрэбы адсочваць усе выпадкі. Як адзначаюць еўрапейскія СМІ, падобны падыход багаты на рызыкі.

Партугальскі часопіс Jornal de Notícias з вялікай цікавасцю пазірае на суседнюю краіну.

«Наша празорлівасць у стаўленні SARS-Cov-2 расце, таму ўжо не патрабуецца такога мноства цвёрдых прадпісанняў, бо ўсё больш людзей сутыкнуліся з вірусам. Да таго ж большая частка насельніцтва ўжо прышчэплена. Гішпанскі ўрад рыхтуецца правесці ў жыццё адпаведныя змены: улады не маюць намеру больш адсочваць колькасць выпадкаў заражэння каронай і патрабаваць тэстаў пры з’яўленні найменшых прыкмет інфекцыі. Гэта значыць ковід будзе разглядацца як яшчэ адно рэспіраторнае захворванне. Гэта – рызыкоўны, але ў той жа самы час мужны крок», – падкрэслівае партугальскае выданне.

Агляд сусветнай прэсы падрыхтавала Вольга Сямашка.