Агляд прэсы: перакананне пад пагрозай



У крызісе бежанцаў на беларускай мяжы і канфлікце з ЕЗ вінавата Расея. Аграрная рэформа ЕЗ: ці атрымаўся кампраміс? Якія санкцыі супраць «Паўночнага патоку-2» уводзяць ЗША?

Падрабязнасці свежых матэрыялаў замежнай прэсы даведаемся ў аглядзе Вольгі Сямашкі:

«Канфлікт Расеі і ЕЗ, які паступова нарастае асабліва пасля 2014 году, выкліканы мноствам прычын, пры гэтым Беларусь з даўніх часоў з’яўляецца полем канкурэнцыі ў адносінах Расеі з Еўропай. Што дзіўна, у беларускім пытанні гістарычнае мінулае праяўляецца, мабыць, як ні ў адным іншым. Беларусь мае зусім асаблівае значэнне для Расеі ў параўнанні з іншымі постсавецкімі рэспублікамі. Беларусь вельмі важная з пункту гледжання расейскага праекту Саюзнай дзяржавы, праекта Еўразійскага эканамічнага саюзу, бяспекі расейскіх заходніх земляў. Да таго ж Беларусь з пункту гледжання Расеі стала яшчэ больш важнай пасля пагаршэння адносін Расеі з Украінай», – разважае турэцкая газета Anadolu.

Выданне падкрэслівае, што Беларусь таксама мае вялікае значэнне для Захаду. Еўрапейскія краіны, з аднаго боку, спрабуюць аддаліць Беларусь ад Расеі і такім чынам аслабіць Расею, перашкаджаць праектам Крамля, а з другога – хочуць бачыць у Беларусі гарантыю ўласнай бяспекі.

«У сувязі з гэтым ЕЗ адвёў прыярытэтную ролю Польшчы, якую звязваюць гістарычныя сувязі з Беларуссю. Як крызіс, які ўзнік у 2020 годзе на фоне прэзідэнцкіх выбараў, так і крызіс бежанцаў, які адбываецца сёння, насамрэч з’яўляюцца адным з вымярэнняў гэтага суперніцтва. Становіцца відавочна, што крызіс уцекачоў на беларускай мяжы таксама ўплывае на адносіны паміж Расеяй і ЕЗ. Пасля Сірыі, Афганістану і Карабаху Масква «узяла на сябе» ролю пасярэдніка і ў крызісе на беларускай мяжы. З іншага боку, Расея працягвае адпраўляць у Беларусь узбраенні, праводзіць вайсковыя вучэнні на мяжы з Беларуссю. Ні Беларусь з Украінай, ні Сірыя з Афганістанам не прывядуць да прамой вайны паміж Расеяй і Захадам. Рэгіянальныя праблемы толькі перашкаджаюць нармалізацыі адносін паміж бакамі. Таму наладжванне гэтых адносін у найкароткія тэрміны таксама не чакаецца», – піша турэцкая газета.

Еўрапарламент даў зялёнае святло ажыццяўленню рэформы Адзінай сельскагаспадарчай палітыкі Еўрапейскага звязу (ЕСГП). Па выніках шматгадовых дэбатаў абсалютная большасць парламентарыяў прагаласавала за кампраміс, дасягнуты 27 дзяржавамі-сябрамі ЕЗ і Еўракамісіяй. Рэформа, сярод іншага, прадугледжвае, што пры выдзяленні прамых субсідый чвэрць сродкаў, што прадастаўляюцца, будзе ўвязвацца з захаваннем экалагічных прадпісанняў. Меркаванні еўрапейскіх СМІ падзяліліся: адны журналісты лічаць рашэнне недастатковым, іншыя – непрымальным.

«Аб прарыве тут казаць не даводзіцца», – лічыць нямецкае выданне tagesschau.de.

«Так, у будучыні фермеры змогуць вырабляць прадукцыю больш экалагічным чынам, але яны не абавязаны гэтага рабіць! Мала таго: большая частка з амаль 400 мільярдаў брусэльскіх субсідый будзе па-ранейшаму размяркоўвацца па прынцыпе памераў фермерскай гаспадаркі: у каго яна большая, той больш і атрымае. Гэта значыць, і ў далейшым будзе падтрымлівацца колькасць, але не якасць. Усе краіны ЕЗ будуць думаць перш за ўсё аб тым, як бы ва ўмовах міжнароднай канкурэнцыі іх аграсектар не апынуўся ў невыгодным становішчы з-за надмерна ўзрослай колькасці экалагічных правілаў», – адзначае нямецкае выданне.

ЗША ўводзяць новыя санкцыі супраць «Паўночнага патоку-2». Чарговыя абмежаванні закранаюць кампанію Transadria, якую амерыканскія ўлады называюць падстаўной расейскай структурай, зарэгістраванай на Кіпры. Акрамя таго, як піша амерыканскае выданне Bloomberg, судна кампаніі «Марлін» прызнаюць канфіскаванай уласнасцю. Яно было пабудавана ў 2008 годзе, ходзіць пад расейскім сцягам і зараз знаходзіцца ў порце Санкт-Пецярбургу. Яшчэ адно судна, якое трапіць пад санкцыі, не называецца.

Нямецкая газета Der Spiegel нагадвае, што па выніках перамоваў Байдэна і Мэркель у ліпені бакі дамовіліся, што Вашынгтон не будзе ўводзіць чарговыя санкцыі супраць праекту. У сваю чаргу Берлін абавязаўся дапамагчы Ўкраіне, якая панясе страты з-за будаўніцтва газаправоду. У выніку, напрыклад, Штаты адмовіліся ад значных абмежаванняў супраць кампаніі-аператара Nord Stream 2 AG.

Зрэшты, нягледзячы на чарговыя меры, Вашынгтон мае намер прадоўжыць супрацоўніцтва з Берлінам. Так, паводле інфармацыі Bloomberg, ЗША адмовіліся ўводзіць санкцыі супраць судна Blue Ship, якое развозіць камяні ўздоўж маршруту будаўніцтва, бо яно звязана з урадам Германіі. Блінкен лічыць, што «Паўночны паток-2» не будзе працаваць яшчэ некалькі месяцаў, і гэта дасць партнёрам Украіны больш часу для мадэрнізацыі яе энергетычнай галіны, а Кіеву – для перамоваў па новым кантракце з Расеяй на транзіт газу.

Прымусовая вакцынацыя, кавідныя пашпарты або лакдаўн – амаль усе краіны Еўропы зараз узмацняюць супрацьэпідэмічныя меры, каб абараніць насельніцтва ад новай зімовай хвалі каронавірусу. Аднак ці могуць улады разлічваць у сувязі з гэтым на падтрымку насельніцтва?

Шведская газета Dagens Nyheter лічыць, што не існуе ўніверсальнага спосабу перамагчы скептыцызм у стаўленні да вакцынацыі.

«Намаганні па пашырэнні ахопу насельніцтва вакцынацыяй павінныя быць працягнутыя. Вынікі гавораць самі за сябе: чым шырэй ахоп, тым менш смяротных зыходаў, цяжкіх выпадкаў, і тым хутчэй вяртанне да цалкам адкрытага грамадства. Францыя дазваляла сабе аказваць ціск на непрышчэпленых. Аўстрыя мае намер дзейнічаць пугай і ўводзіць сумнеўную абавязковую вакцынацыю; іншыя краіны хутчэй звярнуліся да перніка, а менавіта да заахвочвальных мер. Румыніі і Балгарыі, рэкардсменам ЕЗ у плане скептычнага стаўлення насельніцтва да вакцынацыі, спатрэбіцца доўгі і складаны шлях. Аднаго-адзінага спосабу дзеянняў тут недастаткова. Барацьба з Covid-19 – вайна на многіх франтах», – адзначае шведскае выданне.

Беларускае Радыё Рацыя