Агляд прэсы: перапады вышыняў



Беларусь трапіла ў «шэрую зону» між Расеяй і ЗША. Хто стаіць за абвастрэннем сітуацыі на Блізкім Усходзе? СМІ разважаюць, ці правядзе касмічная вайна паміж Кітаем, Расеяй і ЗША да ядзернага канфлікту.

Такі блізкі космас Падрабязнасці свежых матэрыялаў замежнай прэсы даведаемся ў аглядзе Вольгі Сямашка.

«Пасля распаду СССР Масква актыўна імкнулася аспрэчыць прыналежнасць так званай «шэрай зоны»: палітычна і эканамічна трымала Беларусь «на кароткім ланцужку», і гэтая яе стратэгія застаецца такой жа і па гэты дзень, але ажыццяўляць яе Маскве становіцца ўсё больш складана пасля масавых выступаў супраць менскага рэжыму ў 2020 годзе», – разважае амерыканскі часопіс National Review.

Выданне адзначае, што якой бы заблытанай ні была гэтая гісторыя, агрэсіўнасць Расеі на постсавецкай прасторы шкодзіць інтарэсам ЗША, дэстабілізуючы рэгіён і, калі яе не стрымаць, пагражае нестабільнасцю ўсёй Еўропе.

«Беларусь – самы складаны выклік з усіх. Яе сяброўства ў НАТА немажліва на працяглай перспектыве. Аднак, як бы гэта ні было складана, ЗША не могуць аддаць Беларусь Маскве. Адзін толькі погляд на карту пераконвае нас у тым, наколькі важная з геапалітычнага пункту гледжання Беларусь для Польшчы, Украіны і прыбалтыйскіх рэспублік, і наколькі сур’ёзнай можа быць пагроза наступальнай расейскай ваеннай прысутнасці тут. Па іроніі лёсу, рост прадэмакратычных настрояў у Беларусі павялічвае рызыку расейскага ваеннага ўварвання і, магчыма, прамога аншлюсу краіны. НАТА мае патрэбу ў большым «абхопе» Беларусі. Расея перастане ўмешвацца ў постсавецкую прастору толькі тады, калі даведаецца, што не можа дамагчыся тут поспеху і што перасячэнне мяжы НАТА (ці нешта падобнае) прывядзе да непазбежных і вельмі зруйнавальных для яе наступстваў. І чым раней мы дадзім Расеі гэта зразумець, тым лепш», – рэзюмуе амерыканскі часопіс National Review.

 

Увага сусветнай супольнасці і прэсы ізноў прыкавана да сітуацыі на Блізкім Усходзе, дзе назіраецца абвастрэнне ізраільска-палестынскага канфлікту. Па дадзеных ізраільскай арміі, па краіне было выпушчана больш за тысячу ракет; ВПС Ізраіля адказалі на гэта паветранымі ўдарамі па сектары Газа, самымі маштабнымі за ўвесь перыяд з 2014 года. ААН асудзіла эскалацыю. Як адзначае прэса, чарговы віток гвалту нельга назваць нечаканым.

Брытанская газета The Guardian піша пра тое, што канфлікт на Блізкім Усходзе ўжо на працягу дзесяцігоддзяў абумоўлены аднымі і тымі ж матывамі:

«У сектары Газа, на гэтай невялікай палосцы зямлі з высокай шчыльнасцю насельніцтва, але недахопам працы, электрычнасці і пітной вады, вырасла цэлае «пакаленне блакады». Каронавірус і абуральная несправядлівасць падчас кампаніі па вакцынацыі ў Ізраілі і на акупаваных тэрыторыях толькі паглыбілі лютасць ў адрас урада, які кантралюе, але не прапануе абароны. Беспарадкі, якія можна было назіраць у арабскіх гарадах Ізраіля ў панядзелак, прадэманстравалі ўсю шырыню і глыбіню гневу, які здольны назапасіцца як вынік несправядлівасці самага рознага кшталту. Несправядлівасці, з-за якой нядаўна арганізацыя Human Rights Watch абвінаваціла ізраільскія ўлады ў апартэідзе», – канстатуе брытанскае выданне.

 

«Кітай, Расея і ЗША змагаюцца за панаванне ў космасе. Падобна на тое, гэтая бітва можа прывесці да сур’ёзных наступстваў і на Зямлі. Хопіць усяго аднаго фрагмента касмічнага смецця, каб знішчыць спадарожнік, праз які ажыццяўляюцца фінансавыя транзакцыі і ключавыя камунікацыі», – піша брытанскае выданне The Sun.

Выданне занепакоена тым, што з-за адсутнасці кантролю над касмічнымі ўзбраеннямі і ў выніку «тэхналагічных дасягненняў» касмічная вайна паміж сусветнымі дзяржавамі непазбежная.

«Галоўнымі ў супрацьстаянні будуць Кітай, Расея і ЗША, і некаторыя з іх, магчыма, ужо пачалі свае атакі: блакуючы перадачы са спадарожнікаў і ствараючы перашкоды для падаўлення сігналаў», – паведамляе The Sun.

Для прадухілення вайны ў космасе выданне прапаноўвае абапірацца на Дамову ААН па космасе з далейшым увядзеннем правілаў, якія забараняюць усе формы недапушчальных перашкодаў і зброі для стварэння перашкодаў.

 

Індыйскі штам каронавірусу мутаваў і павысіў сваю заразнасць. СААЗ ўпершыню класіфікавала гэты варыянт COVID-19 як той, што «выклікае глабальную заклапочанасць».

Амерыканская газета The Washington Post адзначае, што індыйскі вірус стаў чацвёртым у спісе штамаў, якія СААЗ прызнала тым, што «выклікае глабальную заклапочанасць». Раней у пералік ўнеслі брытанскі, паўднёваафрыканскі і бразільскі штамы. «Больш за ўсё навукоўцаў турбуе спалучэнне ў шыпавідным бялку некалькіх мутацый, якія дапамагаюць вірусу збягаць ад імуннай сістэмы чалавека», – дадае выданне. Аднак афіцыйна сувязь новых выпадкаў пандэміі менавіта з індыйскім штамам пакуль не ўстаноўлена.

Агляд сусветнай прэсы падрыхтавала Вольга Сямашка.

Беларускае Радыё Рацыя

[manual_related_posts]