Агляд прэсы: пік узаемазастрашвання



Бліцкрыг ці дробнае ўварванне? Выбар Пуціна можа вызначыць рэакцыю свету. Вайна ці мір ва Украіне? Нідэрланды: дэбаты наконт ваенных злачынстваў у Інданезіі. Алімпіяда 2022: горш не бывала. Падрабязнасці свежых матэрыялаў замежнай прэсы даведаемся ў аглядзе Вольгі Сямашкі.

Японская газета Japantimes цытуе прэзідэнта ЗША Джо Байдэна, які заявіў, што прэзідэнт Расеі Уладзімір Пуцін вырашыў напасці на Украіну «ў бліжэйшы тыдзень, у бліжэйшыя дні».

«Выведка працягвае паведамляць, што Крэмль аддаў загад расейскім вайсковым падраздзяленням працягнуць уварванне. Пры гэтым расейскія войскі не сыдуць з Беларусі – «вучэнні» працягнутыя. Пасля серыі фэйкавых «дыверсій» і «прадухіленых тэрактаў» бандыты з ОРДЛО абвясцілі аб гібелі двух мірных жыхароў у выніку «ўкраінскай атакі», а ФСБ – аб трапленні снарада ў памежны пункт на тэрыторыі Растоўскай вобласці», – піша японская газета і адзначае, што цяпер дэбаты перайшлі да таго, як Пуцін нападзе: у адной масіраванай агульнанацыянальнай атацы; серыі атак, якія дэмантуюць краіну, кавалак за кавалкам; або сцісканнем, падобным на пітона.

«Гэта самая буйная і самая жорсткая бітва за еўрапейскую тэрыторыю пасля капітуляцыі нацыстаў у 1945 годзе. Няма ніякіх сумненняў у тым, што поўны пакет санкцый і спынення экспарту тэхналогій будзе ўведзены амаль адразу. Услед за гэтым пойдзе міжнароднае асуджэнне, хоць Пуцін, магчыма, робіць стаўку, што гэта не працягнецца доўга і што свет паступова прывыкне да новай, большай Расеі, якая аднаўляе сферу ўплыву, якая калісьці была адметнай рысай старога Савецкага Саюзу», – папярэджвае японская газета.

***

Прэзідэнт ЗША Байдэн і прэзідэнт Расеі Пуцін выказалі прынцыповую гатоўнасць правесці сумесны саміт. Аднак пакуль што ўсё хутчэй кажа пра тое, што “напружанасць на расейска-ўкраінскай мяжы абвастраецца”. ЗША і НАТО зыходзяць з таго, што Расея гатовая напасці на ўсю Украіну, уключаючы Кіеў.

«На коне зараз стаіць аўтарытэт Захаду», – піша французская газета Le Figaro.

«Нават калі Крэмль задаволіцца тым, што толькі пагуляе ў «вайнушку» і навядзе на ўсіх страху, каб прымусіць Кіеў пайсці на саступкі і ўказаць НАТО ягоныя межы, то падчас гэтай шахматнай партыі еўрапейцы і амерыканцы рызыкуюць страціць твар. Чым вышэйшы ваенны ціск, тым мацней спакуса пайсці на кампраміс з Крамлём. Аднак адразу ўзнікае заканамернае пытанне, якую цану давядзецца за гэта заплаціць. Прынесці ў ахвяру Украіну, раз і назаўжды адмовіўшы ёй у сяброўстве ў альянсе, і адправіць яе назад, у сферу ўплыву Масквы? Вельмі сумнеўна, што НАТО атрымаецца акрыяць пасля падобнага прызнання ўласнай слабасці», – лічыць французскае выданне.

***

Згодна з вынікамі прадстаўленага на мінулым тыдні даклада, у ходзе вайны за незалежнасць Інданезіі (1945-1949 гг.) Нідэрланды, калоніяй якіх з’яўлялася гэтая краіна, сістэматычна і звыш усялякай патрэбы ўжывалі гвалт, аж да здзяйснення ваенных злачынстваў. Такі вынік самага маштабнага на сённяшні дзень навуковага даследавання па гэтай тэме. Прэм’ер-міністр Марк Рутэ прынёс Інданезіі прабачэнні ад імя ўрада Нідэрландаў. Прэса краіны не засталася ў баку ад дыскусій.

Прынесці прабачэнні – адзіна дакладнае рашэнне”, – лічыць нідэрландская газета NRC Handelsblad.

«Той факт, што расследаванне было распачата толькі пасля таго, як справа дайшла да судовых баталій, паказвае, наколькі цяжка Нідэрландам усведамляць і пераасэнсоўваць цёмныя бакі сваёй гісторыі, не кажучы ўжо пра тое, каб казаць пра іх. І гэтаму няма апраўдання. Рашэнне цяперашняга ўрада ўзяць на сябе '”ўсю адказнасць за калектыўны правал” – гэта адзіна дакладны адказ. Прызнанне здзейсненага і выпраўленне памылак – да твару краіне, якая жадае гуляць у свеце хоць трохі значную ролю. Той, хто здольны зірнуць на сябе ў люстэрка, маюць права крытыкаваць і іншых. І сумленнае ўяўленне пра сябе самога ёсць неад’емная частка такога падыходу», – піша нідэрландскае выданне.

***

У Пекіне завяршыліся Зімовыя Алімпійскія гульні. Прытрымліваючыся традыцыі, прэзідэнт МАК Томас Бах уручыў алімпійскі флаг мэрам гарадоў Мілан і Корціна д’Ампецца, дзе пройдуць Зімовыя гульні 2026 года.

«Пекінская Алімпіяда аказалася ўвасабленнем сапраўднага кашмару», – піша чэшская газета Echo24.

«Скончылася, мабыць, найгоршая зімовая Алімпіяда ў гісторыі. У памяці застануцца не знакавыя моманты звышчалавечых намаганняў, не раптоўныя перамогі тых, на каго ніхто не ставіў, або ашаламляльная атмасфера свята. Усё зусім наадварот: велізарныя стадыёны глядзелі пустатой, а самай абмяркоўваемай падзеяй стаў прыём допінгу 15-гадовай расейскай фігурысткай. А зверху за спаборніцтвамі прыглядаў таталітарны камуністычны ўрад. Наступныя зімовыя Алімпійскія гульні пройдуць у Мілане і Корціне д’Ампецца. Будзем спадзявацца, што «салодкае жыццё» па-італьянску выганіць з нашай памяці ўсе ўспаміны пра таталітарны Пекін», – гіранізуе чэшскае выданне.

Агляд сусветнай прэсы падрыхтавала Вольга Сямашка.

[manual_related_posts]