Агляд прэсы: пошук локця
П’яныя расейскія вайскоўцы пашкодзілі баявую машыну ў Беларусі. Што б ні адбылося на Украіне, АПЕК з Расеяй разбураць адносіны не збіраецца. Кітай працягвае падтрымліваць Расею, нягледзячы на ціск звонку. Падрабязнасці свежых матэрыялаў замежнай прэсы даведаемся ў аглядзе Вольгі Сямашкі.
Сусветныя СМІ, у тым ліку амерыканскае выданне The Defense Blog абляцеў фотаздымак БМД-2 — баявога бранявога гусенічнага аўтамабіля дэсантнай пяхоты савецкіх часоў, на якім расейскія салдаты вылецелі на абочыну шашы каля вёскі Камарын у Беларусі.
«Такая баявая машына узброена 30-мм стабілізаванай гарматай 2А42, якая выкарыстоўваецца для наземных баявых дзеянняў і для зенітных /супрацьверталётных функцый, і 7,62-мм кулямётам ПКТ, усталяванага справа. Пускавая ўстаноўка для AT-4 Spigot або ПТРК AT-5 Spandrel больш далёкага дзеяння, усталяваная на правым баку даху вежы. Аднак маюцца і мадыфікацыі. Калі ўважліва прыгледзецца, то на брані бачна бутэлька алкаголю, і, па словах мясцовых жыхароў, у вайскоўцаў былі прыкметы алкагольнага ап’янення», — паведамляе амерыканскае выданне.
У матэрыяле падкрэсліваецца, што нягледзячы на заяву ў апошнія дні ад Расеі скараціць свае аперацыі на поўначы Украіны вакол сталіцы Кіева і канцэнтраваць сілы на ўсходнім рэгіёне Данбаса, у суботу назіралася прыбыццё расейскай тэхнікі ў Беларусь. Міністэрства абароны Вялікабрытаніі сцвярджае, што расейскія падраздзяленні, якія панеслі вялікія страты, былі вымушаныя вярнуцца ў Беларусь і Расею для рэарганізацыі і папаўнення запасаў.
«Тым не менш зафіксавана перакідка ў Беларусь дадатковых ракетных комплексаў расейскай арміі. У прыватнасці, у Гомельскай вобласці выяўлены тры ракетныя комплексы «Іскандэр» і два зенітна-ракетныя комплексы С-300 для іх прыкрыцця. Што ўказвае на тое, што расейцы рыхтуюцца да адбіцця ўкраінскай зброі., выпушчанай па тэрыторыі Беларусі», – адзначае амерыканскае выданне.
***
«Краіны нафтавага картэля АПЕК+ даўно прызвычаіліся да канфліктаў і не бачаць прычын не весці перамоваў з партнёрамі нават падчас баявых дзеянняў, асабліва ўлічваючы, што без Расеі арганізацыя не зможа нармальна функцыянаваць», – піша амерыкагскае выданне Bloomberg. Як адзначае агенцтва, хоць з улікам высокіх коштаў на нафту АПЕК зможа ў кароткатэрміновай перспектыве не ўлічваць меркаванні Масквы, у будучыні такі крок выйдзе яму бокам, бо члены картэлі не змогуць кантраляваць нафтавы рынак.
«Узброеныя канфлікты для нафтавага картэля АПЕК + – звычайная справа. Іран і Ірак заставаліся саюзнікамі-канкурэнтамі ў рамках АПЕК у 1980-х гадах, як раз калі яны ваявалі адзін з адным. Міністры нафты Ірака і Кувейта спакойна сядзелі за адным сталом перамоваў нават пасля таго, як Багдад уварваўся на тэрыторыю свайго суседа ў 1990 годзе. Цяпер жа Саудаўская Аравія і Іран па-ранейшаму абмяркоўваюць пытанні нафты, у той час як Эр-Рыяд абвінавачвае Тэгеран у фінансавай падтрымцы еменскіх хусітаў, якія абстрэльваюць каралеўства ракетамі. Для гэтай групы нафтавытворцаў Расея па-ранейшаму застаецца важным партнёрам. Але ў цяперашняй сітуацыі, АПЕК цалкам можа абыйсціся і без Расеі: нафта гандлюецца больш за $100 за барэль і на рынку назіраецца яе востры дэфіцыт. Каб парваць з Расеяй, Саудаўскай Аравіі і іншым краінам патрэбная альтэрнатыва. Але яе пакуль ім ніхто не прапанаваў», – падсумоўвае Bloomberg.
***
«Расея па-ранейшаму карыстаецца „бязмежнай” падтрымкай Кітая», – піша нямецкая газета Handelsblatt. Па версіі выдання, Расея патрэбная Кітаю як партнёр, які падтрымае пазіцыю Кітая ў біпалярным свеце і ў якога можна купляць танную сыравіну. Прынамсі пра гэта кажуць вынікі перамоў паміж Лаўровым і Ванам, якія адбыліся перад двухдзённым самітам па Афганістане ў паўднёва-ўсходнім кітайскім горадзе Тунсі, дзе сустрэнуцца прадстаўнікі ЗША, суседніх дзяржаў і талібаў, якія знаходзяцца ва ўладзе са жніўня.
Як адзначае нямецкая газета, кітайскае кіраўніцтва кажа пра сваю нейтральнасць ва ўкраінскім пытанні, але на самой справе яно падтрымлівае пазіцыю Масквы па большасці пунктаў: яно выступае супраць пашырэння НАТО на ўсход, абвінавачвае ЗША ў распальванні напружанасці, кажа пра «законныя асцярогі Расеі наконт бяспекі» і асуджае заходнія санкцыі як незаконныя.
«Многія назіральнікі лічаць Кітай патэнцыйным пасярэднікам, які можа аказаць умераны ўплыў на расейскага прэзідэнта. Аднак ёсць сумневы ў тым, што кітайскае кіраўніцтва хоча іграць гэтую ролю. Урад у Пекіне не зацікаўлены ў змене ўлады ў Маскве. У любым выпадку, Сі не патрэбная заходняя, дэмакратычная Расея. Кітай хоча, каб Пуцін застаўся», – падкрэслівае нямецкае выданне.
***
Узаемныя санкцыі і спыненне экспарту ўсё больш адразаюць Расею ад сусветнага рынку. Цэны на энерганосьбіты, якія знаходзіліся на высокай адзнацы і да пачатку вайны, працягваюць расці, роўна як і кошт прадуктаў харчавання, у першую чаргу пшаніцы і сланечнікавага алею. Апошняе тлумачыцца тым, што асноўнымі пастаўшчыкамі гэтай прадукцыі традыцыйна выступаюць Расея і Украіна. Сітуацыя становіцца пагрозлівай. Аглядальнікі заклікаюць еўрапейскія ўрады да дзеяння.
«Новы ўрад Партугаліі павінен як след падрыхтаваць насельніцтва да будучых турбацыяў у эканоміцы», – піша партугальскі часопіс Jornal de Notícias.
«Наступствы вайны, якую развязала Расея, раптоўна разбурылі ўсе планы. Ад прэм’ер-міністра Кошты чакаюць, што ён здолее прадбачыць эканамічныя наступствы і загадзя выкапаць новыя траншэі, як таго і патрабуе вайна. Перад ім стаіць задача данесці да партугальцаў усю праўду і сур’ёзнасць становішча, не ўпадаючы пры гэтым у папулізм ці панікёрства. Так, нас чакае рэзкае збядненьне краіны, ужо трэцяе па ліку ў новым тысячагоддзі. Яно пакіне глыбокі след у жыцці маладога пакалення і знішчыць чаканні мільёнаў нашых грамадзян. Канешне, нам пашанцавала, што мы можам разлічваць на падтрымку ЕЗ, але тым не менш расслабляцца нельга!», – падкрэслівае партугальскае выданне.
Агляд сусветнай прэсы падрыхтавала Вольга Сямашка.
