Агляд прэсы: праверка фарватару



Польшча і Беларусь: якія перспектывы міграцыйнага крызісу? Запуск «Паўночнага патоку-2» прыпынены. Разрадка ў адносінах паміж ЗША і Кітаем. Падрабязнасці свежых матэрыялаў замежнай прэсы.

«Надыходзяць халады, аднак на польска-беларускай мяжы па-ранейшаму шмат тысяч мігрантаў, якія час ад часу спрабуюць прарвацца на тэрыторыю Польшчы, а разам з ёй і Еўразвязу. Польшча выставіла ўзмоцненыя нарады паліцыі і падумвае аб тым, каб заклікаць на дапамогу НАТА. Тым часам Менск пачаў уладкоўваць для мігрантаў часовае жыллё, а ЕЗ аказвае ціск на авіякампаніі, рэйсамі якіх мігранты, як мяркуецца, дастаўляюцца ў Беларусь. «Бяздзеянне ЕЗ – на руку Лукашэнку і Пуціну», – адзначае шведская газета Dagens Nyheter.

«ЕЗ і Швецыя практыкуюцца ў стрыманасці. На мінулым тыдні ў Нямеччыне ўспаміналі лістападаўскія пагромы 1938 года, у выніку якіх габрэі, пазбаўленыя грамадзянства, былі выгнаныя з краіны і апынуліся заціснутымі на тэрыторыі паміж Польшчай і Нямеччынай у жахлівых умовах. Ніхто не хацеў іх прымаць. Цяпер Еўропа зноў дапусціла сітуацыю, пры якой цёмны лес паміж дзвюма краінамі ператвараецца ў зону жаху і роспачы для людзей, якія шукаюць дах над галавой. Лукашэнка і Пуцін жадаюць прадэманстраваць, што ў заходняга свету адсутнічае мараль – мараль, на якую самім Лукашэнку і Пуціну абсалютна пляваць. На фоне марознага надвор    ‘на знешняй мяжы ЕЗ, якія паступаюць практычна штогадзіны, яны могуць быць задаволеныя», – з горыччу адзначае шведскае выданне.

Увод у эксплуатацыю газаправоду «Паўночны паток-2», будаўніцтва якога завяршылася ў верасні, затрымліваецца. Федэральнае сеткавае агенцтва ФРГ часова прыпыніла працэс сертыфікацыі, спаслаўшыся на тое, што аператар павінен быць «юрыдычнай асобай, заснаванай у адпаведнасці з заканадаўствам Германіі». Еўрапейская прэса падзялілася ў меркаваннях: што гэта – простая фармальнасць, ці Берлін вырашыў усё перайграць?

На думку нямецкай газеты Süddeutsche Zeitung, гэтым крокам Федэральнае сеткавае агенцтва ФРГ не зможа спыніць сам праект.

«Некалькі гадзін звышурочнай працы для карпаратыўных юрыстаў, неабходны персанал – вось і ўсё рашэнне! Аднак куды характэрней тое, што фактычная мэта дадзеных прадпісанняў – недапушчэнне сітуацыі, пры якой пастаўшчык газу адначасова з’яўляецца адзіным аператарам сеткі размеркавання – у выніку можа быць зведзена да нулю. На іншым канцы трубаправоду заўсёды знаходзіцца адзін і той жа адпраўнік газу, які і запаўняе трубаправод, а менавіта – «Газпром». Так што гэты выпадак лішні раз дэманструе празмерную залежнасць Еўропы ад расейскага газу. Трубаправод з’яўляецца стратэгічнай зброяй у руках Масквы, і абясшкодзіць яго можна толькі за кошт падзення попыту», – падсумоўвае нямецкае выданне.

Лідары ЗША і Кітая правялі сустрэчу ў фармаце відэаканферэнцыі. Падчас размовы прэзідэнт ЗША Джо Байдэн падкрэсліў, што нельга дапусціць таго, каб суперніцтва дзвюх дзяржаў вылілася ў канфлікт. Сі Цзіньпін у сваю чаргу заявіў, што з такімі выклікамі, як змяненне клімату, можна справіцца толькі сумесна, на падставе добрых узаемаадносін. Раней Байдэн не раз крытыкаваў Пекін за яго дзеянні ў дачыненні да Ганконгу, Тайваня і ўйгурскай меншасці. «Нават калі сустрэча і не прынесла канкрэтных вынікаў, у любым разе гэта крок у правільным кірунку», – адзначае чэшская газета Večernji list.

«Было б няслушным расцэньваць вынікі гэтай віртуальнай сустрэчы як няўдачу. Сам факт таго, што паміж Пекінам і Вашынгтонам усталяваны дыялог – гэта ўжо велізарная палёгка ў параўнанні з эпохай Дональда Трампа, які на прыкладзе Кітая спрабаваў давесці сваю рашучасць і ўплыў у міжнародных адносінах, хаця падобная палітыка не прынесла амерыканскаму боку ніякіх канкрэтных вынікаў. Для дасягнення такіх, роўна як і для рэальнага паляпшэння двухбаковых адносін, якія далі расколіну, ад якіх залежыць будучыня і бяспека ўсяго свету, спатрэбіцца яшчэ больш такіх сустрэч, а таксама палітычная воля», – адзначае чэшскае выданне.

Нідэрландска-брытанскі нафтавы канцэрн Royal Dutch Shell збіраецца перавесці свой галаўны офіс з Гаагі ў Лондан і змяніць назву на Shell. Прычынай таму – адмова Нідэрландаў адмяніць падатак на дывідэнды. Урад Нідэрландаў заявіў, што рашэнне канцэрну стала для яго «непрыемным сюрпрызам».

«Буйныя канцэрны прыносяць краіне дабрабыт, але для гэтага ім патрэбная стабільная палітычная сітуацыя», – піша  нідэрландская газета De Telegraaf.

«Доўгія гады ўрад рабіў выгляд, што падатак на дывідэнды рана ці позна будзе адменены, аднак гэтага не адбылося. Усё гэта толькі ўмацоўвае ўражанне, што палітычнае кіраўніцтва краіны не адчувае сімпатыі да буйных кампаній і канцэрнаў, і таму вечна адыходзіць ад сваіх дамоўленасцяў. Такая зменлівасць шкодная для эканамічнага клімату: буйным карпарацыям патрэбныя стабільныя правілы. Калі не будзе стабільнасці, то канцэрны сыдуць, а з імі сыдуць працоўныя месцы і інвестыцыі. Без здаровай эканомікі наша краіна не зможа фінансаваць дзяржаву ўсеагульнага дабрабыту», – піша нідэрландскае выданне.

 Агляд сусветнай прэсы падрыхтавала Вольга Сямашка