Агляд прэсы: праз млявасць да Беларусі Еўропа можа згубіць сябе



Меры, якія Еўропа мусіць зрабіць, каб дапамагчы Беларусі. Рэжым не хоча слухаць ААН. Вокліч праз Швецыю: «Спыніце беларускага псіхапата». Падрабязнасці свежых матэрыялаў замежнай прэсы даведаемся ў аглядзе Вольгі Сямашка.

Брытанскі часопіс «The Economist» у раздзеле „Лідары” друкаванага выдання пад загалоўкам „Колеры тэрору” размясціў артыкул-заклік: «Свет не павінен ігнараваць сістэматычныя катаванні ў Беларусі».

З першых радкоў аўтар артыкулу засцерагае: “Скраўшы выбары, рэжым жорстка абыходзіцца з тымі, хто пярэчыць” і прыводзіць прыклад каляровай стратыфікацыі сілавікамі затрыманых беларусаў.

Зялёны колер азначае прыніжэнне, якое можа ўключаць сэксуальнае гвалт альбо пагрозу згвалтавання. Ён прызначаны для маладых мужчын, якія маюць дрэды, доўгія валасы або пірсінг. Жоўтая фарба наносіцца на тых, хто задае занадта шмат пытанняў альбо спрачаецца з АМАПам. Тых, хто спрабуе ўцячы альбо супрацьстаяць арышту, апырскваюць чырвонай фарбай і падвяргаюць катаванням настолькі жорсткім, што гэта можа пакінуць іх інвалідамі на ўсё жыццё.

Часопіс The Economist канстатуе: коляровыя коды сведчаць пра маштабы як дзяржаўнага тэрору, так і нацыянальнага руху супраціву. За апошнія чатыры месяцы было затрыманыя больш за 30 000 чалавек, каля 4 000 з іх заявілі, што падвяргаліся катаванням. Некалькі загінулі. Аб некаторых ніколі ўжо не даведаюцца.

Аўтар артыкулу настойвае: тое, што падобнае злоўжыванне можа мець месца ў краіне, якая мяжуе з Еўрапейскім Звязам, – гэта пляма для рэпутацыі цэлага кантыненту. Той адказ, які паступіў ад ключавых дзяржаў – сябраў ЕЗ «наўпрост млявы».

Часопіс The Economist прыходзіць да высновы, што асноўнай прычынай бяздзейнасці Еўропы і ўтрымання Лукашэнкі з’яўляецца Расея, якая заключыла своеасаблівы палітычны саюз з Беларуссю. Пуцін перасцярог Захад ад умяшання ў тое, што ён лічыць сваім падворкам. Пасля яго ўварвання ва Усходнюю Украіну ў 2014 годзе мала хто з заходніх лідараў гатовы пабарукацца. Але ёсць некалькі простых крокаў, якія яны маглі б і павінны зрабіць, пажадана разам.

Часопіс The Economist дае поўны і даназначы пералік такіх мераў.

Для пачатку краіны ЕЗ павінны спыніць закупкі хімічных рэчываў, бензіну і металу ў дзяржаўных фірмах Беларусі і ўвесці санкцыі супраць усіх, хто гэта зробіць. Яны павінны прапанаваць людзям Беларусі магчымасць справядлівасці, а катам – пакарання. Заходнія ўрады павінны ўзяць падказку з боку Літвы і Польшчы пры зборы доказаў і наладжванні расследаванняў злачынстваў супраць чалавечнасці. Яны павінны рабіць гэта не толькі дзеля беларусаў, але і каб шанаваць уласныя каштоўнасці. У наступным годзе, калі Джо Байдэн стане прэзідэнтам ЗША, ён павінен зрабіць тое ж самае.

Большасць сусветных сродкаў масавай інфамарцыі, у тым ліку амерканскую газету «The Seattle Times”, абляцела навіна «Кіраўнік па правох чалавека ААН скардзіцца на пагаршэнне сітуацыі ў Беларусі На сваіх старонках штотыднёвік штата Вашынгтон звяртае ўвагу на тое, што збіццё дэманстрантаў сіламі бяспекі ў некаторых выпадках могуць быць прызнаныя катаваннямі, і прыводзіць словы ўпаўнаважанай па правах чалавека Мішэль Бачэлет: „Пакаранні, накладзеныя на ўдзельнікаў акцый, узрастаюць”. Бачэлет звяртае ўвагу на „непатрэбнае ці непрапарцыйнае ўжыванне сілы”, з якой міліцыя „сістэматычна і ў большасці выпадкаў з прымяненнем гвалту” разганяе натоўпы пратэстоўцаў, якія „былі пераважна мірнымі”.

Газета The Seattle Times прыводзіць і словы пасла Беларусі пры ААН у Жэневе Юрыя Амбразевіча, які заявіў, што „не ўсе акцыі пратэсту былі мірнымі, і ў адказ праваахоўныя органы ўжывалі сілу, выкарыстоўвалі меры затрымання і спецыяльныя сродкі”. Пры гэтым пасол Беларусі не забываецца абвінавачваць Польшчу, Літву і Украіну ў тым, што яны выкарыстоўваюць сітуацыю ў Беларусі, каб „набіць кішэні”.

Выданне запэўнівае, што хоць тэхнічная група для ацэнкі сітуацыі ад ААН не атрымала доступу да Беларусі, усё ж можна не сумнявацца ў тым, што дыстанцыйнае назіранне за краінай будзе працягвацца.

Журналіст шведскай газеты «Dagens ETC» Андрэас Густаўсан па просьбе беларускі Крысціны напісаў пра яе артыкул „Яны мяне згвалтавалі дубінкамі” – праўда пра жорсткую вайну Лукашэнкі супраць апазіцыйных актывістаў.

Крысціна не можа кантраляваць кішачнік. Яна не ведае, ці зможа калі-небудзь нарадзіць дзяцей. У яе засталося толькі пяць зубоў.

Гэта тое, што зрабіў з ёй АМАП Лукашэнкі.

Журналіст прызнаецца, што не адразу паверыў пацярпелай. Падрабязнасці настолькі сур’ёзныя, настолькі сюррэалістычныя, настолькі перакручаныя, што ён папрасіў яе паказаць медычную дакументацыю.

Гінеколаг, які спецыялізуецца на рэканструкцыі пашкоджаных геніталій, пацвердзіў, што такія траўмы, якія атрымала Крысціна, звычайна назіраюцца ў жанчын з канфліктных раёнаў, дзе сэксуалізаваны гвалт выкарыстоўваецца для тэрарызму мірных грамадзян, так як у Дэмакратычнай Рэспубліцы Конга.

Выданне «Dagens ETC» падкрэслівае што пацярпелая прымала ўдзел у мірным пратэсце і дагэтуль не ведае, чаму з ёй абыйшліся настолькі жорстка. Падчас гвалту яна крычала і малілася. Расказала АМАПаўцам, дзе яна нарадзілася, што вучылася ва ўніверсітэце, якую футбольную каманду падтрымлівае – усё, што магла прыдумаць, каб знайсці агульную мову з адным з мужчын. Яны працягвалі, нічога не кажучы, нават адзін аднаму.

Журналіст Андрэас Густаўсан акцэнтуе ўвагу на тым, што пасля ўсяго Крысціне зрабілі экстраную аперацыю і пераліванне крыві. У рэшце рэшт зараз яна прыкавана да ложку пад уздзеяннем цяжкіх анальгетыкаў.

Першы намеснік міністра МУС Беларусі адмаўляе факты згвалтавання супрацоўнікамі міліцыі.

Дзяўчына прызнаецца журналісту швецкага выдання, што хоча выехаць з краіны, бо не мае патрэбнай медычнай дапамогі, баіцца вяртання сілавікоў і ўсяго рэжыму Лукашэнкі.

«Дапамажыце нам пазбавіцца ад гэтага псіхапата, які гвалціць уласных людзей», – звяртаецца яна праз швецкае выданне да ўсяго свету.

Агляд сусветнай прэсы падрыхтавала Вольга Сямашка.

Беларускае Радыё Рацыя