Агляд прэсы: простыя рэчы



Беларускі вайсковец асуджаны за ўцечку інфармацыі аб рэпрэсіях рэжыму. СМІ аналізуюць, як Аўстрыя паказала прыклад прававой дзяржавы. Падрабязнасці свежых матэрыялаў замежнай прэсы даведаемся ў аглядзе Вольгі Сямашка.

Амерыканскае выданне Military.com друкуе інфармацыю аб тым, што беларускага вайскоўца асудзілі на 18 гадоў пазбаўлення волі за выдачу дакумента, звязанага з рэпрэсіямі ўрада супраць пратэстаў.

«Афіцэра, капітана Дзяніса Урада абвінавацілі ў прадастаўленні СМІ копіі ўрадавай дырэктывы, якая заклікае вайскоўцаў дапамагчы ў ліквідацыі дэманстрацый. Вярхоўны суд Беларусі вынес Ураду 18-гадовы тэрмін зняволення і пазбавіў ваеннага звання за дзеянні, якія «наносяць шкоду нацыянальнай бяспецы», – піша амерыканскае выданне.

Military.com падсумоўвае, што агулам Лукашэнка пазбавіў 80 вайскоўцаў і міліцыянтаў званняў на падставе сувязяў апошніх з апазіцыяй.

«Лукашэнка, які кіруе былым савецкім народам больш за чвэрць стагоддзя, сутыкнуўся з масавымі пратэстамі, выкліканымі яго ілжывам перавыбраннем на шосты тэрмін у жніўні», – адзначае амерыканскае выданне,

 

Пракуратура Аўстрыі праводзіць расследаванне ў дачыненні да кіраўніка ўрада краіны Себасцьяна Курца. Пракуратура па пытаннях эканамічных злачынстваў і карупцыі падазрае канцлера у дачы ілжывых паказанняў парламенцкай камісіі па расследаванні скандалу Ібіца-гейт, які прывёў у 2019 годзе да адстаўкі ўрада ў складзе кансерватыўнай і правай партый.

Венгерская газета Azonnali з захапленнем піша пра тое, што правасуддзе ў Аўстрыі ўсё-такі носіць незалежны характар.

«У Аўстрыі юрыдычны кантроль існуе таксама і ў палітыцы. Пракуратура і Канстытуцыйны суд у стане выконваць сваю працу, а публічна-прававыя СМІ могуць свабодна выказваць крытыку. У Вугоршчыне такога няма. Юрыдычны кантроль над урадам, калі такі і маецца, існуе толькі на паперы, якой можна ў крайнім выпадку памахаць перад носам замежных крытыкаў, якія ўказваюць венграм на тыя ці іншыя парушэнні», – адзначае венгерскае выданне.

 

У суботу ў Вільні праціўнікі пашырэння правоў ЛГБТ і рэалізацыі Стамбульскай канвенцыі заклікалі да правядзення ў сталіцы Леітвы так званага «Марша за сям’ю». Аглядальнікі разважаюць аб змене ўяўленняў пра сям’ю ў літоўскім грамадстве, а таксама пра тое, што ў чалавека павінна быць права на сваё асабістае меркаванне.

Літоўская газета Delfi папярэджвае аб тым, што агульная крытыка ў адрас дэманстрантаў скажае погляд на сутнасць самой праблемы:

«Ды хай яны сабе маршыруюць! Тое, чаго насамрэч варта асцерагацца, гэта бюракратыя, узмацненне кантролю над грамадствам і так званы «добры палітычны густ», які жадае зрэзаць асноўныя правы грамадзян, дэмантаваць дэмакратыю, умяшацца ў нашае прыватнае жыццё і, у канчатковым выніку, разбурыць канцэпцыю індывіда як незалежнага сацыяльнага элемента. За іх і нашу свабоду! Мы – не ворагі, у нас маеццца агульны вораг».

 

У многіх краінах Еўропы абмяркоўваецца ідэя прыняцця новых законаў, пры дапамозе якіх плануецца дабіцца зніжэння ўзроўню выкідаў парніковых газаў і, такім чынам, супрацьдзейнічаць змяненню клімату. Прэса разважае пра тое, ад чаго нам прыйдзецца адмовіцца дзеля дасягнення гэтых мэтаў і як знайсці баланс паміж аховай навакольнага асяроддзя і эканамічным ростам.

Вялікабрытанія таксама мае намер дасягнуць кліматычнай нейтральнасці да 2050 года, пра што заявіў прэм’ер-міністр Барыс Джонсан. Як адзначае брытанская газета The Times, улада не мае права хаваць ад насельніцтва, што шлях гэты будзе нялёгкім:

«Шматлікім жыхарам Вялікабрытаніі, ды і іншых краін, гэты груз можа падацца вельмі цяжкім. Калі мы сур’ёзна маем намер процідзейнічаць змяненням клімату, то наступны этап барацьбы апынецца куды больш суворы за папярэдні. Неабходна ўзяцца за вырашэнне праблемы імпартуемых выкідаў і прызвычаіцца да думкі, што звыклы стыль жыцця давядзецца мяняць. Ураду давядзецца змяніць палітыку цёплых слоў на прыняцце канкрэтных цяжкіх рашэнняў. Яму давядзецца пайсці на непапулярныя меры ў сферы коштаў на газ, акцызаў на паліва. Калі ж спрабаваць пераканаць насельніцтва, што ўсё пройдзе проста і гладка, то ёсць рызыка, што ў выніку наогул нічога не атрымаецца зрабіць».

Агляд сусветнай прэсы падрыхтавала Вольга Сямашка.

Беларускае Радыё Рацыя