Агляд прэсы: Пуцін і беларуская сітуацыя



Пуцін спрабуе унікнуць актыўнага ўдзелу ва ўнутрыбеларускім канфлікце. Еўропа імкнецца пакараць Расею, а не саму сябе, таму пытанне санкцый не так лёгка вырашаецца.

Такімі тэмамі задаюцца замежныя журналісты і эксперты. Падрабязнасці свежых артыкулаў замежнай прэсы даведаемся ў аглядзе Кастуся Багушэвіча:

– Суверэнітэту Беларусі пакуль нічога не пагражае, бо прэзідэнт Расеі Уладзімір Пуцін спрабуе максімальна адхіліцца ад сітуацыі ў суседняй краіне. Такое меркаванне ў эфіры тэлеканала «Украіна 24» выказаў беларускі палітолаг Аляксандр Фядута.

Цытата: «Цалкам відавочна, што Пуцін робіць усё, каб яго не ўцягнулі ва ўнутрыбеларускі палітычны канфлікт, ён усяляк адмяжоўваецца ад Лукашэнкі. Улічваючы тое, што яму давялося-такі павіншаваць яго з выбраннем, мы памятаем, што ў свой час ён і Віктара Януковіча двойчы віншаваў», – сказаў ён. На думку эксперта, Пуцін будзе дамаўляцца пра нешта ўжо з новым кіраўніцтвам Беларусі. «На маю думку, суверэнітэту Беларусі нічога не пагражае, таму што Пуцін цвяроза разумее, што любое рашэнне, якое цяпер падпіша Лукашэнка, будзе абскарджана, і яму гэта не трэба. Яму патрэбныя развязаныя рукі для таго, каб ён мог весці дыялог з будучым кіраўніцтвам Беларусі. Іншая справа, што Пуцін робіць усё для таго, каб Лукашэнка як мага хутчэй сышоў, ён не можа дапусціць яго звяржэння», — сказаў Фядута, ягоныя словы прагучалі ў эфіры ўкраінскага тэлеканала „Украіна 24”.

Дацкае выданне Berlingske піша пра газавыя справы Расеі ў Еўропе. Цэны на акцыі былі крывава-чырвонымі, а перспектывы „Газпрома”, самай вялікай і дарагой кампаніі Расеі, — змрочнымі. Так было ў лютым 2014 года, пасля таго як прэзідэнт Расеі Уладзімір Пуцін адправіў войскі ў суседнюю Украіну. Праз пару тыдняў Пуцін абвясціў, што ўкраінскі паўвостраў Крым цяпер належыць Расеі. Гэта стала новым паваротам у гісторыі Еўропы. Еўрапейскія краіны пагражалі санкцыямі, а расейская энергетычная галіна баялася, што казачнаму экспарту, які сілкаваў яе шмат гадоў, прыйдзе канец. Няўжо Еўропа працягне купляць расейскі газ пасля ўсяго гэтага? Сёння мы ведаем адказ на гэтае пытанне: так. У наступныя гады ніякіх дзірак у экспарце „Газпрома” не ўтварылася. Наадварот, ён нават дасягнуў новых вышынь. 2015, 2016 і 2017 гады сталі рэкорднымі па продажах расейскага газу ў Еўропу. А вось сама Еўропа стала здабываць менш газу. Таму Данія, якая нарошчвае імпарт расейскага газу, проста трымаецца агульнаеўрапейскай тэндэнцыі. Пра гэта кажа Арылд Муэ, старшы навуковы супрацоўнік нарвежскага Інстытута Фрыцьафа Нансэна. «Можна сказаць, гэта парадокс: расейскі экспарт вельмі вырас за гады пасля вялікага палітычнага крызісу 2014 года”, — кажа ён. Аднак суровая рэчаіснасць такая, што ўласная вытворчасць газу ў Еўропе — напрыклад, у Паўночным моры — скарачаецца, і ў бліжэйшыя гады гэты працэс толькі паскорыцца. «Па ўсім кантыненце мы бачым адну і тую ж карціну. Возьмем, скажам, Нідэрланды, якія выраблялі вельмі шмат газу, а цяпер усё больш маюць патрэбу ў імпарце», – разважае Арылд Муэ, адзін з суаўтараў новай кнігі пра расейскую энергетычную палітыку. Аднак, падкрэслівае нарвежскі даследчык, гэта не значыць, што Еўропа не ў стане справіцца з расейскім імпартам. Спад здабычы газу ў Еўропе відавочны. Чакаецца, што нават у багатай сыравінай Нарвегіі яго вытворчасць застанецца на ранейшым узроўні да сярэдзіны 20-х гадоў, а затым пачне скарачацца, калі не выявяцца новыя вялікія радовішчы. У Расеі ёсць праблемы з санкцыямі, карупцыяй і арктычнымі радовішчамі, якія цяжка распрацоўваць. Але ў гэтай краіны па-ранейшаму самыя вялікія запасы газу.

«Заходнія краіны старанна падкрэслівалі, што санкцыі не павінны кранацца дзеючых кантрактаў. Яны закранулі нафту і збольшага здабычу газу — але не пастаўкі. Еўропа імкнулася пакараць Расею, а не саму сябе», — кажа Муэ. А што пра „Паўночную плынь-2”? Праціўнікі трубаправода лічаць, што яго будаўніцтва «ўзнагародзіць» пуцінскую Расею, у той час як санкцыі накіраваныя на адваротнае. Акрамя таго, у Нямеччыне алею ў агонь дэбатаў аб праекце падліло атручэнне расейскага апазіцыйнага палітыка. «Ды і абстаноўка зараз такая, што, строга кажучы, неабходнасці ў „Паўночнай плыні-2” няма. Ва ўжо існуючых трубаправодаў ёсць вольныя магутнасці. Але праз некалькі гадоў ён можа і спатрэбіцца ў залежнасці ад нашых цяперашніх рашэнняў», — кажа Арылд Муэ.

Паводле яго ацэнак, расейскі экспарт у краіны Еўразвязу, верагодна, працягне расці, але роля газу ў агульным энергазабеспячэнні скароціцца, піша Berlingske.

Беларускае Радыё Рацыя

Фота: РИА Новости