Агляд прэсы: пуцінскі пратэктарат



Сакрэтны план Пуціна па ўзбраенні ў Беларусі. Ваенныя вучэнні ў Беларусі: заклапочанасць нарастае. Падрабязнасці свежых матэрыялаў замежнай прэсы даведаемся ў аглядзе Вольгі Сямашкі.

«Украінскія і заходнія вайсковыя інсайдэры асцерагаюцца, што сумесныя вучэнні, якія пачаліся ў Беларусі, будуць выкарыстоўвацца Пуціным у якасці прыкрыцця беспрэцэдэнтнай інтэграцыі расейскіх і беларускіх войскаў, а таксама кантрабанды зброі і войскаў праз мяжу для дапамогі крамлёўскім сепаратыстам ва Ўкраіне», – паведамляе амерыканская газета The Daily Beast.

Выданне падкрэслівае, што ўмовы для ваенных дзеянняў супраць Украіны зараз больш высокія, чым калі-небудзь за апошнія некалькі тыдняў.

«Маюцца прыкметы таго, што любыя ваенныя дзеянні, уключаючы абмежаванае ўварванне і анэксію спрэчных усходніх рэгіёнаў, якія ў цяперашні час кантралююцца прарасейскімі сепаратыстамі, будуць прымеркаваны да трох адначасовых падзей напрыканцы лютага. 20-га лютага, спаўняецца восьмая гадавіна самага смяротнага дня пратэстаў Еўрамайдана, і ён з’яўляецца «вялізным спускавым механізмам», які можа прымусіць замежных актараў выкарыстаць пратэсты як прыкрыццё для прамых дзеянняў. Калі Расея думае пра нейкую маштабную ваенную эскалацыю, то Данбас быў бы для іх куды лепшым месцам, і яны маглі б перадыслакаваць туды свае войскі пасля завяршэння сумесных расейска-беларускіх вучэнняў 20 лютага, што супадае з цырымоніяй закрыцця Зімовых Алімпійскіх гульняў», – папярэджвае амерыканскае выданне і дэманструе спадарожнікавыя здымкі, дзе паказанае вялізнае скапленне расейскіх войскаў на поўдні Беларусі, уключаючы палявы шпіталь і вайсковае жыллё на аэрадроме Зяброўка, менш чым у 15 мілях ад мяжы з Украінай.

З прычыны маштабных ваенных манеўраў, якія праводзяцца Расеяй і Беларуссю каля межаў Польшчы і Украіны, атмасфера пагаршаецца, а засцярогі ўзмацняюцца: прэзідэнт ЗША Байдэн заклікаў грамадзян ЗША, якія знаходзяцца ва Украіне, неадкладна пакінуць краіну, а генеральны сакратар НАТО Столтэнберг назваў становішча, якое склалася «небяспечным момантам». Як адзначае РИА Новости, тактыку Пуціна разгадаць нескладана:

«Логіка Пуціна і яго тактыка ў цяперашнім крызісе зусім зразумелыя: гэта яго любімае дзюдо. Пуцін вырашыў выкарыстаць супраць Захаду ягоную ж зброю, перахапіць энэргію і сілу атлантыстаў, павярнушўы іх супраць іх саміх. Захад прыдумаў «страшнага дыктатара і агрэсара Пуціна», і рэальны Пуцін проста вырашыў згуляць на гэтым. Яму патрэбен разлад унутры Захаду і тое, што ўжо прагучала з боку атлантыстаў: мы не будзем ваяваць з Расеяй за Украіну. Гэта і так было зразумела, але вельмі важна, што гэта зафіксавана публічна. Гэта важны рубеж, з якога Расея працягне сваю стратэгію па вяртанні Украіны. Мірным шляхам, але выкарыстоўваючы для гэтага ў тым ліку ўсе заходнія міфы і страхі», – папярэджвае расейскае выданне.

Аўстрыйскую народную партыю, якая і так панесла немалыя страты ў сувязі з адстаўкай Себасцьяна Курца з пасады канцлера, скалынаюць новыя скандалы. Паводле апошніх паведамленняў, былы міністр унутраных спраў ад АНП Вольфганг Саботка займаўся пратэжаваннем прыхільных да яго людзей пры прызначэнні кіруючых чыноў у аўстрыйскай паліцыі. Пра гэта сведчыць перапіска ў чаце, якая стала здабыткам грамадскасці. Саботка займае пасаду старшыні Нацыянальнай рады (ніжняй палаты аўстрыйскага парламенту) і мае намер узначаліць камісію па расследаванні абвінавачванняў у карупцыі, якія высоўваюцца ў адрас яго ж уласнай партыі. Аўстрыйская газета Der Standard заклікае палітыкаў узяцца за розум.

«Аўстрыя тэрмінова мае патрэбу ў палітычнай перазагрузцы. Для яе ажыццяўлення маецца цэлы шэраг прадугледжаных заканадаўствам і цалкам дзейсных мер, як тое: больш жорсткія дырэктывы па супрацьдзеянні карупцыі, новае антыкарупцыйнае крымінальнае заканадаўства; адмена службовай таямніцы, новы закон аб партыйным фінансаванні, які забяспечыць эфектыўны кантроль партыйных фінансаў, а таксама Закон аб свабодным доступе да інфармацыі. Аднак найперш перазагрузка павінна пачацца з другога боку. Гаворка ідзе пра змену мыслення, змену ментальнага ладу мыслення. І больш за ўсіх мае ў гэтым патрэбу Аўстрыйская народная партыя. Менавіта яе прадстаўнік займае пасаду канцлера, і менавіта гэтая партыя стаіць ля штурвала ў большасці федэральных земляў», – адзначае аўстрыйскае выданне.

Карпарацыя Meta заявіла, што не зможа прапаноўваць некаторыя «прадукты і паслугі, у тым ліку Facebook і Instagram, у Еўропе», калі не будзе знойдзена юрыдычна бяспечных спосабаў перадачы персанальных дадзеных з тэрыторыі Еўропы ў ЗША. Пасля Meta абвергла абвінавачванні ў тым, што гэта была пагроза пакінуць Еўропу, аднак нават такі сцэнар не занадта ўразіў аглядальнікаў. Грэцкая газета Avgi піша:

«Пагроза Meta пакінуць ЕЗ – гэта выкрутасы, накіраваныя на тое, каб аказаць ціск на палітыкаў па абодва бакі Атлантыкі з тым, каб яны неадкладна распрацавалі і ўкаранілі новую прававую базу для перадачы даных, перш за ўсё ў ЗША, паколькі еўрапейскія ўлады асабліва ўпарцяцца менавіта па гэтым пытанні. Дарэчы, кампанія Meta, якая перажывае цяпер глыбокі крызіс, наўрад ці акрыяла б ад удару, якім стане для яе магчымае прыпыненне дзейнасці на тэрыторыі ЕЗ. Аднак агучаная Цукерберг пагроза сведчыць таксама аб моцы і ўплыве лічбавых кампаній-гігантаў. Сыход Meta азначаў бы страту тысяч працоўных месцаў у ЕЗ, у першую чаргу ў Ірландыі».

Агляд сусветнай прэсы падрыхтавала Вольга Сямашка

[manual_related_posts]