Агляд прэсы: работа над памылкамі



Сусветныя СМІ вітаюць доўгачаканае агучванне пазіцыі ЗША па пытаннях міжнароднай палітыкі.  У Румыніі вынесены першы прысуд за адмаўленне Халакосту. Падрабязнасці свежых матэрыялаў замежнай прэсы даведаемся ў аглядзе Вольгі Сямашка.

Нямецкая газета Die Zeit параўноўвае пратэсты ў Расеі і Беларусі. «Іх аб’ядноўваюць слоганы і лютасць: пратэсты цесна звязаны адзін з адным. Аднак цяпер расейская апазіцыя сыходзіць з беларускага шляху», – заўважае журналістка Сімонэ Брунэр. Паводле яе меркавання, Расея пакуль не пойдзе па беларускім сцэнары з пастаяннымі пратэстамі штовыходныя, як гэта меркавалася ў апошні час. Пратэсты таксама не параўнаць па маштабе: у той час як у Беларусі ў першыя выходныя пасля выбараў у Менску, дзе пражывае 2 млн чалавек, у пратэстах удзельнічалі 200 тыс. людзей, то ў Маскве з 12 млн жыхароў, пратэставалі 40 тыс. чалавек. Ды і такой шырокай сацыяльнай базы як у Беларусі ў расейскіх пратэстаў пакуль няма. Аднак расейскія сілавікі паказалі сваю «гатоўнасць да беларускага сцэнару па сілавым падаўленні».

«А таму, як бы не скончыліся пратэставыя рухі ў Расеі і Беларусі, яны, верагодна, і далей будуць выклікаць хваляванні на вуліцах», – рэзюмуе Die Zeit і прыводзіць цытату гісторыка Яна Берэндса, эксперта па Усходняй Еўропе: «Час рэпрэсіўнай стабільнасці ў постсавецкіх аўтакратыях падышоў да канца».

 ***

Прэзідэнт ЗША Джо Байдэн выступіў у Дзярждэпартаменце з першай прамовай па пытаннях знешняй палітыкі. Ён пералічыў асноўныя пункты знешнепалітычнага курсу новай адміністрацыі. У адрозненне ад свайго папярэдніка Трампа, ён выказаўся за ўзмацненне супрацоўніцтва з саюзнікамі ЗША. А вось у дачыненні да Масквы – і не толькі – з яго боку прагучалі папераджальныя ноткі.

Брытанская газета The Observer адзначае, што па меншай меры па двух важных пытаннях новы прэзідэнт выбраў правільную інтанацыю.

«Джо Байдэн і дзяржсакратар Энтані Блінкен сярод усяго іншага маюць намер вярнуцца да вырашэння канцэпцыі «дзве дзяржавы для двух народаў» у дачыненні да Палестыны і Ізраіля. Дональд Трамп і прэм’ер-міністр Ізраіля Біньямін Нетаньяху хацелі любой цаной паставіць на гэтым варыянце крыж. Так што не выключаецца, што ў адносінах ЗША з Ізраілем будзе расці напружанасць. Гэта неабавязкова дрэнна, калі ў выніку ў блізкаўсходняй палітыцы будзе адноўлена раўнавага – і з’явяцца новыя перспектывы. Акрамя таго, рэзкія словы Байдэна ў адрас Уладзіміра Пуціна – «ЗША больш не будуць бяздзейнічаць, назіраючы за агрэсіўнымі дзеяннямі Расеі» – сведчаць пра даўно наспелую карэкціроўку курсу», – вітае палітычны вектар ЗША брытанскі штотыднёвік.

 ***

Французская газета Le Figaro сведчыць, што ў Еўразвязе ўсталявалася дваістая пазіцыя  пасля абразы, нанесенай Жазэпу Барэлю ў Расеі.

«У Брусэлі не асабліва спяшаюцца каментаваць апошнія правакацыі Крамля, у тым ліку высылку трох еўрапейскіх дыпламатаў – немца, паляка і шведа» – адзначае журналістка Ганна Рован. «Гэта яшчэ раз дэманструе тое, наколькі сталіцы разыходзяцца ў падыходзе да вырашэння расейскага пытання, у прыватнасці, да складанага пытання пра санкцыі».

Французскае выданне адзначае, што пасля ўварвання ў Крым у 2014 годзе Еўропа перастала думаць пра Расею ў стратэгічным ключы. Тое, як прайшла паездка Жазэпа Барэля, можа адрадзіць ідэю аб тым, што ніколі не варта размаўляць з расейцамі. Аднак агульны расклад ускладняе пытанне аб вакцынах, паколькі ЕЗ спазняецца з правядзеннем сваіх кампаніяў вакцынацый. У прыняцці стратэгічных рашэнняў на Еўропу цісне даследаванне, праведзенае часопісам The Lancet, дзе прыводзіцца выснова пра тое,  што расейская вакцына „Спадарожнік V” эфектыўная, больш чым на 91%.

***

Раённы суд Бухарэста прысудзіў Васіле Зэрнеску, які дзесяцігоддзямі публічна адмаўляў Халакост, да турэмнага зняволення тэрмінам 13 месяцаў умоўна. Суд упершыню скарыстаўся магчымасцю пакарання за адмаўленне Халакосту, уведзенай у краіне ў 2002 годзе. Па законе вінаватым можа пагражаць да пяці гадоў турмы. Румынская газета Newsweek România вітае прысуд і заклікае прымаць больш рашучыя меры.

«Ведаеце, колькі крымінальных спраў было адкрыта ў мінулым годзе ў сувязі з адмаўленнем Халакоста, стварэннем фашысцкіх арганізацый, прапагандай культу дзеячаў, якія ўдзельнічалі ў генацыдзе або здзяйснялі ваенныя злачынствы? 65. І ці вядома, колькі абвінавачаных было ў выніку асуджана? Адзін-адзіны чалавек. Румынская дзяржава павінна зрабіць барацьбу з адмаўленнем Халакоста сваім прыярытэтам. Бо наперадзе нас чакае лямант прыхільнікаў румынскага фашызму аб іх пераследзе ўладамі».

 Агляд сусветнай прэсы падрыхтавала Вольга Сямашка.