Агляд прэсы: раскол свету



Беларусь можа даць Расеі ўзбраенне і тэхніку для ваенных дзеянняў ва Украіне. Вайна двух супрацьлегласцяў у свеце. Мухамед ібн Салман наведаў Анкару. Выстава Documenta: скандал вакол антысеміцкіх малюнкаў. Падрабязнасці свежых матэрыялаў замежнай прэсы даведаемся ў аглядзе Вольгі Сямашкі.

«Улічваючы значныя страты Расеі зброі і ваеннай тэхнікі, а таксама некалькі лепшы стан і ўмовы захоўвання такой тэхнікі на сховішчах Узброеных Сіл Беларусі, не выходзіць за межы магчымасцяў, што наш сусед Беларусь будзе аказваць расейскаму агрэсару дапамогу з названай зброяй і ваеннай тэхнікай», – цытуе намесніка начальніка Галоўнага аператыўнага ўпраўлення Генеральнага штаба Збройных сіл Украіны Аляксея Громава ўкраінскае выданне pravda.com.ua.

«Потым тэхніка магла быць перакінута на Данецкі або Херсонскі франты з мэтай узмацнення груповак праціўніка. Па словах Громава, таксама было выяўлена, што Беларусь актыўна будуе ваенную інфраструктуру на тэрыторыі былой авіябазы Зяброўка ў Гомельскай вобласці, каля Чарнігава. Генштаб не выключае магчымасці таго, што рэжым Лукашэнкі можа даць Расеі выкарыстоўваць авіябазу для стварэння там яшчэ адной расейскай ваеннай базы. Громаў падкрэсліў, што пагроза выкарыстання тэрыторыі і паветранай прасторы Беларусі для ракетных удараў застаецца. Расейскія дыверсійна-выведвальныя групы таксама могуць дзейнічаць на ўкраінскай тэрыторыі, у прыватнасці, з мэтай стварэння дыверсій на шляхах забеспячэння ўкраінскіх вайскоўцаў. Аднак Рэспубліка Беларусь не мае рэсурсаў для правядзення поўнамаштабнага наступу на вялікую тэрыторыю Украіны», – падкрэслівае ўкраінскае выданне.

***

Захад даволі аднадушна адрэагаваў на ўварванне Расеі ва Украіну. Але за межамі ЗША і Еўропы стаўленне да таго, што адбываецца, не гэтак адназначна. Па ініцыятыве Пекіна, у чацвер, прайшоў віртуальны саміт групы БРІКС, у якую апроч Кітая ўваходзяць Бразілія, Расея, Індыя і Паўднёвая Афрыка. Аглядальнікі пішуць пра тое, які светапарадак складаецца сёння на нашых вачах.

«Захаду не варта здзіўляцца», – піша польская газета Polityka.

«Ужо сам факт правядзення саміту БРІКС з удзелам усіх чальцоў гэтай групы ў той час, калі Расея парушае міжнародныя нормы, з’яўляецца абуральным. Праблема ў тым, што тут прадстаўлены толькі еўраатлантычны пункт гледжання. Пуцін і яму падобныя дзесяцігоддзямі выкоўвалі свой парадак, у якім дзейнічаюць іншыя правілы, чым у НАТО ці ЕЗ. І было б наіўна меркаваць, што гэты парадак зараджаецца толькі зараз. Вашынгтон, Берлін і Брусель занадта доўга глядзелі ў бок, ці толькі адзін на аднаго, закрываючы вочы на гэтыя гэтак адрозныя ад іх кірункі эканамічнага і дыпламатычнага супрацоўніцтва», – падкрэслівае польскае выданне.

***

У сераду спадчынны прынц Саудаўскай Аравіі Мухамед ібн Салман Аль Сауд наведаў Турцыю. Гэта стала яго першым візітам у краіну пасля таго, як у саудаўскім консульстве ў Стамбуле быў забіты журналіст Джамаль Хашогі. Цяпер абедзве краіны прыкладаюць намаганні да аднаўлення адносін. Наколькі гэта дарэчы, задаецца пытаннем еўрапейская прэса. «Сёння наўрад ці хто заікаецца аб правах чалавека», – такім назіраннем дзеліцца харвацкая газета Jutarnji list.

«Якая склалася міжнародная абстаноўка – на руку прынцу Махамеду ібн Салману, які выкарыстоўвае сваё надмернае багацце і нафту Эр-Рыяда для таго, каб перавабліваць на свой бок заходніх лідэраў і прыватных бізнесменаў. Ён спадзяецца на тое, што змена геапалітыкі і акцэнт на сацыяльных і эканамічных рэформах змякчыць крытыку ў дачыненні да парушэння правоў чалавека ў яго ўласным каралеўстве», – піша харвацкае выданне.

***

На выставе сучаснага мастацтва Documenta, якая праходзіць у нямецкім горадзе Касэль, разгарэўся неабыякі скандал: адным з экспанатаў стала праца, поўная антысеміцкіх клішэ. Аўтары – група мастакоў з Інданезіі пад назвай Taring Padi. У выніку скандалу карціна была выдаленая з выставы, а аўтары твору прынеслі свае прабачэнні. Ці ўсё дазволена ў мастацтве, і дзе праходзіць грань паміж мастацтвам і прапагандай?
Аўстрыйская газета Die Presse паказвае на тую праблему, што ў дадзеным выпадку адказныя асобы спрабуюць схавацца за спіной «калектыва».

«Свабода, у тым ліку і ў мастацтве, грунтуецца на адказнасці. На тым, што вольны актор, у тым ліку і мастак, спрабуе ўсвядоміць наступствы сваіх дзеянняў. На тым, што ён усведамляе сябе індывідам, які нясе адказнасць за ўласныя словы і ўчынкі. Наколькі прыкрай можа быць адмова ад гэтага, відаць па нікчэмнай рэакцыі Documenta на абвінавачванні ў антысемітызме і ў канчатковым выніку на гэты безумоўна скандальны выпадак: выява, поўная непрыкрытых антысеміцкіх стэрэатыпаў. Калектыў куратараў пад назвай Ruangrupa запрасіў калектыў мастакоў, пад назвай Taring Padi, і ў выніку ніхто не нясе адказнасці! У гэтым і заключаецца праблема калектыўных рашэнняў», – піша аўстрыйскае выданне.

Агляд сусветнай прэсы падрыхтавала Вольга Сямашка.

Беларускае Радыё Рацыя

[manual_related_posts]