Агляд прэсы: разбор палётаў



Ці Байдэн «б`е баклушы», пакуль ў Беларусі катуюць выкрадзенага журналіста? ЗША ўвялі санкцыі супраць балгарскіх алігархаў. Справа збітага боінга MH17: надышоў час перайсці да разгляду фактаў. Падрабязнасці свежых матэрыялаў замежнай прэсы даведаемся ў аглядзе Вольгі Сямашкі.

«Толькі адно відаць з чацвертай трансляцыі заплаканага дысідэнта, беларускага журналіста і апазіцыйнага актывіста Рамана Пратасевіча, які заявіў пра сваю павагу да дыктатара Аляксандра Лукашэнкі. Яго яўна катавалі», – катэгарычна адзначае амерыканскае выданне New York Post.

Выданне таксама прыводзіць словы бацькі журналіста, Дзмітрыя Пратасевіча: «Збілі яго – вы бачыце сляды. Усе яго словы – вынік псіхалагічнага і фізічнага гвалту».

«Цяпер кіраўнік Беларусі дадаў катаванні да незаконнага выкрадання чалавека, які павінен быў быць абаронены міжнародным правам. Што б Байдэн ні рабіў, гэта павінна быць яшчэ больш жорсткім: Лукашэнку і яго блізкаму атачэнню трэба пакутаваць, пакуль яны не вызваляць Пратасевіча і не выплацяць шкоду за яго пакуты», – піша New York Post.

 

Кіраўніцтва ЗША ўвяло маштабныя санкцыі супраць некалькіх вядомых балгарскіх грамадзян і кампаній, якія належаць ім. Як гаворыцца ў апублікаваным прэс-рэлізе, мэта палягае ў тым, каб прыцягнуць да адказнасці карумпаваных асобаў і падтрымаць вяршэнства права ў Балгарыі. У паведамленні згадваюцца і высокапастаўленыя палітыкі; хаця імёны не названыя прамым тэкстам, балгарская прэса адзначае, што ўсім і так усё ясна.

На думку балгарскага выдання e-vestnik, цяперашнія санкцыі адрасаваныя экс-прэм’еру Барысаву:

«ЗША вельмі добра вядома, хто што ўзяў і хто што аддаў. У іх няма сумненняў у датычнасьці Барысава, нават калі яны не заяўляюць пра гэта афіцыйна. У ФБР маецца жалезны прынцып: калі нешта падобна на карупцыю і калі гэта пахне карупцыяй – то гэта і ёсць карупцыя. Генеральная пракуратура Балгарыі, аднак, кіруецца іншым прынцыпам: нават калі ёсць доказы і сведкавыя паказанні, гэта ўсё роўна не павінна закрануць Барысава».

 

Буйныя міжнародныя карпарацыі павінны будуць надалей раскрываць інфармацыю аб сваёй прыбытку і падатковых плацяжах у краінах ЕЗ. Пасля пяці гадоў няпростых перамоваў прадстаўнікі краін Еўразвязу і Еўрапарламент узгаднілі меры, закліканыя павялічыць падатковую празрыстасць.

„Новыя правілы празрыстасці сталі прарывам і ў палітычным сэнсе», – з задавальненнем адзначае французскі эканамічны веснік Les Echos.

«Дэпутаты Еўрапарламенту ў Брусэлі на працягу амаль дзесяцігоддзя ва ўпартай барацьбе спрабавалі пераадолець супраціў урадаў еўрапейскіх краін. Ім удалося абысці перашкоду, зрабіўшы дырэктыву пытаннем бухгалтарскага ўліку, а не падаткаабкладання: для таго, каб пазбегнуць неабходнасці прымаць аднагалоснае рашэнне. Пры гэтым варта памятаць, што магутным рычагом, які дазволіў зрушыць справу з мёртвай кропкі, стаў ціск грамадскасці. У 2015 годзе менавіта грамадская думка вымусіла ўлады Люксембургу адмяніць банкаўскую таямніцу. Яна ж можа прымусіць Ірландыю прыняць агульнасусьветную мінімальную падатковую стаўку і лічбавы падатак. Супраціў яшчэ не спыніўся, але падатковая рэвалюцыя, падобна, сапраўды пачалася», – піша французскае выданне.

 

«Амаль праз сем гадоў пасля таго, як над ўсходняй Украінай быў збіты самалёт авіякампаніі Malaysia Airlines, які рухаўся рэйсам MH17, у панядзелак у Гаазе пачаўся разгляд справы па сутнасці. У сувязі з асаблівымі мерамі бяспекі працэс будзе праходзіць у судовым комплексе побач з амстэрдамскім аэрапортам Схіпхол», – піша нямецкае выданне Die Tageszeitung, нагадваючы, што пры крушэнні самалёта загінулі 298 чалавек.

Выданне адзнчае, што паколькі найбольшая колькасць ахвяр – 193 чалавекі – былі з Нідэрландаў, краіны-ўдзельніцы Сумеснай следчай групы (Joint Investigation Team, JIT) вырашылі весці судовае разбіральніцтва па гэтай справе ў гэтай краіне. Вета Расеі ў Савеце Бяспекі ААН па справе MH17 не дазволіў правесці раней запланаваны судовы працэс у трыбунале ААН.

«У 2019 годзе расследаванне, якое група JIT праводзіла ў апошнія гады, прыйшоў да высновы, што ракета БУК, якая збіла рэйс MH17, была выпушчаная прарасейскімі паўстанцамі і дастаўлена з 53-й зенітнай брыгады Курску. Расея адхіляе любую адказнасць. Чакаецца, што акрамя чатырох абвінавачваемых будуць раскрытыя і іншыя імёны, і будзе выяўленая сувязь з міністрам абароны Расеі», – адзначае нямецкі TAZ.

Агляд сусветнай прэсы падрыхтавала Вольга Сямашка.

Беларускае Радыё Рацыя