Агляд прэсы: «роявыя» гульні



Апытанне беларусаў паказала, што менавіта гвалт сілавікоў спарадзіў хвалі пратэсту. Еўрапейскія СМІ назіраюць за візітам Барэля ў Крэмль на фоне недахопу выкцыны для Еўропы, які можа папоўніць «Спадарожнік V». Падрабязнасці свежых матэрыялаў замежнай прэсы даведаемся ў аглядзе Вольгі Сямашка.

Брытанскае выданне The Conversation апублікавала вынікі даследавання «Чаму людзі выходзяць на вуліцы ў Беларусі – новыя дадзеныя». Апытанне праз Інтэрнэт праводзіў берлінскі Цэнтр усходнееўрапейскіх і міжнародных даследаванняў у снежні 2020 году. Выбарка паказала, што па меншай меры 700 000 з 5 мільёнаў чалавек, прынялі ўдзел у пратэстах.

«Згодна з першымі вынікамі, мужчыны часцей заяўляюць, што ўдзельнічалі ў акцыях пратэсту, як і людзі, якія жывуць у вялікіх гарадах, і людзі без дзяцей. Людзі, якія працуюць у прыватным сектары, былі найбольш прыкметнай групай прадстаўнікоў пратэстаў, бо за імі ішлі людзі, занятыя ў дзяржаўным сектары, такія як ахова здароўя, адукацыя і мастацтва. Лепш адукаваныя людзі часцей удзельнічалі ў акцыях пратэсту», – прыводзіць дадзеныя брытанскае выданне і падкрэслівае, што амаль 80% пацверджаных пратэстоўцаў заявілі, што былі мабілізаваны на такія дзеянні гвалтам з боку сілавікоў у дачыненні да трэціх асобаў.

***

Гішпанская газета ABC.es сочыць за афіцыйнай паездкай галоўнага прадстаўніка ЕЗ Жазэпа Барэля ў Маскву, якая здзяйсняецца зараз. «Верагодна, гэта самая важная паездка за апошнія гады», – адзначае аўтар матэрыялу Энрыке Сэрбета, – «бо гаворка будзе ісці пра аднаўленне адносінаў з Расеяй, абмеркаванне сітуацыі вакол Навальнага і акцый апазіцыі, а таксама чакаюцца перамовы з нагоды паставак расейскай вакцыны «Спадарожнік V».

Гішпанскае выданне канстатуе, што адносіны паміж Брусэлем і Расеяй былі практычна замарожаныя яшчэ з 2014 года, пасля канфлікту на Украіне і анексіі паўвострава Крым Расеяй. Няма згоды і ў такіх справах, як сітуацыя ў Беларусі і пратэсты супраць аўтакрата Лукашэнкі, а таксама нядаўнія падзеі на Каўказе.

Таму гэты візіт важны для ўсталявання глабальнай пазіцыі ЕЗ пасля змены адміністрацыі ў ЗША і для ўзмацнення пазіцыі перад Кітаем.

 ***

Брытанскі часопіс The Economist іранізуе што, замест таго, каб у каранціне вывучыць мандарынскую мову ці адкрыць для сябе дзіўны свет Льва Талстога, некаторыя заняліся новым відам біржавых спекуляцый. А гэта пацягнула велізарныя страты прафесіяналаў-біржавікоў на Уол-стрыт. Таму эксперты The Economist упэўнены, што самы час абнаўляць арсенал  органаў рэгулявання, як і многае іншае.

Гутарка ідзе пра тое, што 8 мільёнаў удзельнікаў WallStreetBets, інвестыцыйнага падфоруму на Reddit, вынайшлі новую фінансавую авантуру, якая называецца «роевым гандлем». Разам у канцы студзеня яны ўзнялі кошты на некаторыя малавядомыя фірмы. Гэта пацягнула за сабой вялізныя страты хэдж-фондаў, якія ставілі на падзенне коштаў. «Пасля гэтага «рой паляцеў далей»: на гэтым тыдні некаторыя прывілеяваныя акцыі ўпалі, а срэбра, наадварот, падскочыла. Звычайныя правілы гульні на многіх рынках перасталі працаваць», – адзначае вядучае эканамічнае выданне Лондана.

***

Кампанія Astrazeneca стала ўжо трэцім заходнім вытворцам вакцын, які абвесціў пра тое, што замоўленыя Еўразвязам пастаўкі будуць атрыманы не ў поўным аб’ёме. На фоне гэтага становіцца відавочным, што па меншай меры ў першым квартале гэтага года ў справе вакцынацыі будуць мець месца прабуксоўкі. СМІ разглядаюць розныя варыянты выхаду з сітуацыі: адзінкі прапануюць закупку вакцын у Расеі і Кітая, большасць раіць павялічыць часавы прамежак паміж першай і другой дозамі. Як напрыклад, робіць фінская газета Ilta-Sanomat, якая зафіксавала перапынак паміж двума дозамі насуперак рэкамендацыям вытворцы-канцэрна Pfizer.

«Усяго толькі тыдзень таму Еўрапейская агенцыя лекавых сродкаў (EMA) канкрэтызавала рэкамендацыі для ўжывання вакцыны Pfizer, згодна з якімі другая прышчэпка павінна рабіцца праз тры тыдні пасля першай. Агенцыя патлумачыла, што адтэрміноўка другой прышчэпкі на тэрмін больш за 12 тыдняў супярэчыць умовам допуску вакцыны. Тым не менш Фінляндыя праігнаравала рэкамендацыі EMA – і праводзіць вакцынацыю з інтэрвалам у 84 дні», – папярэджвае аб рызыцы фінская газета.

Агляд сусветнай прэсы падрыхтавала Вольга Сямашка.