Агляд прэсы: сакрэты палішынэля



Халодная вайна 2.0: свет углядаецца ў здымкі Баранавіцкай 61 -й знішчальнай авіябазы. Польшча зачыняе мяжу з Беларуссю. Афганістан на прыцэле Масквы і Пекіна? Падрабязнасці свежых матэрыялаў замежнай прэсы даведаемся ў аглядзе Вольгі Сямашкі.

Агульнаееўрапейскайе ваеннае выданне t-intell выклала фотаздымкі 61 –й знішчальнай авіябазы ў Баранавічах – самага стратэгічна важнага ваеннага аэрадрому на захадзе Беларусі. Пры гэтым у матэрыяле даецца поўны пералік знішчальнікаў і магчымасці супрацьпаветранай абароны на авіябазе Баранавічы, бо на сённяшні дзень, яна займае цэнтральнае месца ў беларуска-расейскай ваеннай супрацы і мае значэнне для таго, каб Лукашэнка захаваў уладу ў краіне надалей.

«Нейтралітэт Беларусі, заяўлены ў ваеннай дактрыне 1995 года, даўно, але развеяўся, паколькі яе знешняя бяспека ўсё больш залежыць ад Расеі і Арганізацыі Дамовы аб калектыўнай бяспецы (АДКБ), ва ўмовах калі сеткі супрацьпаветранай абароны дзвюх краін аб’яднаны ў адну.

Па меры таго, як рэжым Лукашэнкі ўсё больш ізалюецца ад астатняй Еўропы, краіна усё больш уваходзіць у склад Расеі. Палітычная і ўнутраная нестабільнасць паставіла нацыю ў аналагічнае становішча, як Украіну ў 2014 годзе, аднак улада Лукашэнкі захоўваецца. На гэтым фоне 61 -я знішчальная авіябаза ў Баранавічах стане агульным стратэгічным актывам паміж Беларуссю і Расеяй, якія ўжо паставілі рэкордную колькасць сумесных вучэнняў. Відавочна, што Расея можа пастаянна ўтрымліваць войскі і авіяцыю на беларускай зямлі ў спробе забяспечыць новы фронт у вайне з Украінай і ўзмацніць ціск на Еўропу. Крэмль усведамляе хісткае становішча, у якім апынуўся Лукашэнка, і можа выкарыстоўваць бягучую палітычную нестабільнасць Беларусі ў сваіх інтарэсах»,падсумоўвае аналітычнае ваеннае выданне.

Польшча пачала ўмацаванне ўсходняй мяжы ЕЗ пры дапамозе калючага дроту і платоў, каб перагарадзіць шлях мігрантам, якія прыбываюць з Беларусі. Брусэль абвінавачвае Лукашэнку ў тым, што той мэтанакіравана накіроўвае мігрантаў да мяжы, каб аказаць ціск на ЕЗ з-за санкцыяў, уведзеных супраць Менску. У Польшчы расце занепакоенасць тым фактам, што ўцекачы з сваіх краін афганцы і іракцы цяпер апынуліся ў пастцы на нейтральнай паласе паміж Беларуссю і Польшчай.

«Нельга ісці супраць гуманітарных прынцыпаў», – лічыць польская газета Rzeczpospolita:

«Мы павінны арыентавацца на палітыку Еўразвязу і рабіць усё з розумам: закрыць межы, абвясціць вайну гандлярам людзьмі і выкарыстоўваць выведвальныя службы для прадухілення пранікнення ў краіну радыкалаў і тэрарыстаў. Ўцекачы, якія шукаюць шлях у вольны свет, павінны ведаць, што не трэба прабірацца лясамі і палямі, каб патрапіць у ЕЗ з Беларусі. Людзі павінны ведаць, што яны могуць звярнуцца ў спецыяльна адведзеныя для гэтага пункты на мяжы, і што іх там сустрэнуць з разуменнем і кампетэнтнасцю».

Захоп улады ў Афганістане талібамі істотна мяняе геапалітычны расклад у Цэнтральнай Азіі. Ўвага прэсы прыкавана да Кітаю і Расеі – адзіных краін разам з Пакістанам, якія не закрылі свае амбасады ў Кабуле.

«Кітай і Расея заключаць з Талібанам вельмі выгадныя здзелкі», – прагназуе італьянская газета La Stampa:

«Праекты па будаўніцтве газаправодаў і афганскія рэдказямельныя металы, на якіх Злучаныя Штаты не зарабілі для сябе ні гроша, могуць папросту стаць прадукцыяй з маркіроўкай «Made in China». У абмен на кітайскія інвестыцыі талібы прапануюць Пекіну спыніць якую б там ні было падтрымку пратэстаў мусульман-уйгураў. Пуцін дашле зброю і інструктараў, і запатрабуе доступу да базаў, якія савецкая Армія пакінула ў 1989 годзе».

У гэтыя дні спаўняецца 30 гадоў з пачатку жнівеньскага путчу ў СССР: шэраг службовых асобаў Савецкага ўраду, на думку якіх эканамічныя перамены пад лозунгамі галоснасці і перабудовы зайшлі занадта далёка, паспрабавалі узурпаваць ўладу і звергнуць прэзідэнта Гарбачова. Хоць спроба перавароту правалілася, таму што насельніцтва і ўзброеныя сілы адмовіліся падпарадкоўвацца змоўшчыкам, путч адзначыў сабой канец Савецкага Саюзу, які і так знаходзіўся ў вельмі глыбокім крызісе.

На думку літоўскай газету Delfi 1991 год і сёння з’яўляецца сімвалам надзеі:

«У любым выпадку 1991-ы год быў найлепшым момантам для спробы ўсталявання ў Расеі дэмакратыі і свабоднага грамадства. Магчыма, гэта быў найбольш спрыяльны для гэтага момант за ўсю гісторыю краіны, пачынаючы з Маскоўска-Ноўгародскай вайны XV стагоддзя і заканчваючы днём сённяшнім. Цяперашняя пуцінская Расея вярнулася да мадэлі Залатой арды. Калі і ёсць хоць найменшая надзея на тое, што калі-небудзь Расія яшчэ раз распачне спробу дэмакратызацыі, то для гэтага ў яе будзе толькі адзін прыклад: 1991-ы год».

Агляд сусветнай прэсы падрыхтавала Вольга Сямашка