Агляд прэсы: што нас яднае?
Беларусь выганяе дыпламатычных супрацоўнікаў ЗША, пераймаючы Пуціна. Выклік для планеты. Спрэчка паміж Лонданам і Парыжам зацягваецца. Краіны былога СССР праявілі перад Covid-19 Чарнобыльскі сіндром. Падрабязнасці свежых матэрыялаў замежнай прэсы даведаемся ў аглядзе Вольгі Сямашкі.

«Дыктатар Лукашэнка, здаецца, даведаўся, што стэрылізацыя амерыканскай дыпламатыі бясплатная», – гіранізуе амерыканскае выданне Foreign Policy.
«Як старанны вучань Лукашэнка паўтарае старонку з расейскага падручніка, фактычна душачы дыпламатычную прысутнасць ЗША ў Беларусі, прымушаючы амбасаду звольніць 20 мясцовых супрацоўнікаў, што вядзе да закрыцця амбасады, офісу і Агенцтва па міжнародным развіцці ЗША ў Менску.
Такі крок паўтарае дзеянні Пуціна, які прымусіў Злучаныя Штаты звольніць сёлета усіх мясцовых супрацоўнікаў дыпламатычнай місіі ЗША».
Выданне расцэньвае такія дзеянні беларускага боку, як глыбокую няўпэўненасць беларускіх уладаў у ролі дыпламатыі, міжнародных сувязяў і незалежнай грамадзянскай супольнасці.
«Цяперашнія і былыя афіцыйныя асобы ЗША кажуць, што гэтае рашэньне практычна не пакідае месца для дзейнасьці ў краіне асноўнай каманды амэрыканскіх дыпляматаў і наносіць удар па шматгадовых намаганнях па размарожваньні адносінаў паміж Вашынгтонам і Менскам», – канстатуе Foreign Policy.
У Глазга пачалася 26-я сесія Канферэнцыі бакоў Рамачнай канвенцыі ААН па пытаннях змянення клімату. Кіраўнікі дзяржаў і ўрадаў краін-удзельніц звярнуліся да грамадскасці з настойлівым заклікам аб неабходнасці змяніць сітуацыю. Так ЗША запэўнілі, што маюць намер рэалізаваць пастаўленыя кліматычныя мэты. Нямеччына выступіла за ўвядзенне глабальнага вугляроднага падатку. Індыя заявіла, што плануе дасягнуць кліматычнай нейтральнасці да 2070 году. Па меркаванні еўрапейскіх СМІ, час дэкларацый ужо мінуў.
Партугальская газета Expresso да адкрыцця саміту публікуе зварот Генеральнага сакратара ААН Антоніу Гутэрыша.
«Усім краінам неабходна зразумець, што ранейшая мадэль развіцця, заснаваная на вуглякіслым газе – гэта смяротны прысуд для эканомікі і для нашай планеты. Мы абавязаны правесці дэкарбанізацыю ва ўсіх сектарах эканомікі і ва ўсіх краінах. Мы павінны перанакіраваць субсідыі, якія выдзяляюцца на здабычу выкапнёвых відаў паліва, на аднаўляльныя крыніцы энергіі і абкладаць дадатковымі падаткамі не грамадзян, але тых, хто забруджвае навакольнае асяроддзе. Трэба ўсталяваць цану на вуглякіслы газ і накіраваць атрыманыя даходы на стварэнне ўстойлівай інфраструктуры і адпаведных працоўных месцаў. І мы павінны спыніць здабычу вугалю. Грамадзяне справядліва чакаюць, што ўрады тут праявяць актыўнасць і паслужаць прыкладам для астатніх. Аднак абарона нашай агульнай будучыні – задача кожнага з нас», – адзначае партугальскае выданне.
У спрэчцы паміж Францыяй і Вялікабрытаніяй аб квотах на рыбную лоўлю ў постбрэкзітную эпоху, бакі дамовіліся аб працягу дыялогу. Кансэнсусу, аднак, пакуль што няма наагул.
«Абвастрэнне спрэчкі толькі нашкодзіць абодвум бакам канфлікту», – піша гішпанская газета La Vanguardia.
«Брытанцы абвясцілі аб тым, што зробяць адпаведныя юрыдычныя крокі, і ў той жа самы час запэўнілі, што ўзмоцняць кантроль усіх еўрапейскіх рыбалоўных судоў у сваіх водах. А гэтыя меры могуць закрануць і гішпанскіх рыбаловаў. Напружанасць у адносінах паміж дзвюма краінамі не на карысць ніводнага з бакоў і можа толькі нанесці ўрон іх рыбалоўчым флатам. А таму было б пажадана, калі б Парыж і Лондан як мага хутчэй знайшлі выйсце з сітуацыі, і прадухілілі пагрозу эскалацыі і ўвядзення ўзаемных санкцый», – разважае гішпанскае выданне.
«Эпідэмія каранавірусу амаль праз два гады пасля свайго з’яўлення ў Еўропе ніколі яшчэ не бушавала так ва Украіне, як 27 кастрычніка, калі быў зарэгістраваны злавесны гістарычны рэкорд – 27 тысяч новых выпадкаў заражэння і 734 выпадкі смерцяў. Трэцяя хваля, якая абрынулася на краіну, прывяла да таго, што сталічны горад Кіеў перайшоў у «чырвоную зону», у той час як абарону краіны перад тварам пандэміі аслабляе яшчэ адна з’ява: рэкордны ўзровень невакцынацыі», – піша швейцарская газета Le Temps.
«Самым уразлівым месцам стала тое, што ўкраінцы – найменш вакцынаваныя еўрапейцы. Усяго 10 дзён таму вакцынацыя не перавышала 15%. Зараз Украіна дзеліць з Расеяй і Беларуссю сумны рэкорд па самым нізкім узроўні вакцынацыі ў Еўропе. Беларусь не публікуе сваю статыстыку на штодзённай аснове, але сведчанні многіх людзей, якія бягуць з краіны ў Польшчу і Украіну, указваюць на сітуацыю, магчыма, нават больш жахлівую, чым ва Ўкраіне», – адзначаецца ў матэрыяле. Выданне падкрэслівае, што гэтыя краіны «палітычна супрацьстаяць» адна адной, з улікам аўтарытарных рэжымаў у Менску і ў Маскве і больш адкрытай сістэмы ў Кіеве. «Аднак аб’ядноўвае «тройку» пытанне аб даверы да дзяржаўных інстытутаў, а цэнтральным элементам з’яўляецца Чарнобыль і адчуванне таго, што ў вачах дзяржавы чалавечае жыццё не мае значэння», – адзначае Le Temps.
Агляд сусветнай прэсы падрыхтавала Вольга Сямашка
