Агляд прэсы: сінтэз пагроз



Расея і Беларусь дамовіліся аб інтэграцыі газавых і фінансавых рынкаў. Еўразвяз: ці атрымаюць АЭС зялёную налепку? Пройгрыш у Вірджыніі: дэмакраты губляюць балы? Падрабязнасці свежых матэрыялаў замежнай прэсы даведаемся ў аглядзе Вольгі Сямашкі.

Як і ўся сусветная прэса, амерыканскае радыёвыдане Jacksonville News&Talks сочыць за вынікамі відэасустрэчы прэзідэнтаў Расеі і Беларусі, якія падпісалі ў чацвер комплекс мер па паглыбленні інтэграцыі дзвюх краін, аднак не дайшлі да стадыі поўнага зліцця дзяржаваў.
“Меры, зацверджаныя на пасяджэнні савета, былі выпрацаваны двума шматгадовымі кіраўнікамі ў верасні і прадугледжваюць стварэнне адзінага рынку газу і агульных фінансавых рынкаў. Расея і Беларусь дамовіліся ў 1999 годзе на больш цесныя палітычныя, эканамічныя і ваенныя сувязі, але партнёрства часцяком было напружаным. Лукашэнка перыядычна лаяў Маскву за тое, што яна спрабуе прымусіць яго адмовіцца ад кантролю над каштоўнымі эканамічнымі актывамі і ў канчатковым выніку адмовіцца ад незалежнасці сваёй краіны. Аднак Лукашэнка спадзяецца на падтрымку Расеі, паколькі Беларусь становіцца ўсё больш ізаляванай з-за жорсткага разгону апазіцыі, незалежных СМІ і праваабарончых груп пасля сфальсіфікаванага пераабрання Лукашэнкі і масавых дэманстрацый летась у знак пратэсту», – канстатуе амерыканскае выданне.

***

Дзесяць краін ЕЗ запатрабавалі ад Брусэля прысвоіць атамнай энергетыцы ў таксанаміі ЕЗ «зялёную налепку». Сярод дзяржаў, якія вылучылі гэтае патрабаванне: Францыя, якая з даўніх часоў робіць стаўку на энергію атама, а таксама іншыя краіны, якія толькі маюць намер рушыць услед яе прыкладу, напрыклад, Польшча. Прынятая ў ЕЗ сістэма таксанаміі лічыцца важным арыенцірам у плане ажыццяўлення экалагічных інвестыцый. Меркаванні аглядальнікаў падзяліліся на два лагеры.

«Будаўніцтва новых АЭС – не выйсце», – лічыць нямецкая газета Deutschlandfunk.

Па-першае, таму, што ўсё трэба рабіць вельмі хутка. Калі мы плануем дасягнуць мэтаў Парыжскага пагаднення, то ў прамыслова развітых краінах адмова ад вугальнай энергетыкі павінна адбыцца да 2030 году, а ў краінах, якія развіваюцца – неўзабаве пасля гэтага. На будаўніцтва атамных рэактараў спатрэбяцца шмат гадоў, калі не дзесяцігоддзі. А новыя, малыя рэактары прама з канвеера, пра якія гавораць Біл Гейтс і Эмануэль Макрон, пакуль што існуюць толькі ў тэорыі. Калі яны некалі і стануць рэальнасцю, то вельмі не хутка. Ну і па-другое, АЭС – гэта занадта дорага. Канкурэнцыю сучасным ветрагенератарам і сонечным электрастанцыям яны могуць скласці толькі пры вылучэнні велізарных субсідый», – падкрэслівае нямецкае выданне.

***

Паводле папярэдніх падлікаў, перамогу на выбарах губернатара штата Вірджынія атрымаў рэспубліканец Глен Янгкін. Многія расцэньваюць гэты вынік як сведчанне змянення настрояў выбаршчыкаў і індыкатар таго, што можа чакаць краіну на прамежкавых выбарах, якія пройдуць у наступным годзе. Калі дэмакраты страцяць сваю і без таго нязначную большасць у Сенаце, то ў Джо Байдэна практычна не застанецца шанцаў ажыццявіць намечаныя рэформы.

«Не варта драматызаваць гэтую паразу», – адзначае брытанская газета The New Statesman.

«З 1970-х гадоў кіруючай партыі, ці то дэмакраты ці рэспубліканцы, толькі адзін-адзіны раз атрымалі перамогу на выбарах губернатара ў Вірджыніі. У іншых штатах справы для дэмакратаў ідуць не так дрэнна. Прагрэсісты суцешацца абраннем Мішэль Ву – кандыдаткі, якая прасоўвае «Новы Зялёны курс». Ву стане першай жанчынай і першай азіяткай на пасадзе мэра Бостана. А да прамежкавых выбараў у запасе яшчэ цэлы год. Іншымі словамі, урок, які павінны вынесці дэмакраты, заключаецца ў тым, што яны пазбавіліся губернатарскай пасады, але зусім не ўсіх надзей! І для таго, каб зноў выклікаць гэтыя надзеі ў грамадзян Амерыкі, ім трэба прапанаваць людзям нешта большае, чым проста «не Трамп», – адзначае брытанскае выданне.

***

Нягледзячы на вакцынацыю насельніцтва, колькасць заражэнняў каранавірусам у многіх еўрапейскіх краінах расце. У прыватнасці, ва Ўсходняй Еўропе чацвёртая хваля пандэміі ўжо вядзе да перагрузкі сістэм аховы здароўя. Але і ў заходніх краінах расце колькасць шпіталізацый, што прымушае ўлады задумацца аб увядзенні строгіх абмежаванняў. Як сведчаць артыкулы ў прэсе, аглядальнікі асцерагаюцца, што ўрады чарговы раз не падрыхтаваліся да сітуацыі.

На фоне росту статыстыкі заражэнняў і павелічэння колькасці пацыентаў у бальніцах Нідэрланды ў чарговы раз узмацнілі жорсткасць супрацьэпідэмічных мераў. Галандская газета De Volkskrant раіць ураду браць прыклад з Даніі.

«Вялікую ролю іграе давер да дзяржавы. Датчане хутчэй за ўсіх увялі лакдаўн, памежны кантроль, маштабнае тэставанне, вакцынацыю, сертыфікаты аб вакцынацыі, і хутчэй за іншых адмовіліся ад вакцын кампаній AstraZeneca і Janssen, як толькі ў іх з’явіліся сумневы. У сухой рэшце маем: грамадзяне краіны давяраюць ураду і спадзяюцца на тое, што ўлады трымаюць сітуацыю пад кантролем. Тое ж павінны як мага хутчэй зрабіць і нашы прэм’ер-міністр Марк Рутэ і міністр аховы здароўя Гуга дэ Ёнге, інакш не абмінуць нам суровай і горкай зімы», – заклікае галандскае выданне.

Агляд сусветнай прэсы падрыхтавала Вольга Сямашка.