Агляд прэсы: слабое суцяшэнне



Марыупаль: 264 салдаты эвакуіраваны з гораду. Што абяцае пашырэнне НАТО на поўнач? Пратакол па Паўночнай Ірландыі: Лондан зноў узяўся за старое? Падрабязнасці свежых матэрыялаў замежнай прэсы даведаемся ў аглядзе Вольгі Сямашкі.

«У Беларусі ўвялі смяротнае пакаранне за спробы здзяйснення тэрарыстычных актаў. Пры гэтым прымяненне такой меры мажліва і па абвінавачаннях, з якімі сутыкаюцца некаторыя актывісты апазіцыі ў гэтай былой савецкай краіне», – паведамляе арабскае выданне Аlarabiya.

«Беларусь – блізкі саюзнік Расеі – адзіная краіна ў Еўропе, якая працягвае прымяняць смяротныя прысуды, нягледзячы на заклікі ўвесці мараторый. І вось Лукашэнка падпісаў закон аб магчымасці смяротнага пакарання за замах на тэрарыстычны акт. Закон уступіць у сілу праз 10 дзён пасля апублікавання. Пры гэтым у беларускім судзе горада Гродна ў сераду пачалося закрытае пасяджэнне па справе 12 актывістаў, абвінавачаных у «падрыхтоўцы тэрарыстычных актаў».

Сярод іх ветэран-актывіст Мікалай Аўтуховіч, які ўжо адседзеў больш за сем гадоў за кратамі. 59-гадоваму чалавеку прад’яўляюць шэраг іншых абвінавачанняў, у тым ліку здраду дзяржаве. Актывістаў абвінавачваюць у тым, што яны падпалілі дом і машыну міліцыянта ў кастрычніку 2020 года і падпалілі машыну іншага міліцыянта ў лістападзе 2020 года на хвалі гістарычных пратэстаў, якія ўспыхнулі ў Беларусі з-за спрэчнага пераабрання дыктатара Лукашэнкі. Актывісты лічаць, што Святлана Ціханоўская, якая цяпер узначальвае беларускую апазіцыю з эміграцыі ў Літве, была сапраўднай пераможцай паводле апытанняў у жніўні 2020 года. У сакавіку мінулага года беларуская пракуратура абвінаваціла і Ціханоўскую ў «падрыхтоўцы тэрарыстычных актаў у складзе арганізаванай групы», – паведамляе арабскае выданне.

Украінскія байцы, якія да апошняга змагаліся на тэрыторыі завода Азоўсталь і аказвалі супраціў пераўзыходячым сілам суперніка, 17 траўня пакінулі свае пазіцыі. Па дамове з ваенным кіраўніцтвам Украіны яны эвакуіраваны на тэрыторыю, падкантрольную расейцам, у надзеі на абмен палоннымі. Такім чынам, стратэгічна важны партовы горад Марыупаль канчаткова перайшоў пад кантроль расейскага войска. Аглядальнікі пішуць аб тым, як гэта паўплывае на ход вайны, і аддаюць належнае мужнасці ўкраінскіх салдат.

«Ёсць усе падставы баяцца за далейшы лёс гэтых байцоў», – адзначае нідэрландская газета De Telegraaf.

«Крэмль, вядома, паспяшаўся заявіць, што з салдатамі будуць абыходзіцца «гуманна». Аднак, калі паглядзець на знесены з твару зямлі Марыупаль і руіны, у якія ператвораны некалі магутны металургічны камбінат Азоўсталь, то не вельмі верыцца, што расейцы, якія, судзячы па паведамленнях, у масавым парадку парушаюць у Марыупалі правы чалавека, будуць прытрымлівацца дамоўленасцей. Падзенне Марыўпаля, хай і пазней, – гэта свайго роду падсілкоўванне для Крамля, але падстава для надзеі ёсць і ў Кіева, паколькі ўкраінскай арміі ўдалося адваяваць тэрыторыі вакол Харкава. Крывавая частка Марыўпаля зачынена, але кніга пад назвай «Напад на Украіну» яшчэ не скончана», – падсумоўвае нідэрландскае выданне.

Швецыя і Фінляндыя падалі заяўкі на ўступленне ў НАТО. Ратыфікацыя можа працягнуцца каля года. Масква назвала гэтыя планы «памылкай» і прыгразіла наступствамі. Свае асцярогі выказала і Турцыя. Еўрапейская прэса абмяркоўвае значнасць і наступствы гэтага рашэння.

«Такое падмацаванне пойдзе на карысць бяспекі балтыйскага рэгіёна», – лічыць латвійская газетаDiena.

«Перш за ўсё, з уваходжаннем у альянс Фінляндыі і Швецыі стратэгічнае становішча краін Балтыі, размешчаных на знешніх межах НАТО, перастане быць такім уразлівым. Балтыка стане ўнутраным морам НАТО, Балтыйскі флот Расеі і Калінінградскі анклаў будуць адрэзаны, а апошні ператвораны ў абложаную крэпасць. І, вядома ж, Фінляндыя надтачыць паўночна-заходнюю мяжу Расеі з НАТО на 1300 кіламетраў, і цалкам пазбавіць яе магчымасці нанесці канцэнтраваны ўдар па краінах Балтыі», – піша латвійскае выданне.

Брытанскі ўрад мае намер прыняць закон, які часткова прыпыніць дзеянне палажэнняў Пратакола па Паўночнай Ірландыі, узгодненага з Бруселем. Так, мяркуецца паскораная працэдура памежнага кантролю паміж двума выспамі для тавараў, якія накіроўваюцца ў Паўночную Ірландыю. Паўночнаірландскія кампаніі таксама павінны мець магчымасць выбіраць паміж брытанскімі стандартамі ці стандартамі ЕЗ. Еўрапейская прэса настроена скептычна.

«Гэты крок ёсць праява безадказнасці і дэстабілізуючы фактар», – лічыць брытанская газета The Guardian.

«Заяўляючы аб сваёй гатоўнасці выйсці з міжнароднай дамовы, Ліз Трас пасылае свету небяспечны сігнал, а менавіта: абяцанням Вялікабрытаніі веры няма. Акрамя таго, падобнымі дзеяннямі яна без усялякай на тое патрэбы злуе нашага галоўнага гандлёвага партнёра — ЕЗ, і рызыкуе справакаваць сыходную спіраль у адносінах. І гэта ў часы эканамічнага крызісу! Брусель гатовы пагадзіцца з тым, што пажаданы гнуткі падыход да рэалізацыі пратакола, і дэманструе гатоўнасць да перагавораў. Паслабленне ўжо было прапанавана, напрыклад, у галіне кантролю харчовых прадуктаў і лекаў. Дык навошта гэтая эскалацыя?», – задае нязручнае пытанне брытанскае выданне.

Агляд сусветнай прэсы падрыхтавала Вольга Сямашка

[manual_related_posts]