Агляд прэсы: смеласць моцных



Святлана Ціханоўская зрабіла смелую заяву швейцарскай газеце. The National Interest прапануе ЗША новы курс у дачыненні да Расеі. Каронавірус застанецца з планетай назаўсёды. Падрабязнасці свежых матэрыялаў замежнай прэсы даведаемся ў аглядзе Вольгі Сямашка.

Швейцарскае штодзённае выданне Le Temps надрукавала інтэрв`ю са Святланай Ціханоўскай, якая прызнала, што «на гэты момант апазіцыя прайграла бітву на вуліцах».

Гутарка Ціханоўскай з газетай адбылася напярэдадні запланаванай паездкі ў Швейцарыю, дзе яна хоча лабіраваць замарожванне актываў Лукашэнкі перад мясцовымі ўладамі.

«У нас няма сродкаў для барацьбы з гвалтам рэжыму супраць дэманстрантаў», – сказала яна. «У іх ёсць зброя, у іх ёсць сіла, таму так, на дадзены момант здаецца, што мы прайгралі».

Па словах Ціханоўскай, вяртанне да дэмакратыі зойме больш часу, чым планавалася. Хуткіх рашэнняў крызісу ў краіне не існуе.

«Наша стратэгія складаецца ў тым, каб лепш арганізаваць сябе і пастаянна аказваць на рэжым ціск да таго моманту, калі людзі зноў будуць гатовыя вярнуцца на вуліцу, магчыма, вясной», – цытуе Ціханоўскую швейцарскае выданне.

***

Амерыканскае аналітычнае выданне The National Interest запэўнівае, што замест таго, каб рабіць з Расеі «казла адпушчэння», ЗША трэба паспрабаваць убіць клін паміж ёй і Кітаем. З такой свежай думкай выступілі два палітолагі з ЗША. І нават калі ў бліжэйшы час гэта змена раўнавагі сіл немагчыма, ЗША павінны выпрацаваць палітыку для таго, каб зрабіць гэта пазней, заклікаюць яны.

«Пры Пуціне зблізіцца будзе складана, але ён не будзе заставацца ва ўладзе вечна. ЗША павінны сёння рыхтавацца да таго дню, калі расейскія ўлады зразумеюць, што нацыянальныя інтарэсы Расеі патрабуюць іншай знешняй палітыкі», – падкрэслівае выданне. «Важна наладжваць сувязі з новым пакаленнем расейскіх палітыкаў, якія з часам будуць вызначаць новы курс сваёй краіны. Размовы пра «змену рэжыму» у Расеі контрпрадуктыўныя. Новую знешнюю палітыку ў дачыненні да Расеі будуць фармаваць новыя лідары з ліку прадстаўнікоў існуючага істэблішменту, якія прызнаюць неабходнасць перамен. Гэта ў канчатковым выніку прывядзе да зняцця санкцый з Расеі ў межах усебаковых перамоваў з ЗША і Еўропай».

 ***

На Мюнхенскай канферэнцыі па бяспецы прэзідэнт ЗША Байдэн прапанаваў напоўніць адносіны з Еўропай «новым жыццём». Але значна важней, як самі еўрапейцы адрэагавалі на гэтыя словы, лічыць нямецкае выданне Die Welt. Нямецкая газета цытуе адказ Мэркель Байдэну, якая абазначыла галоўную праблему Германіі. Што тычыцца палітыкі ў дачыненні да Расеі, то канцлер адкрыта прызнала, што ў яе арсенале не засталося дыпламатычных сродкаў, якія можна было б прымяніць у сітуацыі, якая склалася. Тым не менш Мэркель прывітала памкненне ЗША павяртацца ў большасць міжнародных дамоваў свету.

 ***

Ці можна разлічваць на вакцынацыю як на сродак, які дасць магчымасць цалкам знішчыць Сovid-19? Паводле даследавання, надрукаванага ў брытанскім часопісе Nature, гэты вірус з намі назаўжды. Іншае пытанне – як ён сябе павядзе ў будучыні. Магчыма, Сovid-19 стане эндэмічным і будзе нагадваць «нешта накшталт грыпу». Але нельга забываць аб яго здольнасці падманваць імунітэт.

У артыкуле  Nature сцвярджаецца, што прыкладна праз 5 год каронавірус ператворыцца ў таго самага «ворага», з якім людзі будуць упершыню сутыкацца ўжо ў раннім дзяцінстве. Ён, як правіла, будзе выклікаць інфекцыйнае заражэнне ў лёгкай форме, а то і зусім без усялякіх сімптомаў.

 Агляд сусветнай прэсы падрыхтавала Вольга Сямашка.

[manual_related_posts]