Агляд прэсы: спыніце вайну



На Беларусь увялі дзясяткі санкцый за расейскае ўварванне. У чаканні горшага пасля першага дня нападу. Шольц назваў ваенную аперацыю Расеі на Украіне „чорным днём для Еўропы”. Падрабязнасці свежых матэрыялаў замежнай прэсы даведаемся ў аглядзе Вольгі Сямашкі.

«Адміністрацыя Байдэна ў чацвер увяла санкцыі супраць дзясяткаў беларускіх фізічных і юрыдычных асоб у адказ на тое, што Менск дазволіў краіне стаць пляцоўкай для ўварвання Расеі ва Украіну»,- піша амерыканская газета The Hill.

«Санкцыі накіраваныя на 24 фізічныя і юрыдычныя асобы Беларусі ў асноўным у абаронным сектары і фінансавых інстытутах, якія маюць асабліва шчыльныя сувязі з Расеяй», – гаворыцца ў матэрыяле.

Выданне падкрэслівае, што казначэйства працягвае падрываць ваенныя і фінансавыя магчымасці Беларусі шляхам кропкавых санкцый. Акрамя таго, з-за ўзаемасувязі паміж дзвюма краінамі дзеянні Мінфіну супраць Расеі таксама нанясуць моцны эканамічны боль рэжыму Лукашэнкі.

***

Расейскае выданне Медуза на падставе допісаў сведкаў ваенных дзеянняў у сацыяльных сетках падводзіць вынікі першага дня вайны: «Першы дзень адразу абазначыў планы расейскага міністэрства абароны. Поўнамаштабнае ўварванне ва Украіну вядзецца прынамсі па васьмі восях. Расейскія войскі прасунуліся далёка ўглыб тэрыторыі Украіны на 25-30 кіламетраў, а на поўдні – на 70-90 кіламетраў. Акрамя таго, быў высаджаны,і змог замацавацца, верталётны дэсант на паўночнай ускраіне Кіева. Захоплены прынамсі адзін абласны цэнтр – Сумы, у ім, як і ў абласным цэнтры – Херсоне – ідуць баі. Акрамя таго, расейская армія нанесла ракетныя і авіяцыйныя ўдары па ваенных базах, базах флоту і аэрапортах Украіны».

Выданне падкрэслівае, што нягледзячы на хуткае прасоўванне ў першыя гадзіны ўварвання, расейскія войскі ўжо нясуць страты, у тым ліку палоннымі. Украінскай арміі ўдалося правесці прынамсі адну паспяховую контратаку на ўскраіне Харкава. Праглядаецца і план украінскага кіраўніцтва: абарона будзе весціся з апорай на буйныя гарады. Ваенныя аналітыкі і кіраўніцтва Пентагона лічаць, што высновы рабіць рана: гэта толькі пачатак уварвання, і расейскае войска задзейнічала далёка не ўсе сілы.

Таксама паведамляецца, што ў больш чым 50 гарадах Расеі затрымалі звыш 1700 удзельнікаў антываенных акцый. Апоўначы ў Кіеве ўвялі каменданцкую гадзіну, у горадзе раздалі больш за 10 тысяч аўтаматычных вінтовак, людзі правялі ноч на станцыях метро.

***

«Канцлер Германіі Олаф Шольц рэзка раскрытыкаваў ваенную аперацыю Расеі супраць Украіны», – піша нямецкая газета Die Welt. Паводле слоў Шольца, дзеянні Расеі з’яўляюцца «абуральным парушэннем міжнароднага права». Палітык выказаў салідарнасць Украіне і назваў тое, што адбываецца, «чорным днём для Еўропы».

Як піша Die Welt, генеральны сакратар ААН Антоніу Гутэрэш назваў расейскую ваенную аперацыю на Украіне «самым сумным момантам» яго пяцігадовага тэрміну. Гутэрэш таксама звярнуўся да Уладзіміра Пуціна: «У імя чалавечнасці, вярніце свае войскі назад у Расею. Не дапусціце таго, каб у Еўропе пачалася, магчыма, найгоршая вайна з пачатку стагоддзя, не толькі з разбуральнымі наступствамі для Украіны, не толькі трагічная для Расеі, але і з наступствамі для сусветнай эканомікі, пра якія мы можам толькі здагадвацца».

Кіраўнік Еўракамісіі Уршуля фон дэр Ляен таксама асудзіла дзеянні Крамля, піша Die Welt. Яна заявіла, што ЕЗ прыцягне Расею да адказу. Прэм’ер-міністр Вялікабрытаніі Борыс Джонсан заявіў, што «у жаху ад страшных падзей на Украіне». З самым жорсткім асуджэннем таксама выступіў прэм’ер Канады Джасцін Трудо. Палітык паабяцаў, што Канада ўвядзе дадатковыя меры супраць Расеі.

***

Калі Масква пачала ўварванне ва Украіну, то як будзе складацца сітуацыя для астатніх краін Усходняй Еўропы? Дацкая газета Politiken патрабуе ад Захаду рашучасці і гатоўнасці ахвяраваць сабой.

«Мы абавязаныя прадэманстраваць, што ў канфліктах можна выйграваць інакш, а не за кошт пораху, сталі, бомбаў і крыві. Мы павінны згуртавацца. Сітуацыя патрабуе ад нас рашучых дзеянняў. І яна патрабуе ад нас спыніць разважаць аб тым, з якой ступенню ўварвання ва Украіну мы можам змірыцца дзеля таго, каб захаваць максімум нашага ўласнага дабрабыту. У адваротным выпадку Украіна стане толькі пралогам да міру, у якім аўтарытарныя дзяржавы накшталт Расеі будуць вырашаць, кім нам быць. Калі нам увогуле будзе дазволена быць», – адзначае дацкае выданне.

Агляд сусветнай прэсы падрыхтавала Вольга Сямашка.

[manual_related_posts]