Агляд прэсы: сродкі ізноў апраўданыя



Беларусь і межы: ці дапушчальныя перамовы з дыктатарамі? У Францыі хваля пагроз на адрас журналістаў. Алімпіяда: дыпламатычны байкот з боку ЗША? Падрабязнасці свежых матэрыялаў замежнай прэсы даведаемся ў аглядзе Вольгі Сямашкі.

Мяркуючы па ўсім, сітуацыя на беларуска-польскай мяжы крыху разрадзілася. Некаторая колькасць бежанцаў, над якімі навісла пагроза голаду і холаду, была размешчана ў часовых ангарах. Астатнія невялікія групы людзей накіраваны беларускімі ўладамі ў розныя кропкі на ўсходняй мяжы Еўразвязу. Наколькі гэтыя дзеянні беларускіх уладаў сталі следствам тэлефонных гутарак, праведзеных Мэркель з Лукашэнкам і Макронам з Пуціным – незразумела. Еўрапейская прэса па-рознаму ацэньвае гэтую тэлефонную дыпламатыю.

Нямецкая газета Die Welt дае адпор тым, хто абвінавачвае Мэркель у тым, што сваімі званкамі Лукашэнку яна, маўляў, прызнае яго легітымным прэзідэнтам.

«Магчыма, у вачах упёртых пурыстаў-рэзанёраў для падобнага папроку і знойдуцца падставы, аднак падобная маралізатарская знешняя палітыка рызыкуе выліцца ў трыўмф добрых намераў над законамі розуму. Калі Лукашэнка мае намер прарваць знешнюю мяжу ЕЗ, а то і зусім пачаць вайну, то ў такой сітуацыі яго трэба прызнаць дэ-факта (але не дэ-юрэ!). А спрабаваць вырашыць крызіс падобнага маштабу, не адважваючыся пры гэтым задзейнічаць усе даступныя сродкі, не згаджаючыся нават на найменшыя саступкі і што б там ні стала, настойваючы на сваіх прынцыпах, было б праявай глыбокай безадказнасці», – адзначае нямецкае выданне.

У Францыі многія прадстаўнікі СМІ, якія асвятляюць дзейнасць ультраправых, сутыкаюцца з нападкамі і пагрозамі. Так, у адрас журналіста, які апублікаваў на старонках StreetPress матэрыял аб узброеных малойчыках сярод прыхільнікаў Эрыка Зэмура, паступілі пагрозы фізічнай расправы. Журналістка Mediapart, якая ўказала на сувязь Зэмура з правымі радыкаламі, стала ахвярай слоўных нападак на YouTube. Ці не час уладам прымаць меры?

Нараўне з многімі іншымі СМІ французская газета Le Monde публікуе адкрыты ліст 38 журналісцкіх аб’яднанняў да ўладаў.

«Пагрозы фізічнай расправы, заклікі да здзяйснення згвалтаванняў, абразы, харасмент у інтэрнэце, забарона на асвятленне палітычных падзей, запалохванне падчас мерапрыемстваў: многія журналісты, якія пішуць пра дзейнасць ультраправых, на працягу многіх тыдняў сутыкаюцца з абсалютна непрымальным гвалтам, накіраваным на тое, каб перашкодзіць іх рабоце. Мы, прадстаўнікі прафесійных аб’яднанняў журналістаў, заклікаем урад на чале з прэм’ерам Жанам Кастэксам, а таксама ўсе палітычныя сілы і рухі стаць на абарону свабоды інфармацыі і ўсвядоміць усю сур’ёзнасць становішча, асабліва цяпер, напярэдадні такой важнай для краіны палітычнай падзеі – прэзідэнцкіх выбараў у красавіку 2022 году», – заклікае французскае выданне.

ЗША падумваюць аб тым, каб не адпраўляць афіцыйную дыпламатычную дэлегацыю на Зімовыя Алімпійскія гульні 2022 году ў Пекіне. Пры гэтым амерыканскія атлеты маглі б узяць удзел у спаборніцтвах, як і планавалася. Прычынай магчымага рашэння Белы дом назваў агульную сітуацыю з правамі чалавека ў Кітаі. У еўрапейскай прэсе таксама памнажаюцца трывожныя каментары, асабліва пасля таго, як на сувязь перастала выходзіць тэнісістка Пэн Шуай, якая выставіла абвінавачанне ў згвалтаванні супраць аднаго з былых партыйных функцыянераў.

«Знікненне Пэн Шуай патрабуе адзінай і згуртаванай рэакцыі заходняга спартыўнага свету», – падкрэслівае брытанская газета The Times.

«Кітай ужо змагаецца з заклікамі да дыпламатычнага і камерцыйнага байкоту Гульняў, нагодай для якіх з’яўляюцца абвінавачванні, якія чуваць у адрас Пекіну ў генацыдзе мусульман-уйгураў у Сіньцзяне. Крытыкі заяўляюць, што спорт ніколі не трэба змешваць з палітыкай, але тое, як Пекін абыходзіцца з тэнісісткай, прымушае моцна засумнявацца ў тым, што Кітай падзяляе гэты падыход. У наяўнасці сапраўдны фарс: МАК заявіў, што яго «абнадзеілі запэўніванні» у тым, што з тэнісісткай, маўляў, усё ў парадку. У дадзенай сітуацыі вельмі важна, каб уся тэнісная супольнасць выступіла адзіным фронтам і адмовіла Кітаю ў праве правядзення турніраў да таго часу, пакуль не будзе пацверджана, што Пэн на волі і ў бяспецы», – адзначае брытанскае выданне.

На фоне росту колькасці выпадкаў заражэння кавідам у многіх краінах Еўропы зноў уводзяцца строгія супрацьэпідэмічныя абмежаванні. Супярэчнасці і напружанасць паміж прышчэпленымі і тымі, хто адмаўляецца ад вакцынацыі , шмат у чым абвастраюцца, як і антаганізм паміж прыхільнікамі і супернікамі ўвядзення локдаўну.

«Славакія ўвяла новыя абмежавальныя меры, у тым ліку для прышчэпленых», – адзначае мясцовая газета Denník N.

«Вядома, для ўрада гэта непрыемная сітуацыя. Улады абяцалі, што вакцына верне грамадзянам свабоду, і зараз многім прышчэпленым можа здацца, што іх абвялі вакол пальца. Мы ж можам параіць толькі дзве рэчы: калі вы жадаеце выказаць каму-небудзь сваё абурэнне, то лепш за ўсё выплюхнуць яго на тых, хто нясе адказнасць за такі нікчэмны ўзровень вакцынацыі ў нашай краіне. У першую чаргу на тых, хто распаўсюджвае разнастайную лухту аб вакцынах. Але лепш было б здушыць сваю незадаволенасць і паводзіць сябе гэтак жа рацыянальна, як вы гэта рабілі тады, калі вырашылі прышчапіцца», – заклікае славацкае выданне.

Агляд сусветнай прэсы падрыхтавала Вольга Сямашка