Агляд прэсы: старыя схемы не працуюць



Беларусь рызыкуе раззлаваць Пуціна пасля «выкрадання» журналіста. Украіна падпісала пагадненне аб «адкрытым небе» з Еўразвязам. Што хавае канфлікт вакол Тайваня? Падрабязнасці свежых матэрыялаў замежнай прэсы даведаемся ў аглядзе Вольгі Сямашкі:

Ірландская газета Irish Independent адзначае, што беларускага дыктатара Аляксандра Лукашэнку абвінавачваюць у выкраданні «журналіста з любімай газеты Уладзіміра Пуціна, рызыкуючы пры гэтым растацца з адзіным ягоным хаўруснікам».

Выданне паведамляе, што супрацоўнікі службы бяспекі КДБ Беларусі нібыта выкралі ў Маскве рэпарцёра расейскага таблоіду «Камсамольская праўда» Генадзя Мажэйку, які напісаў артыкул пра адну з самых супярэчлівых аперацый КДБ.

«Лукашэнка, які кіруе Беларуссю жалезным кулаком 27 гадоў, жорстка распраўляецца з абмеркаваннем рэйду, у якім супрацоўнік ІТ застрэліў супрацоўніка КДБ пасля таго, як сілавікі ўзламалі яго дзверы. Больш за 200 чалавек былі затрыманыя ў Беларусі толькі за абмеркаванне аперацыі ў сацыяльных сетках. Нягледзячы на тое, што гэты інцыдэнт наўрад ці можа настроіць Маскву супраць Лукашэнкі за адну ноч, ён узмацняе неспакой у сувязі з падтрымкай Крамлём чалавека, які стаў міжнародным ізгоем пасля жорсткага разгону пратэстаў, якія адбыліся пасля яго шырока аспрэчанай перамогі на выбарах мінулым летам. Цяпер Лукашэнка пашкодзіў адносіны з адной з найбольш кансерватыўнай часткай медыя-ландшафту Расеі і іх кіраўнікамі ў Крамлі», – падсумоўвае ірландскае выданне.

На нядаўнім саміце ЕЗ-Украіна не было зроблена выразных заяваў пра перспектывы ўступлення Украіны ў супольнасць. Аднак абодва бакі падпісалі ў Кіеве пагадненне аб інтэграцыі Украіны ў еўрапейскую паветраную прастору.

Венгерская газета Magyar Nemzet вітае той факт, што саміт скончыўся адчувальным вынікам і з практычнай карысцю:

«Прынамсі, на гэты раз перагаворшчыкі ад ЕЗ прыбылі ў Кіеў не з пустымі рукамі. Тое, што Украіна ўвайшла ў пагадненне аб адзінай еўрапейскай авіяпрасторы, можна залічыць як поспех. Гэтая ініцыятыва можа зрабіць авіязносіны больш інтэнсіўнымі, бяспечнымі і таннымі».

Кіраўнік КНР Сі Цзіньпін заклікаў Тайвань далучыцца да Кітаю, на што прэзідэнт Цай Інвэнь адказаў адмовай. На мінулым тыдні Кітай неаднаразова накіроўваў знішчальнікі ў паветраную прастору Тайваня. А цяпер Пентагон прызнаў, што амерыканскія інструктары таемна трэніруюць тайваньскія войскі. Аглядальнікі дзеляцца сваімі меркаваннях з нагоды цяперашняй эскалацыі.

Італьянская газета La Repubblica мяркуе, што на Тайвані вырашыцца зыход супрацьстаяння паміж ЗША і Кітаем.

«У наяўнасці глабальны выклік, які тычыцца і правоў чалавека. Успомнім хоць бы крытыку з нагоды пераследу дысідэнтаў у Ганконгу, уйгураў у Сіньцзяні, роўна як і іншых меншасцяў. У якасці меры ў адказ Сі Цзіньпін абвінаваціў ЗША ў неакаланіялізме, і адправіў на Тайвань сотні ваенных самалётаў, каб заявіць аб праве Кітая на «уз’яднанне» c выспай. У той час, як Джо Байдэн заняты стварэннем новай архітэктуры бяспекі ў Азіі, каб ЗША змаглі вярнуцца да сваёй ролі сусветнага лідара, Сі імкнецца завяршыць план Мао Цзэдуна. Менавіта гэта трэнне паміж двума несумяшчальнымі праектамі мы і назіраем на Тайвані. І гэта – найвялікшая пагроза нашага стагоддзя», – папярэджвае італьянскае выданне.

Па слядах нядаўніх выкрыццяў шматлікіх выпадкаў сэксуальнага гвалту ў французскай каталіцкай царкве ў краіне разгарэлася дыскусія пра таямніцу споведзі. У цэнтры абмеркавання – пытанне пра тое, ці павінны святары паведамляць пра выпадкі гвалту, калі ім стане вядома пра такія у часе споведзі. Ці ж царкоўнае правіла таямніцы споведзі павінна мець прыярытэт над законамі дзяржавы, як пра гэта заявіў арцыбіскуп Рэймса і старшыня Канферэнцыі каталіцкіх біскупаў Францыі Эрык дэ Мулен-Бафор?

«Пытанне не ў тым, што вышэй: закон дзяржавы або закон царквы. У гэтай спрэчцы гаворка хутчэй ідзе пра праблему таямніцы споведзі ў кожным канкрэтным выпадку сэксуальнага гвалту», – піша французская газета Libération.

«Нават калі прызнаць існаванне нейкага заканадаўчага бажаства (што немалаважна!), у межах дэмакратыі не можа пераважаць таямніца споведзі, калі яе можна падвергнуць простай і пераканаўчай маральнай крытыцы. Бо ў дадзеным выпадку гаворка ідзе пра сотні тысяч ахвяраў сэксуальнага гвалту ў мінулым і, магчыма, у будучыні. Нават вернікі павінны прызнаць, што правілы, устаноўленыя іх зямной рэлігійнай уладай, але не самім Госпадам Богам! – павінны паважаць асноўныя прынцыпы маралі», – лічыць французская газета.

Беларускае Радыё Рацыя