Агляд прэсы: сцісканне межаў
У Міхалове адбылася пратэсная акцыя ў падтрымку ўцекачоў. «Паўночны паток – 2» – вынік расейскіх намаганняў за апошнія 30 год. Як кабульскі салон прыгажосці аказвае супраціў талібам. Падрабязнасці свежых матэрыялаў замежнай прэсы даведаемся ў аглядзе Вольгі Сямашкі.

«На наступны дзень пасля таго, як дзевяць мігрантаў быў знойдзены мёртвымі у памежнай зоне паміж Польшчай і Беларуссю, сотні мацярок у суправаджэнні дзяцей, актывістаў і мясцовых жыхароў пратэставалі ў Міхалове на ўсходзе Польшчы супраць абыходжання з мігрантамі, перапраўленымі праз мяжу з боку беларускіх уладаў. «Дзецям не месца ў лесе» і «Мы хочам збіраць у лесе грыбы, а не целы» – такія былі транспаранты дэманстрантаў, што сабраліся перад будынкам мясцовай улады», – паведамляе трансгранічная журналісцкая платформа Reporting Democracy.
Выданне адзначае, што з лета рэжым Лукашэнкі спакушае мігрантаў з Блізкага Усходу і Афрыкі ехаць у Беларусь, пасля чаго іх адпраўляюць праз межы Еўразвязу ў Польшчу і краіны Балтыі з мэтай распальвання міграцыйнага крызісу.
«Цяжкі дзень на мяжы сёння. Сёння нас ужо тройчы выклікалі для ўмяшання. Усе без выключэння хворыя мерзнуць. Некаторых з іх, у тым ліку цяжарную жанчыну, трэба было даставіць у лякарню. На нашу думку, сітуацыя пагаршаецца», – цытуе выданне публічную заяву польскіх медыкаў на мяжы, дзе група добраахвотных фельчараў дзейнічае ва ўмовах надзвычайнага становішча.
«Важна, што Еўракамісія раскрытыкавала новы польскі закон, які легалізуе развароты мігрантаў і запатрабавала празрыстасці ў памежнай зоне ў кантэксце таго, што СМІ і няўрадавыя арганізацыі выключаныя з назірання пасля абвяшчэння надзвычайнага становішча 2-га верасня», – падкрэслівае Reporting Democracy.
«Газаправод «Паўночны паток – 2» з Расеі ў Нямеччыну па дне Балтыйскага мора ЗША і шэраг краін Еўропы расцанілі як расейскую пастку для еўрапейскіх пакупнікоў. Хіба што так. Гэта апошняе звяно ў 30-гадовым праекце па вывадзе экспарту расейскай нафты і газу з транзітных маршрутаў праз суседнія былыя савецкія рэспублікі. З пункту гледжання Расеі, гэта цалкам лагічная мэта», – лічыць амерыканскае выданне Bloomberg.
«З распадам Савецкага Саюзу ў 1991 годзе Расея сутыкнулася з залежнасцю: трубаправоды, па якіх яе нафта і газ ідуць на міжнародны рынак, праходзяць праз краіны, якія раптоўна здабылі незалежнасць і не факт, што настроены па-сяброўску. Нават нафту ў свой галоўны чарнаморскі порт Наварасейск Расеі прыпадала пампаваць праз Украіну, а яе асноўны выхад у Балтыйскае мора знаходзіўся ў Латвіі. Пастаўкі газу ў Заходнюю Еўропу ішлі праз адну або некалькі былых савецкіх рэспублік: Беларусь, Украіну і Малдову. А пасля мінімум праз адну з былых дзяржаў-сатэлітаў: Польшчу, Чэхію, Славакію, Румынію і Балгарыю. Адносіны Масквы з усімі гэтымі краінамі мяняліся, і з пункту гледжання Расеі, далёка не ў лепшы бок», – падкрэслівае амерыканскае выданне.
У матэрыяле адзначаецца, што «Паўночны паток – 2» не дапоўніць існуючыя патокі газу праз Беларусь, Польшчу і Украіну, а выцесніць іх, і гэта пакладзе канец расейскай залежнасці ад былых савецкіх рэспублік і краін-сатэлітаў у дастаўцы нафты і газу на заходнія экспартныя рынкі.
«Гэта адно з апошніх месцаў у Кабуле, дзе жанчыны могуць сустракацца па-за домам, нейкая бурбалка свабоды і нават фрывольнасці, дзе ўсе смелыя новаўвядзенні, падобна, пакуль яшчэ дазволеныя. Нягледзячы на пагрозы з боку талібаў, гаспадыня вырашыла пакінуць свой салон прыгажосці адкрытым. Кліенткі, якія выходзяць з машын, накіроўваюцца да някідкага фасаду будынку, на якім усе плакаты пакрытыя белай фарбай. Пасля таго, як цяжкая пурпурная аксамітная фіранка пераадоленая, хіджабы, абайі і нікабы прыбіраюцца ў кут. Патрулі Талібану, што ходзяць звонку, адсюль падаюцца прыналежнымі да іншага свету. Да таго ж афганскаму грамадству як ніколі патрэбныя жанчыны, якія працуюць. Многія супрацоўніцы забяспечваюць існаванне сваіх сем’яў», – піша французская газета Le Figaro.
Выданне адзначае, што пры ранейшым рэжыме талібаў з 1996 па 2001 год салоны прыгажосці былі забароненыя, і за паказ пафарбаваных пазногцяў з-пад буркі жанчынам пагражала ампутацыя пальцаў. З моманту свайго вяртання да ўлады ў сярэдзіне жніўня фундаменталісты сцвярджаюць, што яны «мадэрнізаваліся».
«Але гэта не перашкодзіла некаторым талібам заявіць па тэлебачанні, што водар духоў або стук абцасаў лічацца «харам», непрыстойнымі. Два месяцы усё яшчэ пануе некаторая няпэўнасць наконт зместу і прымянення іх рэлігійных указаў», – адзначае французскае выданне. «Жанчыны прыходзяць на працу ў страху, асабліва пры адкрыцці салона прыгажосці. Аднак культура жаночай прыгажосці з’яўляецца для афганскіх жанчын апорай супраць экстрэмізму, няхай гэта будзе мода, макіяж або цырульная справа».
«Трэцяя доза вакцыны Pfizer забяспечвае «выдатны» імунітэт, як паказала першае поўнае выпрабаванне, у той час як брытанскі прэм’ер-міністр Борыс Джонсан выказаў здагадку, што сталыя людзі павінны мець магчымасць прайсці рэвакцынацыю раней, чым гэта дазволена ў цяперашні час», – паведамляе брытанская газета The Times.
Выданне паведамляе, што брытанскі прэм’ер-міністр аказаў ціск на кіраўнікоў кампаній, звязаных з вакцынацыяй, каб яны змянілі свае рэкамендацыі і дазволілі людзям праходзіць рэвакцынацыю менш чым праз шэсць месяцаў пасля атрымання другой дозы.
«Новае даследаванне паказала, што дадатковая прышчэпка павышае абарону да 95%. Больш ранняе даследаванне, заснаванае на рэальных дадзеных з Ізраіля, выявіла аналагічны прырост у абароне ад сур’ёзнай хвалі захворвання. Гэта азначае, што любое змяншэнне імунітэту пасля першых двух доз больш чым кампенсуецца трэцяй дозай», – паведамляе газета.
Агляд сусветнай прэсы падрыхтавала Вольга Сямашка.
Беларускае Радыё Рацыя
