Агляд прэсы: толькі б не запэцкаць рукі



Беларусь на раздарожжы пасляваенных зменаў глабальнай эканомікі. Як расцэньваць прамову Пуціна? Як Зяленскі звяртаецца да сусветнай супольнасці? Падрабязнасці свежых матэрыялаў замежнай прэсы даведаемся ў аглядзе Вольгі Сямашкі.

«Будучы перш за ўсё геапалітычнай падзеяй, расейскае ўварванне ва Украіну глыбока зменіць сусветную геаэканоміку. Так для Кітая велізарная расейская суша была самым надзейным сухапутным шляхам да багатага рынку ЕЗ. Расея, Украіна , Польшча і Беларусь спадзяваліся стаць часткай Новага Еўразійскага сухапутнага моста, які ў асноўным з’яўляецца чыгуначным злучэннем. Гэтыя мары аб падключэнні зямлі былі «забітыя» вайной Пуціна. І гэта моцны галаўны боль як для Беларусі, так і для Кітая», – піша амерыканская газета The Diplomat.

«У кароткатэрміновай перспектыве Кітай павінен вярнуцца да асноў. Сувязь паміж Кітаем і ЕЗ будзе больш абапірацца на старыя добрыя марскія маршруты, якія аказаліся больш устойлівымі, чым аўтамабільныя або чыгуначныя сеткі. У кароткатэрміновай перспектыве Кітай павінен абыйсці расейска-беларускую і, магчыма, украінскую геаграфію. Патэнцыйнае аднаўленне ядзернага пагаднення з Іранам і нядаўна падпісанае 25-гадовае кітайска-іранскае пагадненне ўжо былі накіраваныя на павышэнне ролі калідора для «Ядвабнага шляху». Вайна Пуціна, хутчэй за ўсё, падштурхне гэтыя працэсы і павысіць статус гэтага калідора. Цэнтральнае месца іранскай геаграфіі для Кітая і прывабнасць несанкцыянаваных іранскіх газу і нафты для ЕЗ – у якасці альтэрнатывы расейскаму, могуць павысіць геаэканамічную ролю Ірана ў цяперашніх умовах.

У доўгатэрміновай перспектыве Расея, у сваю чаргу, з вялікай доляй верагоднасці яшчэ больш умацуе ўласную геаэканамічную ініцыятыву, ЕАЭС, каб максімальна замацаваць свой уплыў у краінах былога СССР. У ЕАЭС уваходзяць Расея, Беларусь, Казахстан, Арменія і Кыргызстан. Гэтыя расейскія партнёры наўрад ці будуць прытрымлівацца рэжыму санкцый. ЕАЭС давядзецца абапірацца на рэжым гандлю з дамінаваннем рубля. Верагодна, Расея будзе дамагацца стварэння валютнага саюза ў гэтым рэгіёне, ідэю, якую Пуцін , Аляксандр Лукашэнка і іншыя адстойвалі на працягу многіх гадоў», – прагназуе амерыканскае выданне.

Праз тры тыдні з моманту ўварвання расейскіх войскаў ва Украіну прэзідэнт Расеі Пуцін паўтарыў свае аргументы на карысць гэтай вайны ў сваім тэлевізійным звароце да народу. Па словах Пуціна, Расея павінная абараняцца ад нападак з боку Захаду. «Спецаперацыя па дэмілітарызацыі» Украіны ідзе па плане, – заявіў прэзідэнт. Аглядальнікі бачаць у паўтарэнні завучанай хлусні сігнал нестабільнасці.

Як адзначае фінская газета Helsingin Sanomat, у расейскага прэзідэнта сыходзіць глеба з-пад ног.

«Гаворка Пуціна была пагрозлівай. Так, у наяўнасці пагроза ўзмацнення прыгнёту і пераследу ў краіне. Пасля таго як на гэтым тыдні Расея сама выйшла з Рады Еўропы – да таго, як яе маглі выключыць, яна зараз можа зноў увесці смяротнае пакаранне. Але ў той самы час гаворка Пуціна была вельмі паказальнай. Ледзь прыхаваны гнеў выдае яго бездапаможнасць у сувязі з тым, што ўварванне ва Украіну відавочна ідзе не па плане, а расейская эканоміка коціцца ў бездань. Так што гаворка Пуціна была яўным сведчаннем ягонай слабасці. Сістэма вакол яго пачынае трашчаць па швах. Найбліжэйшая будучыня ў Расеі абяцае быць вельмі змрочнай», – адзначае фінскае выданне.

Пасля пачатку вайны прэзідэнт Украіны Уладзімір Зяленскі ўжо неаднаразова звяртаўся да дэпутатаў парламентаў краін свету: перш ён нагадаў дэпутатам Еўрапарламента, што Украіна – гэта частка еўрапейскай сям’і. Кангрэсмэнаў ЗША ён заклікаў узгадаць пра Пэрл-Харбар і 11 верасня. Перад брытанскай Палатай абшчын прэзідэнт Украіны цытаваў Чэрчыля, а ў мінулы чацвер у бундэстагу гаварыў аб новай сцяне, якую Пуцін узводзіць у Еўропе. Наколькі эфэктыўная такая стратэгія камунікацыі?

«Зелянскаму ўдалося эмацыйна дастукацца да нямецкіх палітыкаў, аднак на канкрэтныя дзеянні тыя ўсё роўна не пойдуць», – адзначае швейцарская газета Neue Zürcher Zeitung.

«Якую зброю магла і павінна была б паставіць Украіне ФРГ? Ці будзе федэральны ўрад па-ранейшаму адмаўляцца ад ідэі ўвядзення супраць Расеі газавага і нафтавага эмбарга? Гэтыя і іншыя пытанні хвалююць не толькі кіраўніка ўкраінскай дзяржавы. Але дэпутаты партый кіруючай кааліцыі пераважнай большасцю галасоў адхілілі прапанову аб змене парадку дня. Як прадстаўнікі нацыі, нібыта гістарычна адукаванай і якая ўсё ўсвядоміла, у гэтай краіне вельмі любяць выказваць салідарнасць на словах, а вось рукі ў знак салідарнасці пэцкаюць неахвотна», – гіранізуе швейцарскае выданне.

Узаемныя санкцыі і забарона на экспарт усё больш адразаюць Расею ад сусветнага рынку. Уся сусветная эканоміка адчуе на сабе наступствы крызісу ў выглядзе запаволення росту, збояў у гандлі і паўзучай інфляцыі, – гаворыцца ў заяве МВФ ад 17 сакавіка гэтага года. Еўрапейская прэса абмяркоўвае розныя падыходы да вырашэння праблем.

Яшчэ нядаўна Расея была адным з найважнейшых гандлёвых партнёраў Латвіі – нараўне з Літвой, Эстоніяй, Нямеччынай, Польшчай і Вялікабрытаніяй. Аднак, як адзначае латвійская газета Diena, не варта пераацэньваць ролю ўсходняга суседа.

«Шэраговы спажывец нават не заўважыць знікнення расейскіх тавараў: ва ўсіх сферах ёсць альтэрнатывы. За два гады пандэміі латвійская індустрыя турызму навучылася абыходзіцца без турыстаў з Расеі. Многія кампаніі разглядаюць Расею як партнёра з фактарам рызыкі, пачынаючы з 2014 года, калі тая акупавала Крым, і ў выніку паміж Расеяй і Захадам былі ўведзены санкцыі. Яшчэ ў 1990-я наша краіна набыла вельмі каштоўны досвед трансфармацыі эканомікі ў заходнім кірунку», – падсумоўвае латвійскае выданне.

Агляд сусветнай прэсы падрыхтавала Вольга Сямашка