Агляд прэсы: толькі мова зброі?



Толькі бой пакажа, ці зможа Украіна адбіць новы напад з Беларусі. Санкцыі супраць Расеі: што дасць частковае эмбарга на нафту? Украіна: перамовы на фоне вайны. Анкара ставіць пад сумнеў статут грэцкіх выспаў у Эгейскім моры. Падрабязнасці свежых матэрыялаў замежнай прэсы даведаемся ў аглядзе Вольгі Сямашкі.

«Украіна ўважліва назірае за беларускім фронтам і ўсведамляе пагрозу з гэтага боку. Акрамя рашэння Беларусі па стварэнні новага паўднёвага апэратыўнага камандавання, там ужо размешчаны расейскія мабільныя балістычныя ракетныя комплексы малой далёкасці «Іскандэры», і ўзровень пагрозы з беларускага боку для Ўкраіны зразумелы», – піша ўкраінскае выданне Ukrayinska Pravda і цытуе нядаўнюю размову з Аляксеем Данілавым – сакратаром Рады бяспекі і абароны Украіны.

«Ці зможа Украіна ўтрымаць абарону на беларускім фронце залежыць ад нашай арміі, ад многіх фактараў. Аднак 24 лютага ніхто не верыў, што Украіна захавае абарону, але яе ўтрымалі. Больш за тое, ад захопнікаў былі вызвалены Кіеўская, Сумская, Чарнігаўская вобласці. Перад вайной у Зяленскага было шмат сустрэч з вайскоўцамі, і на пытанне, ці можа трымацца Украіна, генерал Залужны даволі выразна адказаў, што гэта можа паказаць толькі бой. Адказваючы на сённяшняе пытанне такім жа чынам, можна адзначыць: толькі бой можа паказаць падрыхтоўку Узброеных Сіл. Вядома, Украіна ў лютым верыла, што нападу з тэрыторыі Беларусі, які, на жаль, адбыўся 24 лютага, не будзе. За два дні да вайны міністр абароны Украіны размаўляў са сваім беларускім «калегам», які запэўніў яго, што гэтага не адбудзецца. Галоўны памежнік Украіны размаўляў з галоўным памежнікам Беларусі за дзень да ўварвання. Ён таксама запэўніў, што агрэсіўных дзеянняў з боку Беларусі не будзе. Але войскі атакавалі не толькі з гэтага беларускага боку, яны прайшлі ўсю мяжу», — запэўнівае ў гатоўнасці да адбіцця новых атак з боку Беларусі ўкраінскае выданне.

Пасля працяглых перамоваў краіны ЕЗ дамовіліся аб увядзенні частковага нафтавага эмбарга ў рамках шостага пакета санкцый супраць Расеі: імпарт нафты па моры будзе заблакаваны. Аднак сухапутныя пастаўкі па трубаправодзе Дружба, па якім расейскую нафту атрымліваюць такія краіны, як Венгрыя, Чэхія і Славакія, будуць працягвацца. Германія і Польшча з 2023 года плануюць адмовіцца ад закупак па трубаправодзе Дружба. Еўрапейская прэса чакала ад перамоваў большых вынікаў. На думку фінскай газеты Helsingin Sanomat, дасягнутага кампрамісу недастаткова.

«Еўропа на чале з Нямеччынай пераследуе стратэгію дапамогі Украіне і пакарання Расеі. Так, мы абавязаны дапамагаць Украіне, але і занадта дбаць не варта. Так, мы павінны пакараць Расею, але не перагінаць палку. Так, нам трэба ізаляваць Расею, але толькі не закручваць гайкі занадта шчыльна. Калі ЕЗ зробіць выбар на карысць нафтавага байкоту, які так і застанецца няпоўным, то гэта найлепшым чынам упішацца ў разлікі Пуціна: Захад занадта любіць уласны камфорт, каб заставацца на перадавой супраць Расеі так доўга, як гэта было б трэба для таго, каб Расея рэальна адчула шкоду. Па сутнасці, гэта карт-бланш на далейшыя забойствы», – адзначае фінскае выданне.

На фоне ўзмацнення расейскіх удараў на ўсходзе Украіны ў Еўропе вядуцца шырокія дыскусіі пра тое, як і якім чынам можна было б спыніць гэтую вайну. Прэзідэнт Францыі Макрон і канцлер Германіі Шольц правялі тэлефонную размову з Пуціным, падчас якой спрабавалі пераканаць яго ў неабходнасці спынення агню. Раней шырокі рэзананс у свеце выклікалі прапановы былога дзяржсакратара ЗША Генры Кісінджэра. Меркаванні прэсы раздзяліліся.

Балгарскае выданне Сега піша пра тое, што з пункту гледжання гістарычнай перспектывы нельга паўтараць ужо аднойчы здзейсненыя памылкі.

«Галоўныя асцярогі Украіны заключаюцца ў тым, што вядучыя краіны ЕЗ, такія як Францыя, Германія і Італія, могуць схіліцца да таго, каб прымяніць у дачыненні да Расеі вопыт Мюнхенскага пагаднення 1938 года, якое адарвала частку Чэхаславакіі на карысць нацысцкай Германіі. За гэтым стаяла палітычная філасофія ў тым духу, што можна ўлагодзіць агрэсара, дазволіўшы яму праглынуць кавалак чужой тэрыторыі. Дыпламатыя – гэта мастацтва магчымага, аднак калі яна вядзе ўсяго толькі да штучнага міру, то на справе яна адчыняе браму вайне», – адзначае балгарскае выданне.

Пасля дыпламатычнага скандалу, які выліўся на мінулым тыдні, тэрытарыяльная спрэчка паміж Грэцыяй і Турцыяй успыхнула з новай сілай. Міністр замежных спраў Турцыі Меўлют Чавушоглу запатрабаваў ад Афін вывесці грэчаскія войскі з астравоў Радос, Кос, Лесбас і Самас. Пры гэтым Анкара спасылаецца на Лазанскую мірную дамову 1923 года і Парыжскую дамову 1947 года. Афіны ў сваю чаргу звярнуліся да ААН. Грэцкая прэса б’е ў набат. Грэчаскае выданне Protagon баіцца, што справа можа дайсці да эскалацыі ўжо гэтым летам.

«Туркі вырашылі адкрыта паставіць пад сумнеў статус-кво ў Эгейскім моры. Месцам супрацьстаяння стане не ўсходняе Міжземнамор’е, у дзясятках міль ад выспаў Крыт і Кастэларызон, а Эгейскае мора, дзе рух ваенных караблёў і паветраныя баі былі б бачныя з усіх выспаў. Можа ўзнікнуць новы цэнтр напружанасці, як тое было ў выпадку з навукова-даследчым караблём Oruç Reis улетку 2020 года. І гэта на фоне таго, што ў сувязі з вайной ва Украіне ў Эгейскім моры таксама прысутнічаюць ваенна-марскія сілы НАТО і Расеі. Ці можна кантраляваць крызіс падобнага кшталту? Адказ просты: толькі да пэўнай ступені, паколькі тое, аб чым кажа Анкара, тоіць у сабе вельмі сур’ёзныя рызыкі», – папярэджвае грэцкае выданне.

Агляд сусветнай прэсы падрыхтавала Вольга Сямашка.

Беларускае Радыё Рацыя

[manual_related_posts]