Агляд прэсы: цана хлеба



Беларускі маршрут для ўкраінскага збожжа дае лідарам ЕЗ надзею і галаўны боль. Вайна Расеі супраць Украіны: спробы пасярэдніцтва. Ці мае сэнс частковае эмбарга на расейскую нафту? Пагроза голаду: Расея блакуе экспарт украінскага збожжа. Падрабязнасці свежых матэрыялаў замежнай прэсы даведаемся ў аглядзе Вольгі Сямашкі.

«Адным са шляхоў выхаду з надыходнага сусветнага харчовага крызісу з’яўляецца перанакіраванне мільёна тон збожжа, які затрымаўся ва Украіне, праз Беларусь. Цяжкасць, аднак, палітычнага характару: ЕЗ трэба будзе адмяніць санкцыі, якія ён нядаўна ўвёў супраць Беларусі», – папярэджвае еўрапейскае выданне Euractiv.
„Лідэры краінаў Эўразьвязу абмяркуюць харчовы крызіс, які набліжаецца і спрабуюць абыйці расейскую блакаду ўкраінскага экспарту ўсімі мажлівымі спосабамі, у тым ліку разглядаюць ваенна-марскую місію па суправаджэнні грузавых судоў; аднак наўпрост не збіраюцца саступаць патрабаванням Расеі аб адмене санкцый. Зараз у сховішчах украінскіх фермераў знаходзіцца каля 22 мільёнаў тон збожжа. Цэлыя краіны, асабліва на Блізкім Усходзе і ў Афрыцы, залежаць ад украінскага імпарту пшаніцы, кукурузы і сланечнікавага алею. ААН прагназуе сусветны харчовы крызіс, калі запасы Украіны застануцца заблакаванымі. Як паведамляюць крыніцы, дыпламаты абмяркоўваюць беларускі маршрут – накіраванне збожжа з Украіны ў Балтыйскае мора, а не ў Чорнае. Перавага такога рашэння ў тым, што Беларусь мае такую ж шырыню рэек, што і Украіна, дасталася з савецкіх часоў. Беларусь не мае выхаду да мора, але раней па чыгунцы ў літоўскі порт Клайпеда экспартавала вялізныя колькасці калію. Для таго, каб Беларусь пагадзілася на экспарт украінскага збожжа, што фізічна можна было зрабіць даволі лёгка праз балтыйскія парты, у ЕЗ ёсць вялікія магутнасці. Пытанне ў тым, што Беларусь папросіць узамен. І гэтая цана можа быць занадта высокай»,
– піша еўрапейскае выданне.

Прэзідэнт Турцыі Эрдаган зноў прапанаваў сябе ў ролі пасярэдніка, а Стамбул – у якасці пляцоўкі для перамоваў аб спыненні вайны ва Украіне. Услед за канцлерам ФРГ Шольцам і прэзідэнтам Францыі Макронам турэцкі прэзідэнт таксама паспрабаваў паўплываць на Пуціна падчас тэлефоннай гутаркі. Як заявіў Эрдаган, Турцыя гатова прыняць удзел у назіральнай місіі, якую можна было б правесці разам з Расеяй, Украінай і ААН. Аглядальнікі, аднак, асаблівых спадзяванняў не маюць.

«Эрдаган не падыходзіць у пасярэднікі – бо ён нічым не адрозніваецца ад Пуціна», – абураецца італьянская газета Il Manifesto.

«У кожнага з іх ёсць свой Данбас. Для Эрдагана і Турцыі – адной з апор NATO з 1952 года – гэта сірыйская Рожава і іракскі Курдыстан, дзе «султан» на сталай аснове размясціў свае войскі і дзе ён акупаваў тэрыторыі іншых дзяржаў, прычым ніхто і брывом не павёў. З сярэдзіны красавіка турэцкае войска праводзіць масіраваную аперацыю на поўначы Ірака супраць пазіцый РПК (Працоўнай партыі Курдыстана), а таксама супраць езідаў і сірыйска-курдскіх Атрадаў народнай самаабароны. Турцыя бамбіць Кабані – сімвал гераічнага супраціву Халіфату», – піша італьянскае выданне.

Больш за месяц краіны ЕЗ вялі перамовы па пытанні ўвядзення эмбарга на расейскую нафту. У выніку было прынята кампраміснае рашэнне: забарона закране толькі нафту, якая паступае марскім шляхам. Венгрыя, Чэхія і Славакія, якія не маюць выхаду да мора, працягнуць атрымліваць нафту па трубаводзе Дружба. Больш за іншых увядзенню байкоту пярэчыла Венгрыя. Еўрапейская прэса разважае пра тое, ці будзе карысць ад дасягнутага кампрамісу.

«Гэта быў разумны і, мабыць, апошні кампраміс», – адзначае ірландская газета Irish Independent.

«Частковае нафтавае эмбарга лепшае, чым ніякага. Варта вітаць усё, што абмяжоўвае фінансаванне пуцінскай ваеннай машыны, і эмбарга мае ў гэтым сэнсе асаблівае значэнне, паколькі зыходзіць ад альянсу, які моцна залежыць ад расейскіх энергарэсурсаў. Дзяржавы-члены ЕЗ падзяліліся ў меркаваннях. Ёсць тыя, хто адчайна спрабуе пераадолець залежнасць ад расейскіх энерганосьбітаў, якія кантралююцца Крамлём. Ёсць краіны, якія не маюць выхаду да мора і безнадзейна залежаць ад расейскіх паставак, а ёсць і тыя, хто знаходзіцца недзе пасярэдзіне. І ўсё ж еўрапейскія лідэры знайшлі спосаб выбудаваць квадратуру круга, а ў поспеху гэтага прадпрыемства нават перад пачаткам саміту не было ніякай упэўненасці. Аднак, судзячы па ўсім, ЕЗ сэнсавана выкарыстаў усе наяўныя ў яго казыры», – паведамляе ірландскае выданне.

У свеце абвастраецца пагроза голаду. Сітуацыю пагаршае і вайна ва Украіне: Расея, з аднаго боку, сама ўвяла забарону на вываз збожжавых, а з другога боку, яна блакуе экспарт украінскага збожжа з партоў на Чорным і Азоўскім морах. На днях прэзідэнт Пуцін заявіў, што Расея магла б выпусціць судны з украінскай пшаніцай з партоў, калі ў абмен на гэта Захад адменіць накладзеныя на Расею санкцыі. Як быць Захаду?

«Стратэгія Пуціна, які патрабуе адмены санкцый узамен на зняцце блакады з украінскіх партоў, вельмі небяспечная», – адзначае нямецкая газета De Standaard.

«Калі ягоны план спрацуе, то ў ролі злыдня будзе выступаць ужо не ён, але Еўразвяз, які, маўляў, перашкаджае пастаўкам збожжа ў самыя бедныя краіны, такія як Егіпет ці Туніс. Для многіх незаходніх краін салідарнасць з Украінай не ёсць тым, што само сабой разумеецца. Вядома, неймаверна, каб Еўропа паддалася на правакацыю і змякчыла санкцыі. Куды верагодней зваротнае: знікнуць апошнія сумневы з нагоды таго, ці варта заганяць Маскву ў кут. Гэта абвастрыць канфлікт і пагоршыць становішча на сусветнай арэне. Усё гэта не наблізіць мір. Але менавіта гэтага і дамагаецца Пуцін», – падкрэслівае нямецкае выданне.

Агляд сусветнай прэсы падрыхтавала Вольга Сямашка.

Беларускае Радыё Рацыя

[manual_related_posts]