Агляд прэсы: твар у твар



Расейскія войскі наблізіліся да польскай мяжы ў Беларусі. Ваенны пераварот у Буркіна-Фасо. Еўропа ўспамінае ахвяр Халакосту. Падрабязнасці свежых матэрыялаў замежнай прэсы.

«Пакуль Міністэрства абароны Беларусі заяўляе, што ўжо 20 лютага ваенныя вучэнні пройдуць і Расея забярэ свае войскі назад, расейскі дэсантны атрад размясціўся ў беларускім горадзе Берасце, недалёка ад мяжы з Польшчай», – піша польскае выданне The First  News.

Выданне прыводзіць дадзеныя арганізацыі Conflict Intelligence Team CIT, які аналізуе анлайн-запісы перамяшчэнняў расейскіх вайскоўцаў і паведамляе, што ў горад, які знаходзіцца ў 50 км на поўнач ад украінскай мяжы, быў накіраваны расейскі дэсантны батальён.

«На здымках Мінабароны Беларусі пацверджана прысутнасць у Беларусі камандзіра 217-га паветрана-дэсантнага палка расейскай арміі. Згодна з расследаваннем, Расея пачала перамяшчэнне падраздзяленняў з Усходняй ваеннай акругі на захад краіны. Эксперты фіксуюць перадачу да паловы ваеннага патэнцыялу, размешчанага на Далёкім Усходзе Расеі. Частка перадыслакаваных войскаў была перакінута ў Беларусь, а пазіцыі астатніх невядомыя. Вайскоўцаў адпраўляюць у памежныя з Украінай рэгіёны. Тэрыторыю Беларусі трэба ўлічваць як патэнцыйнае месца, з якога Расея можа пачаць агрэсію супраць Украіны», — гаворыцца ў матэрыяле польскага выдання. 

У панядзелак у Буркіна-Фасо адбыўся ваенны пераварот. Прэзідэнт Рок Марк Кабора арыштаваны. Групоўка, якая захапіла ўладу, мае сумнеўную рэпутацыю расейскай ЧВК Вагнера. Гэта ўжо трэцяе за апошнія некалькі месяцаў гвалтоўнае адхіленне ад улады кіраўніка дзяржавы ў Заходняй Афрыцы. Як адзначаюць аглядальнікі, такое развіццё падзей абумоўленае зусім не толькі ўнутранымі фактарамі. Як адзначае нямецкая газета Die Welt, гэта яшчэ адзін крызіс, які не абміне і Еўропу.

«Прыхільнікі путчыстаў у Буркіна-Фасо размахвалі расейскімі сцягамі. Так што будзе нядзіўна, калі ў барацьбе з бізуном тэрарызму (а таксама ў мэтах умацавання ўласнай улады) ваенная вярхушка звернецца па дапамогу да Расеі – як гэта ўжо зрабілі іх калегі з Малі. Але нават калі ў Буркіна-Фасо гэты сцэнар не будзе здзейснены, з пункту гледжання Захаду развіццё падзей у гэтай краіне ўяўляецца больш чым трывожным. Гэта – яшчэ адзін доказ таго, што дзеянні Захаду ў зоне Сахеля пацярпелі крах. І, вядома ж, кожны путч аслабляе без таго практычна адсутныя ў зоне Сахеля дзяржаўныя структуры. А гэта толькі спрыяе распаўсюджванню ў Заходняй Афрыцы ісламісцкага тэрарызму».

У свеце адзначаюць 77-ю гадавіну вызвалення канцлагера Аўшвіц-Біркенаў. Цырымоніі ў памяць аб ахвярах Халакосту прайшлі ў многіх еўрапейскіх краінах: масавае забойства мільёнаў яўрэяў і перадумовы, якія зрабілі яго магчымым, ніколі не павінны быць забыты. «Мы ўсе абавязаныя супрацьстаяць антысемітызму», – заклікаюць аглядальнікі.

«Гэты дзень памяці павінен нагадваць не толькі пра цёмнае мінулае, але праліваць святло на нашу будучыню», – піша італьянская газета Avvenire.

«На будучыню, у якой габрэі змогуць жыць, не баючыся за сваё жыццё, як асобныя індывідуўмы і як народ у цэлым, не баючыся за будучыню, у якой антысемітызм і расізм засталіся б у мінулым, будучыню, у якой наша свядомасць засвоіць каштоўнасць мірнага суіснавання, гасціннасці і разнастайнасці, таму што ўсе мы ў свой час былі для кагосьці меншасцю ці чужынцамі. Гаворка ідзе не толькі пра тое, каб захоўваць памяць пра мінулае, але і пра тое, што мінулае завяшчае нам пабудаваць іншы, нашмат лепшы свет. Свет, у якім з’яўленне насення зла і перадумоў, якія прывялі да пекла Халакосту, было б проста неймавернай справай», – заклікае італьянская газета.

Нягледзячы на тое, што ў сувязі з распаўсюджваннем штаму амікрон тыднёвы каэфіцыент заражанасці перавысіў у Даніі адзнаку 5000 чалавек, урад краіны плануе адмяніць з 1 лютага ўсе супрацьэпідэмічныя абмежаванні. Covid-19 больш не будзе разглядацца як пагроза грамадству. «Крытычную фазу мы пераадолелі», – заявіла прэм’ер-міністр Фрэдэрыксэн, адзначыўшы, што немалую ролю ў гэтым адыграла паспяховая кампанія вакцынацыі.

«Ці не паспяшаліся ў чарговы раз датчане?» – з трывогай запытвае нямецкая газета Süddeutsche Zeitung.

«За два з лішнім гады пандэміі Данія шмат зрабіла правільна. Проціэпідэмічная палітыка ўрада часта была разумней, чым у іншых краінах. Вельмі дарэчы аказаліся ўзорная лічбавізацыя грамадства і высокая ступень даверу грамадзян да ўраду і дзяржаўных ведамстваў. Пытанне, аднак, заключаецца ў тым, ці ацэньваюць дацкія ўлады перспектывы на будучыню з ранейшым рэалізмам ці ж іх погляд затуманены саманадзейнасцю і гатовасцю рызыкаваць адчайна. Памятаецца, аднойчы Данія ўжо адмяняла ў сябе пандэмію, у верасні, а потым яе заспеў знянацку амікрон. На гэты раз Капенгаген зноў робіць вельмі рызыкоўныя стаўкі», – лічыць нямецкае выданне.

 Агляд сусветнай прэсы падрыхтавала Вольга Сямашка

[manual_related_posts]