Агляд прэсы: у адным ланцугу



Крызіс на межах Беларусі. Халодная логіка бізнесу: Масква падтрымлівае адносіны з еўрапейскімі сябрамі у геапалітычна суворыя часы. Ці надоўга Гішпанія і Марока пераадолелі крызіс? ЦІ паспее чалавецтва знайсці крыніцу каронавірусу? Падрабязнасці свежых матэрыялаў замежнай прэсы даведаемся ў аглядзе Вольгі Сямашкі.

«У апошнія тыдні мы назіраем крызіс на фоне масавай нелегальнай міграцыі з Беларусі ў Еўразвяз. Рэжым Лукашэнкі вінавацяць у наўмысным выкарыстанні нелегальнай міграцыі ў якасці зваротнай зброі супраць краін Еўразвязу, якія дамагаюцца звяржэння яго рэжыму. На гэтым прыкладзе мы можам зноў бачыць, як пакутамі людзей злоўжываюць у палітычных мэтах, а таксама тое, што кіраўніцтва ЕЗ і некамерцыйныя арганізацыі моўчкі назіраюць за часам вельмі жорсткімі дзеяннямі літоўскіх сіл бяспекі ў дачыненні да незаконных імігрантаў, хоць часцяком яны ўжываюць да іх нават больш жорсткія меры, чым венгерскія сілы бяспекі»,канстатуе чэшская газета Reflex.

Выданне дае спасылку на кнігу даследчыка Грынхіла «Міграцыя як зброя», у якой апісваюцца каля 60 выпадкаў, калі ў другой палове ХХ стагоддзя міграцыю выкарыстоўвалі ў якасці зброі і ціску на супраціўніка.

«Цяперашні крызіс вакол Беларусі – толькі пацверджанне гэтаму. Аднак Захад і, галоўнае, Еўропа абсалютна не разумеюць праблему масавай міграцыі як зброі масавага паражэння і інструмента дэстабілізацыі грамадства, а імі ўжо карыстаюцца. У выніку нават з‚явілася «гета» на мяжы, якое стала велізарнай праблемай»,адзначае чэшскае выданне.

***

«Спрэчкі вакол Крыма азмрочваюць візіт міністра замежных спраў Расеі ў Венгрыю, Аўстрыю і Італію. Аднак рознагалоссі не моцна перашкаджаюць эканамічным адносінам»,падкрэслівае швейцарская газета Neue Zürcher Zeitung.

«Пасля анэксіі Расеяй Крыма ў 2014 годзе адносіны з Захадам пайшлі па сыходнай спіралі. Таму візіты ў Венгрыю, Аўстрыю і Італію на гэтым тыдні праходзяць не так гарманічна, як хацелася б Маскве. Гэтыя тры дзяржавы сапраўды падтрымліваюць асабліва цесныя адносіны з Крамлём: усяго некалькі гадоў таму ў іх ўрадах яшчэ сядзелі правыя папулісты, якія адкрыта захапляліся Пуціным і аспрэчвалі санкцыйную палітыку Захаду. Але цяпер сітуацыя змянілася. На фоне геапалітычнай напружанасці прастору для лавіравання паміж Усходам і Захадам скарачаецца», – канстатуе выданне.

Швейцарская газета адзначае, што ў Будапешце Лаўрова сустрэлі прыязна, але без захапленняў. Тым не менш, з канца наступнага году Венгрыя хоча вырабляць расейскую вакцыну «Спадарожнік V» і дамовіцца з «Газпромам» аб далейшых пастаўках газу. Там не менш, новы фармат венгерскага дыялогу падтрымлівае патрабаванне Украіны аб вяртанні акупаванай паўвыспы, па меншай меры, на сімвалічным узроўні.

***

Мадрыд і Рабат афіцыйна вырашылі дыпламатычны крызіс у адносінах паміж дзвюма краінамі. Раней абодва бакі дамовіліся аб высылцы мігрантаў, якім Марока дазволіла перабрацца праз мяжу ў гішпанскі паўэксклаў Сеута. Міністр замежных спраў Гішпаніі Аранча Гансалес Лайя падала ў адстаўку, тым самым узяўшы на сябе адказнасць за тое, што справакавала крызіс, а менавіта – згода гішпанскіх уладаў на лячэнне лідара вызвольнага руху ў акупаванай Марока Заходняй Сахары ў адной з гішпанскіх клінік.

«Урад Гішпаніі не павінен дазваляць Марока сябе шантажаваць», – папярэджвае гішпанская газета El Mundo.

«Жадаючы пакараць Мадрыд за промах з лідарам руху Палісарыё, Рабат адрэагаваў непрымальным чынам, накіраваўшы тысячы людзей у роспачы у прыбярэжныя воды Сеуты. Дзеля таго, каб ўласкавіць алавіцкага караля, Гішпанія прынесла ў ахвяру, накіраваўшы ў адстаўку, міністра замежных спраў Аранчу Гансалес Лайю, якая наламала нямала дроваў. Акрамя таго, для Рабата былі вылучаныя мільённыя субсідыі на рэгуляванне іміграцыі і закупку абсталявання для абароны межаў. Зразумела, да гармоніі неабходна імкнуцца заўсёды. Аднак гармонія павінна выбудоўвацца на рэальным даверы, а не на пастаянным шантажы, якому мы падвяргаемся з боку аўтарытарнага рэжыму, які набывае ўсё больш дамінуючы характар»,адзначае гішпанскае выданне.

***

«Ці даведаемся мы калі-небудзь, як пачалася пандэмія Covid-19? Праз паўтары гады і пасля таго, як амаль 4,5 млн чалавек загінулі, пытанне застаецца нявырашаным. Па паведамленнях амерыканскіх СМІ, даклад, замоўлены напрыканцы траўня прэзідэнтам Джо Байдэнам ад спецслужбаў, не дазволіў зрабіць выбар паміж тэзісам пра жывёльнае паходжанне і тэзісам аб уцечцы з лабараторыі ва Ухані, у Кітаі», – піша швейцарская газета Le Temps.

Выданне цытуе незалежных навукоўцаў, якія праводзілі расследаванне ў рамках сумеснай місіі СААЗ і Кітая, ды праз часопіс Nature, яны заклікаюць да дадатковага вывучэння.

«Вакно магчымасцяў для правядзення гэтага вельмі важнага расследавання хутка закрыецца: любая затрымка зробіць некаторыя даследаванні немагчымымі з біялагічнай пункту гледжання. Адшукаць людзей і жывёл, якія сыгралі ролю ў з’яўленні вірусу, будзе ўсё цяжэй. З-за эпідэміі многія фермы былі зачыненыя, а жывёлы забітыя. Акрамя таго, антыцелы супраць SARS-CoV-2 з часам памяншаюцца, таму збор дадатковых узораў і тэсты, зробленыя людзям, якія маглі падвяргацца ўздзеянню вірусу да снежня 2019 года, будуць прыносіць усё менш і менш пераканаўчыя вынікі»,папярэджвае швейцарскае выданне.

Агляд сусветнай прэсы падрыхтавала Вольга Сямашка