Агляд прэсы: у трох соснах
Беларусь забярэ грамадзянства ў беларусаў, якія працуюць за мяжой. Ці разбярэцца рынак з коштамі на энерганосьбіты? Канферэнцыя ААН па клімаце: якая роля Еўропы? Падрабязнасці свежых матэрыялаў замежнай прэсы даведаемся ў аглядзе Вольгі Сямашкі.

«Улады Беларусі ўзялі на сябе ініцыятыву, каб пазбавіць грамадзянства беларусаў , якія пакінулі краіну, здзяйсняць «варожыя дзеянні» і працу «ў інтарэсах заходніх краін», – піша ўкраінскае выданне 112 Украіна.
У матэрыяле адзначаецца, што са жніўня 2021 года натуралізаваных беларусаў могуць пазбавіць грамадзянства ў краіне. Цяпер плануецца пазбавіць грамадзян грамадзянства па нараджэнні.
«Улічваючы тое, што палітычны крызіс у Беларусі пасля прэзідэнцкіх выбараў 2020 года выклікаў хвалю масавай эміграцыі, гэтая новая мера можа закрануць дзясяткі тысяч людзей. Прапанова пазбавіць грамадзянства такім чынам паступіла ад Галоўнага ўпраўлення па барацьбе з арганізаванай злачыннасцю і карупцыяй. Тыя, хто страціў беларускае грамадзянства, не змогуць вярнуцца ў Беларусь, удзельнічаць у выбарах ці рэферэндумах і ўвогуле ўдзельнічаць у грамадска-палітычным жыцці. Такая ініцыятыва супадае з жаданнем супрацоўнікаў МУС прыдумаць нешта новае. Перад імі стаіць задача пастаянна рэагаваць на ворагаў дзяржавы, яны вымушаныя ініцыяваць новыя формы ціску», — адзначае ўкраінскае выданне і падкрэслівае, што ў Беларусі пакуль няма юрыдычнай працэдуры пазбаўлення беларусаў грамадзянства па нараджэнні, якая мусіць прымацца на ўзроўні Канстытуцыі.
Усяго за год кошты на прыродны газ выраслі ў чатыры разы. У аўторак міністры энергетыкі краін ЕЗ правялі нараду па гэтым пытанні, аднак ніякіх дамоўленасцей аб сумесных дзеяннях у плане процідзеяння росту цэн на газ і электрычнасць дабіцца не ўдалося. Еўропа ў каторы раз аказалася расколатай на Поўнач і Поўдзень: Гішпанія , Грэцыя і шэраг іншых краін настойваюць на неабходнасці ўмяшання дзяржавы ў энергетычны рынак. У сваю чаргу Германія, Нідэрланды і краіны Балтыкі лічаць за лепшае перачакаць. У выніку ўсе краіны дзейнічаюць па ўласным меркаванні.
На думку нямецкай газета Süddeutsche Zeitung, кароткатэрміновых мер было б цалкам дастаткова.
«Справа ў тым, што рынкі функцыянуюць, нават калі вынік зараз не вельмі даспадобы спажыўцам і палітыкам. Небяспека таго, што ў спробах штосьці выправіць ЕЗ толькі наламае дроў, занадта вялікая. Менавіта таму ўрадам трэба ўстрымацца ад сляпога акцыянізму. Замест гэтага ім варта было б засяродзіцца на барацьбе з першапрычынай крызісу: ЕЗ усё яшчэ занадта моцна залежыць ад імпарту газу, а газ сёння вельмі дарагі. Вядома, з часам кошты знізяцца, аднак Еўразвязу варта было б скарыстацца цяперашняй узварушэннем і паспрабаваць знізіць сваю залежнасць ад паставак газу: да прыкладу, за кошт павелічэння капіталаўкладанняў у аднаўляльныя віды энергіі», – заклікае нямецкае выданне.
У нядзелю ў Глазга пачнецца 26-я сесія Канферэнцыі бакоў Рамачнай канвенцыі ААН па пытаннях змянення клімату. Дадзеныя новага дакладу, апублікаванага пры падтрымцы Праграмы ААН па навакольным асяроддзі, сведчаць аб тым, што планы ўрадаў да 2030 года прадугледжваюць здабычу нафты, газу і вугалю ў аб’ёме, які ўдвая перавышае дапушчальныя паказчыкі, пры якіх яшчэ можна было б рэалізаваць мэты Парыжскага пагаднення. Свет «прамым ходам рухаецца да кліматычнай катастрофы», – заявіў генеральны сакратар ААН Антоніу Гутэрыш.
Швейцарская газета Le Temps настойвае, што ключавую ролю ў гэтым пытанні адыгрывае Еўропа.
«Для таго, каб 26-я сесія Канферэнцыі бакоў Рамачнай канвенцыі ААН па змене клімату (COP26) стала паваротным момантам, пасля якога свет сапраўды вырашыць даць адпор найбуйнейшай пагрозе чалавецтва, Еўразвяз павінен паказаць прыклад. ЕЗ – гэта самая багатая гандлёвая супольнасць свету, буйны дыпламатычны гулец і наглядны прыклад таго, наколькі шмат чаго можна дабіцца пры дапамозе празрыстасці і справядлівага падыходу. Калі Еўразвяз адмовіцца адыграць ключавую ролю, то канферэнцыя ні да чаго не прывядзе. Калі ж Еўразвяз, а менавіта кіраўнікі дзяржаў і ўрадаў краін, якія ў яго ўваходзяць, і іх дыпламатычныя структуры праявяць актыўнасць, то тут і цяпер прадухіляць сусветную катастрофу і ад гэтага выйграюць усе», – адзначае швейцарскае выданне.
З пачатку пандэміі каранавірусу ва ўсім свеце назіраецца рост коштаў на прадукты харчавання. Гэтая тэндэнцыя вельмі пагаршае сітуацыю ў найбяднейшых краінах свету, але не абыходзіць бокам і больш-менш багатыя краіны, у якіх рост коштаў ударыў па гаманцах малазабяспечаных пластоў насельніцтва. Так, у Расеі і Украіне значна падаражэлі нават традыцыйна танныя харчовыя тавары.
Як адзначае расейская газета Wedomosti, агульнасусветны рост коштаў на харчовыя тавары сярод іншага абумоўлены фінансавай палітыкай Захаду.
«Яшчэ адным глабальным фактарам росту інфляцыі можна назваць шырокія меры падтрымкі попыту, зробленыя развітымі краінамі ў перыяд пандэміі. Яны аказаліся дастаткова эфектыўнымі, але на фоне павольнага аднаўлення вытворчасці адбылося перавышэнне попыту над прапановай. Павышаны і нават рэкордны ўзровень інфляцыі ўспрымаецца манетарнымі ўладамі развітых краін як найменшая з бед, прымальная альтэрнатыва скарачэнню попыту і росту беднасці. Ні Федэральны рэзерв, ні ЕЦБ не прыступілі да актыўных дзеянняў па стрымліванні росту спажывецкіх коштаў, захоўваючы ключавыя стаўкі на нулявых ці амаль нулявых узроўнях, нягледзячы на рэкордныя паказчыкі інфляцыі», – падкрэслівае расейскае выданне.
Агляд сусветнай прэсы падрыхтавала Вольга Сямашка.
Беларускае Радыё Рацыя
