Агляд прэсы: усім дзякуй!



Што стаіць за дамоўленасцю Грузіі з беларускім КДБ? Талібан прад’явіў ультыматум у сувязі з эвакуацыяй. На чым стаіць «Крымская платформа»? Прэм’ер-міністр Швецыі абвясціў аб адстаўцы. Падрабязнасці свежых матэрыялаў замежнай прэсы даведаемся ў аглядзе Вольгі Сямашкі.

Брытанскае выданне Emerging Europe задаецца пытаннем: «Чаму па меры ўзмацнення санкцый супраць Беларусі Грузія пачала супрацоўнічаць з беларускім рэпрэсіўным Камітэтам дзяржаўнай бяспекі?».

Выданне падкрэслівае, што з 1-га жніўня Служба дзяржаўнай бяспекі Грузіі, галоўная ўнутраная спецслужба краіны, пачала супрацоўнічаць з КДБ Беларусі, што выклікала як унутраную, так і міжнародную крытыку. Многія праваабарончыя арганізацыі асцерагаюцца, што здзелка можа паставіць пад пагрозу беларускіх дысідэнтаў, якія знаходзяцца ў Грузіі, і падарваць адносіны Грузіі з Захадам, які ўвёў санкцыі супраць ураду ў Менску.

Некаторыя аналітыкі выказваюць асцярогі, што прызнанне адмежаваных Грузіяй тэрыторый, Абхазіі і Паўднёвай Асеціі, магло адыграць вырашальную ролю.

«Рашэнне грузінскага ўраду магло быць прынята на фоне боязі падобнага сцэнару. Пасля кароткай вайны з Расеяй у 2008 годзе краіна праводзіла знешнюю палітыку «непрызнання», якая ставіць у першую чаргу задачу пазбягаць міжнароднага прызнання незалежнасці Абхазіі і Паўднёвай Асеціі. Гэта паўплывала на дзеянні ўраду Грузіі, калі гаворка ідзе пра Беларусь. Аднак афіцыйнае супрацоўніцтва з беларускім КДБ беспрэцэдэнтна», – лічыць брытанскае выданне

Талібы прад’явілі краінам НАТО ультыматум, у адпаведнасці з якім тыя павінны вывесці сваіх вайскоўцаў і завяршыць эвакуацыю да 31-га жніўня. Гэтая дата, па словах талібаў, з’яўляецца крайняй. Прэзідэнт ЗША Джо Байдэн выказаў надзею, што місію ўдасца завяршыць да гэтага тэрміну, але пры гэтым не выключыў і таго, што яе прыйдзецца падоўжыць. Як жа быць з «чырвонай лініяй»?

«Паветраны мост трэба падтрымліваць да верасня, а пры неабходнасці, і падоўжыць на больш працяглы час», – заклікае брытанская газета The Times.

«Апошні тэрмін 31 жніўня, усталяваны прэзідэнтам Джо Байдэнам для поўнага вываду кантынгенту і эвакуацыі супрацоўнікаў – гэта самавольства і непрадуманасць. Заходнія ўрады павінны выразна даць зразумець, што войскі і дыпламатычны персанал застануцца ў Афганістане да таго часу, пакуль адтуль не будуць вывезеныя ўсе грамадзяне адпаведных дзяржаў, а таксама ўсе афганцы, якія жадаюць пакінуць краіну і якія маюць дазвол на выезд у іншыя краіны. Пакінуць Кабул, не выканаўшы гэты абавязак гонару перад тымі грамадзянамі Афганістану, хто на працягу больш за 20 гадоў дапамагаў кантынгенту НАТО, было б падобна да здрады», – падкрэслівае брытанскае выданне.

У Кіеве адбылася ўстаноўчая канферэнцыя ініцыятывы «Крымская платформа», прысвечанай пытанню пра будучыню паўвыспы. Прадстаўнікі каля 50 краінаў, якія прынялі ўдзел у форуме, зноў асудзілі анэксію Крыму з боку Расеі. Прэзідэнт Украіны Уладзімір Зяленскі заклікаў міжнародную супольнасць падтрымаць «дэакупацыю» паўвыспы. Прэс-сакратар прэзідэнта Расеі назваў мінулы саміт «антырасейскім мерапрыемствам».

Аднак нямецкая газета Frankfurter Allgemeine Zeitung ўпэўнена: «Не варта недаацэньваць значнасць гэтага форуму. Шырокі круг удзельнікаў паказвае, што, нягледзячы на ўсе прыкладаемыя намаганні, Маскве не ўдалося дабіцца нават мінімуму: хаця б маўклівага прызнання міжнароднай супольнасцю сваіх захопніцкіх дзеянняў. Тым і тлумачыцца такое гнеўная рэакцыя Масквы на форум, які адбыўся ў Кіеве. Нават пры тым, што яго адзіным вынікам стала жорстка сфармуляваная выніковая дэкларацыя, важна разумець, што падтрымліваць такога роду ціск на рэжым у Маскве вельмі неабходна. Такі ціск дапамагае абараніць Украіну да іншых патэнцыйных ахвяр ад далейшай расейскай агрэсіі».

Прэм’ер-міністр Швецыі і лідэр Сацыял-дэмакратычнай рабочай партыі Стэфан Лёвэн абвясціў аб тым, што на лістападаўскім з’ездзе сацыял-дэмакратаў здыме з сябе паўнамоцтвы старшыні партыі, а затым сыйдзе і з пасады кіраўніка ўраду. Прэса піша пра вынікі праўлення Лёвэна і будуе першыя прагнозы.

Падводзячы вынікі прэм’ерства Лёвэна, дацкая газета Jyllands-Posten прыходзіць да вельмі негатыўных высноваў:

«За перыяд яго праўлення Швецыя моцна змянілася, ператварыўшыся з адладжанага «народнага інтэрнату» у непрацуючае таварыства джунгляў, у якім квітнеюць злачынныя банды. У тым, што тычыцца статыстыкі гвалтоўных злачынстваў супраць асобы і згвалтаванняў, Швецыя б’е ў Еўропе ўсе рэкорды. Да таго ж катастрофай сталася і кіраванне ў ходзе каронакрызісу. Па ўзроўні смяротнасці ад COVID-19 Швецыя займае адно з першых месцаў на кантыненце. Складваецца ўражанне, што ў краіне праводзіцца бязлітасны эксперымент, ахвярамі якога апынуліся старыя і людзі са слабым здароўем. Швецыя стала адмоўным прыкладам і свайго роду мадэллю таго, як не варта кіраваць краінай», – падкрэслівае дацкае выданне.

Агляд сусветнай прэсы падрыхтавала Вольга Сямашка