Агляд прэсы: усё ідзе па плане



Мігранты, ужываючы сілу, нападаюць на памежнікаў. Эрдаган абвясціў паслоў «непажаданымі персонамі». Расчараванне пасля Саміту ЕЗ. Падрабязнасці свежых матэрыялаў замежнай прэсы даведаемся ў аглядзе Вольгі Сямашкі.

Пуцін

«Сітуацыя на знешняй мяжы ЕЗ з Беларуссю абвастраецца. У выходныя мігранты закідалі камянямі польскіх памежнікаў. У рэгіёне павялічваюць колькасць салдат», – паведамляе нямецкая газета Frankfurter Allgemeine Zeitung.

«Мігранты, якія спрабуюць незаконна перасекчы знешнюю мяжу ЕЗ з Польшчай праз Беларусь, апошнім часам распачалі некалькі спроб дабіцца сваёй мэты сілай, разбураючы пагранічныя загароды. Пра гэта сведчаць відэазапісы, зробленыя польскай пагранслужбай. У выходныя дзве групы мігрантаў па 60-70 чалавек закідалі палкамі польскіх памежнікаў і салдат. Два салдаты атрымалі траўмы. У той жа час ёсць сведчанні таго, што мігрантаў у Беларусі забяспечваюць адзеннем са складоў памежных войскаў, і, з іншага боку, што сярод іх ёсць памежнікі ў цывільным адзенні», – гаворыцца ў артыкуле.

Выданне канстатуе, што сотні мігрантаў, у асноўным з Блізкага Усходу, па-ранейшаму штодня спрабуюць трапіць у ЕЗ праз Польшчу. Паводле падлікаў адной з газет, ужо зараз у памежнай зоне размешчаны ў агульнай складанасці 14 тысяч салдат, памежнікаў і паліцыянтаў з усёй краіны.

«Запланаванае будаўніцтва сталай агароджы ўздоўж 400-кіламетровай мяжы абыйдзецца Польшчы прыкладна ў 350 млн еўра. Літва, якая ў кастрычніку прадухіліла 1558 нелегальных уездаў, будуе аналагічную агароджу і спадзяецца на фінансавую падтрымку з боку Бруселя», – піша FAZ.

Дыпламатычныя адносіны паміж Турцыяй і Захадам дасягнулі новай крытычна нізкай адзнакі. Прэзідэнт Турцыі Рэджэп Таіп Эрдаган даручыў свайму міністру замежных спраў падрыхтаваць высылку з краіны паслоў дзесяці заходніх дзяржаў, у тым ліку ЗША, Германіі і Францыі. Аднак пасля змяніў рашэнне.

Як паведамляе арабскі тэлеканал Al Jazeera, прэзідэнт Турцыі палічыў канфлікт вычарпаным пасля таго, як дыпламаты апублікавалі заявы з абяцаннем выконваць артыкул 41 Венскай канвенцыі, які патрабуе ад дыпламатаў не ўмешвацца ва ўнутраныя справы краіны знаходжання.

Тым не менш нямецкая газета Handelsblatt мяркуе, што ў гэтым канфлікце прэзідэнт Турцыі прайграе, і факусуе аналіз вакол зняволенага грамадскага актывіста Турцыі Асмана Кавалы, якога многія назіральнікі параўноўваюць з Аляксеям Навальным.

«Цяпер дзесяць краін-удзельніц канфлікту, многія з якіх з’яўляюцца членамі Еўразвязу, могуць запатрабаваць: не будзе дыпламатычнага збліжэння без вызвалення Кавалы; не будзе дыскусій аб мытным саюзе без вызвалення Кавалы; «пазітыўны парадак дня» з ЕЗ немагчымы без вызвалення Кавалы; не чакайце збліжэння з Вашынгтонам без вызвалення Кавалы. Само сабой, няхай некаторая частка эрдаганаўскага электарату нават вітае магчымую высылку паслоў дзесяці краін. Але ў канчатковым выніку гэта Эрдагану не дапаможа: ён трапіў у пастку да Захаду», – падкрэслівае нямецкае выданне.

Саміт Еўразвязу, які адбыўся – апошні, у якім у якасці канцлера ФРГ прымала ўдзел Ангела Мэркель. Ён не прынёс якіх-небудзь канкрэтных вынікаў, хаця праблемы, якія стаяць перад супольнасцю, носяць сапраўды неадкладны характар: ці то канфлікт з Варшавай з нагоды праведзенай у Польшчы судовай рэформы, ці праблема прытоку мігрантаў праз Беларусь. У доўгую скрыню было адкладзена і абмеркаванне ініцыятывы Гішпаніі, якая прапанавала краінам супольнасці ажыццяўляць закупкі газу сумесна, з мэтай забеспячэння больш нізкай цаны на газ.

«Ад сілы і рашучасці, прадэманстраваных Еўропай падчас пандэміі, не засталося і следу», – гіранізуе італьянская газета La Repubblica.

«ЕЗ зноў уграз у звыклым балоце «нармальнасці»: прыняцця вета і захавання нацыянальных інтарэсаў. Да гэтага часу незразумела, як вырашыць надзвычайную сітуацыю з бежанцамі. Не вырашана, якім чынам можна было б абараніць грамадзян ад чарговага росту коштаў на энерганосьбіты ў будучыні. Няма канкрэтнага рашэння наконт пазіцыі Польшчы ў дачыненні да дагавораў з ЕЗ і канцэпцыі дэмакратыі. Няма і канкрэтнага рашэння адносна таго, як пераканаць дзяржавы, у якіх вакцынацыя насельніцтва ў тупіку, усё ж змяніць курс», – адзначае італьянскае выданне.

Колькасць прышчэпленых ад каранавірусу па ўсёй Еўропе не расце задавальняючымі тэмпамі. Чым ніжэй працэнт прышчэпленых сярод насельніцтва той ці іншай краіны, тым вышэй там колькасць заражэнняў і смяротных зыходаў у ходзе чацвёртай хвалі пандэміі. Аўстрыйскія ўлады ў сувязі з гэтым падумваюць аб увядзенні экстраных мераў: як толькі колькасць ложкаў у палатах інтэнсіўнай тэрапіі, занятых хворымі з ковідам, дасягне адзнакі 600, у краіне плануецца ўвесці каменданцкую гадзіну для непрышчэпленых. У Румыніі, дзе лякарні зноў перапоўнены, такія меры ўжо дзейнічаюць.

Аўстрыйская газета Kurier адназначна падтрымлівае новаўвядзенне.

«Для большай часткі насельніцтва ніякага лакдаўну больш не існуе, затое непрышчэпленым дасланы важны сігнал. І калі колькасць цяжкіх кавідных пацыентаў у бальніцах і клініках рэзка ўзрасце, то адносна непрышчэпленых можна будзе ўвесці і забарону на выхад з дому. Вірус хутчэй за нас: гэта даказвае рэзкі рост новых выпадкаў «кароны». Для непрышчэпленых жыццё ў любым выпадку будзе больш складаным. І гэта – выразны сігнал, куды больш дакладны, чым заблытаныя правілы «трох, двух з паловай ці двух П», – піша аўстрыйскае выданне.

Агляд сусветнай прэсы падрыхтавала Вольга Сямашка