Агляд прэсы: увязнуць у войнах



Расея неўзабаве можа ўвесці войскі ў Беларусь. Расея і НАТА: ці магчыма яшчэ дамовіцца? Год прэзідэнцтва Байдэна: застой замест уздыму? Нашумелая прамова Макрона ў Еўрапарламенце.

Падрабязнасці свежых матэрыялаў замежнай прэсы даведаемся ў аглядзе Вольгі Сямашкі.

Менск асцярожна ставіцца да таго, што яго выкарыстоўваюць у якасці пляцоўкі для нападу на Украіну. Паколькі Захад па-ранейшаму баіцца паўторнага расейскага ўварвання ва Ўкраіну, з’явіўся адзін патэнцыйны шлях для такога нападу ў выглядзе суседа Кіева на Поўначы – Беларусі. Расейскія войскі пачалі прыбываць на беларускую тэрыторыю ўжо 17-га сутдзеня перад запланаванымі ў лютым ваеннымі вучэннямі, што і выклікала засцярогі таго, што Беларусь гатова выступіць плацдармам для шматбаковага ўварвання ва Украіну», – піша амерыканскае выданне Foreign Policy.

Выданне таксама адзначае, што Менск сапраўды выступае важным гульцом ў супрацьстаянні бяспекі паміж Масквой і Захадам з нагоды Украіны.

«Хаця ягоная роля ў гэтым крызісе можа аказацца іншай, чым многія чакаюць. Бо Менск у першую чаргу вядомы сваімі пазітыўнымі і канструктыўнымі адносінамі з Украінай, калі Беларусь выступіла пасярэднікам паміж Масквой і Кіевам», – не губляе спадзеў на мірнае вырашэнне крызісу амерыканскае выданне.

Пасля таго як дзяржсакратар ЗША Блінкен у Кіеве і міністр замежных спраў ФРГ Бэрбак у Маскве выступілі з адносна рэзкімі заявамі ў адрас Крамля, Энтані Блінкен і яго расейскі калега Сяргей Лаўроў сустракаюцца ў Жэневе для далейшых перамоваў па канфлікце вакол Украіны.

«Зразумела, што Захад не збіраецца задавальняць патрабаванні Пуціна адносна гарантый непашырэння НАТА на ўсход. Якую ж мэту тады пераследуе прэзідэнт Расеі? – такім пытаннем задаецца італьянская газета Le Temps.

«Афіцыйна Расея жадае вярнуць назад усе вынікі, дасягнутыя за 30 гадоў з моманту заканчэння халоднай вайны. Выйсце ўсё ж бачнае, але як выбрацца з тупіку, які яна сама сабе стварала з такой стараннасцю? Тым больш, што Паўночнаатлантычны альянс хуткім часам зусім не спяшаецца пашырацца на ўсход. Такім чынам, Крэмль можа ў любы момант аб’явіць сябе «пераможцам» у вайне, якой не было. Але ён таксама можа паспрабаваць знайсці і найменшую падставу для таго, каб прывесці ў дзеянне сабраную ім армаду», – папярэджвае італьянскае выданне.

Праз год пасля ўступлення Джо Байдэна на пасаду прэзідэнта ЗША еўрапейская прэса падводзіць прамежкавыя вынікі і прыходзіць да не самых суцяшальных высноваў: ва ўнутранай палітыцы Байдэна не атрымалася рэалізаваць вызначаныя рэформы ў сацыяльнай і экалагічнай сферах, у вонкавай палітыцы незгладжальнай плямай на рэпутацыі краіны значыцца Афганістан. У дадатак да ўсяго зараз перад Вашынгтонам стаіць задача прадухіліць магчымае расейскае ўварванне ва Украіну.

«Байдэну час браць быка за рогі», – адзначае ірландская газета The Irish Independent.

«Мала перад кім з прэзідэнтаў стаяла так шмат неадкладных задач. Яму дасталося палярызаванае грамадства, раз’яднаная партыя, ды яшчэ і пандэмія, якая ўвяла грамадства ў стан хаосу. Байдэн быў абраны прэзідэнтам з наказам «адрамантаваць краіну». Амерыцам быў патрэбен на чале той, хто мог бы яе вылечыць, а таксама гэтакі майстар на ўсе рукі, які здолеў бы залатаць трэшчыны, якія ўтварыліся. Аднак справа ідзе занадта павольна, і людзі пачынаюць губляць цярпенне. Многія палітычныя лідары занадта позна ўсвядомілі, што азірацца назад і задавацца пытаннем, а можа, нешта ўсё ж атрымалася б, гэта куды больш балюча, чым паспрабаваць і пацярпець паразу», – канстатуе ірландскае выданне.

У Францыі няма традыцыі, паводле якой прэзідэнт трымаў бы адказ перад нацыянальным парламентам. Таму выступленне Макрона перад Еўрапарламентам аб асноўных прыярытэтах Францыі падчас старшынства ў Савеце ЕЗ стала для яго доўгачаканай магчымасцю адкрыць перадвыбарную кампанію на еўрапейскай тэрыторыі.

Нямецкую газету Der Tagesspiegel цешыць падобны «сінтэз» старшынства Францыі ў Радзе ЕЗ і перадвыбарнай кампаніі, якая праводзіцца ў краіне :

«Варта чакаць, што і ў сваёй прэзідэнцкай кампаніі Макрон будзе выступаць з праеўрапейскіх пазіцый. У рэшце рэшт, супольнасць можа нават выйграць ад гэтага. Напрыклад, у Германіі, напярэдадні выбараў у бундэстаг тэма ЕЗ падчас выбарчай кампаніі практычна не гучала. Аднак супольнасць заслугоўвае таго, каб пытанні, якія маюць вырашальнае значэнне для будучыні, актыўна абмяркоўваліся на палітычных трыбунах усіх еўрапейскіх краін», – лічыць нямецкая газета.

Беларускае Радыё Рацыя

[manual_related_posts]