Агляд прэсы: ваенная паніка



Дзярждэпартамент заклікае грамадзян ЗША пакінуць Беларусь. Украіна падае сігнал трывогі, каб прадухіліць вайну. Олаф Шольц з візітам у Кіеве і Маскве. Падрабязнасці свежых матэрыялаў замежнай прэсы даведаемся ў аглядзе Вольгі Сямашкі.

«Дзярждэпартамент папярэдзіў амерыканцаў ад паездак у Беларусь з-за пастаяннага назапашвання расейскіх вайскоўцаў уздоўж мяжы ўсходнееўрапейскай краіны з Украінай, паколькі афіцыйныя асобы ЗША працягваюць папярэджваць, што расейскае ўварванне ва Украіну можа адбыцца ўжо на гэтым тыдні», – нараўне з іншыя амерыканскімі медыямі паведамяле газета The Hill. Паведамленне паступіла ў той жа дзень, калі ЗША абвясцілі аб закрыцці сваёй амбасады ў Кіеве і пераносе дзейнасці на захад у горад Львоў.
«У сувязі з узмацненнем незвычайнай і звязанай з расейскімі вайскоўцамі вайсковай актыўнасці ля мяжы з Украінай грамадзяне ЗША, якія знаходзяцца ў Беларусі або плануюць паехаць у Беларусь, павінны ведаць, што сітуацыя непрадказальная і што ў рэгіёне назіраецца падвышаная напружанасць. Таксама магчымыя патэнцыйныя пераследы, накіраваныя менавіта на замежнікаў. Улічваючы павышаную валацільнасць сітуацыі, грамадзянам ЗША настойліва не рэкамендуецца ездзіць у Беларусь. Пры гэтым урад ЗША можа быць абмежаваны ў сваіх магчымасцях аказваць экстранныя паслугі грамадзянам ЗША ў Беларусі з-за таго, што ён ужо моцна абмежаваны ў сувязі з абмежаваннямі ўрада Беларусі ў персанале амбасады ЗША», – паведамляе на першых старонках амерыканскае выданне.

Вашынгтон і Кіеў, па ўсёй бачнасці, зыходзяць з таго, што Расея можа ў любую хвіліну напасці на Украіну. Прэзідэнт Украіны Уладзімір Зяленскі заявіў: «Нам сказалі, што дата нападу – 16 лютага». У якасці меры засцярогі ЗША перанеслі сваё пасольства з Кіева ў Львоў. Аглядальнікі разважаюць пра тое, у якой меры гэтае папярэджанне з’яўляецца стратэгічным разлікам і ці спрацуе ён.

«У адрозненне ад сітуацыі з Крымам, на гэты раз амерыканцы ўвесь час робяць заявы, каментуючы сітуацыю», – адзначае аўстрыйская газета Die Presse.

«Адміністрацыя Байдэна зрабіла высновы з памылак Барака Абамы і таму ў адказ на сур’ёзную пагрозу з боку Расеі рэзка ўзмацняе ціск. Мяркуючы па ўсім, толькі такім чынам можна неяк паўплываць на Пуціна. Ужо некалькі месяцаў таму ЗША пачалі біць у набат з прычыны сцягвання войскаў да межаў Украіны, якое можна прасачыць па спадарожнікавых здымках. Затым яны апублікавалі даклад аб таемных расейскіх аперацыях на Данбасе і пра фабрыкацыі фэйкавых відэа, якія павінны справакаваць вайну. А зараз перахопленая камунікацыя паміж расейскімі вайскоўцамі з нагоды маршрутаў нападу канчаткова выкрыла крамлёўскіх верхаводаў», – канстатуе аўстрыйскае выданне.

На фоне ўсё больш канкрэтных сігналаў аб тым, што Украіна ў кожную хвіліну можа падвергнуцца нападу, чаканні ў сувязі з візітамі канцлера ФРГ у Кіеў і Маскву вельмі высокія. У панядзелак у ходзе сустрэчы з прэзідэнтам Украіны Зяленскім Шольц запэўніў Кіеў у салідарнасці з боку Берліна і паабяцаў даць краіне фінансавую дапамогу. Прагучалі таксама заявы аб магчымым мараторыі на ўступленне ў НАТО. У аўторак Шольц накіраваўся ў Маскву. Еўрапейская прэса выказвае надзею, але таксама і заклапочанасць.

«Падчас сваёй паездкі ў Кіеў і Маскву Шольц знаходзіцца пад неверагодным ціскам», – піша ірландская газета The Irish Independent.

«Толькі аб адным мы можам заявіць з упэўненасцю: па выніках гэтага тыдня большасць грамадзян Ірландыі, а таксама іншых краін свету зразумеюць, хто такі Олаф Шольц насамрэч. Пакуль ён вядомы толькі тым, што з’яўляецца пераемнікам Ангелы Меркель. Нямецкія і міжнародныя СМІ бачаць у гэтым яго візіце ў дзве вялікія сталіцы апошні шанец на прадухіленне вайны. Амерыканцы абвясцілі, што Расея можа ўварвацца ва Украіну ўжо ў сераду раніцай. Гер Шольц! Вам трэба ўсяго толькі прадухіліць маленькую сусветную вайну», – з гіроніяй звяртаецца ірландскае выданне.

У снежні 2021 года інфляцыя ў Турцыі склала цэлых 36 адсоткі. Пасля Новага году за ёй рушыла ўслед павышэнне тарыфаў на электраэнергію, а таксама рост коштаў за арэнду. Для хатніх гаспадарак з нізкім выдаткам электраэнергіі электрычнасць падаражэла на 50 адсоткаў, а тым, у каго спажыванне вышэй, давядзецца залезці ў кішэню яшчэ глыбей. Імкліва даражэюць таксама прыродны газ, бензін, праезд па платных аўтастрадах і квартплата. У краіне ўзмацняюцца пратэсныя настроі.

«Для пачатку Эрдагану прыйшлося б прызнаць, што ён здзейсніў памылку», – піша турэцкая газета Yetkin Report.

«Палітычныя колы ў Анкары абмяркоўваюць пытанне аб тым, што ліміт у 210 квт варта павысіць да 250 квт. Для хатніх гаспадарак з самым нізкім узроўнем спажывання гэта азначала б павелічэнне аплаты на 50 адсоткі, але ўсё ж не на 125! Падобныя зрухі наўрад ці дапамогуць прамысловасці і гандлю, але прэзідэнту варта было б хаця б прызнаць, што ён прыняў рашэнне на аснове няправільных разлікаў і быў вымушаны яго перагледзець», – заклікае турэцкае выданне.

Агляд сусветнай прэсы падрыхтавала Вольга Сямашка

[manual_related_posts]