Агляд прэсы: веснавы рост ставак



У Беларусі наспяваюць вясновыя разборкі. Егіпецкая прэса дала разбор ядзернай мары свету. Падрабязнасці свежых матэрыялаў замежнай прэсы.

Амерыканскае выданне Atlantic Council адзначае, што ў Беларусі чакаецца вельмі «гарачая» вясна. Стаўкі растуць, і ўпершыню за 26 год відавочны шанец скінуць дыктатуру. «У той час як беларуская апазіцыя імкнецца да адхілення Лукашэнкі і шчыра імкнецца да стварэння ў краіне больш гуманнай і плюралістычнай палітычнай сістэмы, Расея імкнецца альбо задушыць гэтае паўстанне дэмакратыі, альбо выкарыстаць яго для дасягнення ўласных геапалітычных мэтаў, якія мала звязаны з надзеямі беларускіх вуліц», – адзначае выданне.

Па словах аглядальніка Atlantic Council Браяна Уітмара, перад Захадам паўстала цяжкая дылема. Ён павінен падтрымліваць дэмакратычныя памкненні беларускай грамадзянскай супольнасці, адначасова абараняючы ўласныя інтарэсы бяспекі. Гэта азначае, Захад не мусіць дапусціць, каб Расея ўзмацніла кантроль над суседкай і выкарыстала Беларусь у якасці ваеннай платформы, якая можа пагражаць членам НАТА – Латвіі, Літве і Польшчы.

Егіпецкая газета Sasapost адзначае, што Арменія і Беларусь знаходзяцца пад абаронай ядзернага «парасона» Крамля, паколькі ўяўляюць сабой буферныя дзяржавы паміж Расеяй і Еўропай, і любая пагроза гэтым краінам расцэньваецца як пагроза для самой Расеі.

«Расея валодае найбольшай колькасцю ядзерных боегаловак. У распараджэнні Крамля знаходзіцца так званая «ядзерная трыяда»: зброя наземнага, паветранага і марскога базавання. Аднак Маскве атрымалася займець ядзерную зброю зусім не дзякуючы сваім навукоўцам, а дзякуючы шпіёнам. Інфармацыя, неабходная для стварэння ядзернага арсеналу, паступала ў Савецкі Саюз ад савецкіх агентаў, якія ўдзельнічалі ў працы над Манхэтанскім праектам», – падкрэслівае егіпецкае выданне.

Sasapost адзначае, што ядзерная карціна свету з`яўляецца асновай сучаснай геапалітыкі. Cупрацьстаяць Расеі пакуль могуць толькі ЗША – адзіная дзяржава ў гісторыі, якая наўпрост ужыла ядзерную зброю ў Хірасіме і Нагасакі. Да таго ж ЗША захоўваюць сваю ядзерную зброю ў іншых краінах: Нідэрландах, Бельгіі, Германіі, Італіі і Турцыі.

Яшчэ да таго, як Еўрапейская народная партыя ў Еўрапарламенце паспела правесці галасаванне па пытанні прыняцця новага статуту, прэм’ер-міністр Венгрыі Віктар Орбан увасобіў у жыццё сваю пагрозу і вывеў партыю „Фідэс” з шэрагу партый. Такім чынам, падвешаны стан, у якім гадамі знаходзіліся абодва бакі, скончыўся. Як у адзін голас падкрэслівае еўрапейская прэса, гэты тандэм быў асуджаны на заканчэнне з самага пачатку.

Шведская газета Dagens Nyheter крытычна разважае пра тое, як ЕЗ і асабліва Германія ставяцца да аўтарытарных рэжымаў у Венгрыі і Польшчы:

«ЕЗ выглядае разгубленым. Буйныя краіны кшталту Германіі, падобна, мала турбуе той факт, што аўтарытэт супольнасці можа быць падарваны паводзінамі антыліберальных кіраўнікоў. Аднак аўтарытарным сістэмам, падобным тым, што выбудавалі Орбан і Качыньскі, не месца ў ЕЗ. Большая частка грамадзян Венгрыі і Польшчы жадаюць застацца ў Еўразвязе. А калі так, то няхай яны прадэманструюць гэта ля выбарчых урнаў, пакуль іх галасы яшчэ нешта значаць», – падсумоўвае шведскае выданне.

Федэральная служба абароны канстытуцыі Германіі, спецслужба ўнутранага прызначэння, з гэтага часу разглядае партыю «Альтэрнатыва для Германіі» – найбуйнейшую апазіцыйную партыю бундэстага, як арганізацыю, што ўяўляе сабой патэнцыйную небяспеку ў плане правага экстрэмізму. Гэта азначае, што з гэтага часу партыя і яе сябры могуць стаць аб’ектамі назірання спецслужбаў. Да сённяшняга дня гэта тычылася толькі некаторых рэгіянальных аддзяленняў партыі.

Бельгійская газета De Standaard крытычна паставілася да рашэння ўзяць АДГ пад назіранне, роўна як і да сыходу „Фідэс” з фракцыі Еўрапейскай народнай партыі:

«Зараз праварадыкальны рух у любы момант зможа завесці сваю любімую плытку пра «голас народа», які нібыта затыкаецца бязлітаснымі дзеяннямі «эліты». А калі гэтая эліта адначасова занятая яшчэ і барацьбой з пандэміяй, а таксама не можа выстаяць перад спакусай улады і карупцыі, то яна цалкам бяззбройная перад тварам будучай буры. Covid-19 на час адсунуў на другі план дэбаты аб тым, каго можна аднесці да дэмакратычнага спектру, а каго – ужо не. У пэўны момант нават здалося, што ўльтраправыя апынуліся канчаткова выцесненымі на абочыну, з якой яны будуць назіраць за тым, што адбываецца толькі з боку. Але гэта – дарэмная надзея, бо адгалоскі крызісу аховы здароўя яшчэ стануць для палітычнай сістэмы сапраўдным выпрабаваннем на трываласць», – папярэджвае штодзённая бельгійская газета.

Агляд сусветнай прэсы падрыхтавала Вольга Сямашка