Агляд прэсы: вясновы дэбют



Перайначванне палітычнай сцэны Беларусі. Пачатак новай халоднай вайны: ці перасёк Байдэн чырвоную лінію? Падрабязнасці свежых матэрыялаў замежнай прэсы даведаемся ў аглядзе Вольгі Сямашка.

Амерыканскае выданне Jamestown у свежым матэрыяле называе, якія нядаўнія падзеі могуць паўплываць на бягучую эвалюцыю беларускай палітычнай сцэны. «Спачатку 6 сакавіка ў Менску адбыўся ўстаноўчы з’езд прарасейскай партыі «Саюз» (135 чалавек). Храналагічна другой такой падзеяй стала трансляцыя 8 сакавіка амаль 1,5-гадзіннага дакументальнага фільма «Залатое дно», створанага Сцяпанам Пуцілам з тэлеграм-канала «NEXTA». Трэцяй падзеяй, якая можа аказаць прыкметны ўплыў на беларускую палітыку, у дадзеным выпадку на міжнароднай арэне, стала высылка трох польскіх дыпламатаў, у тым ліку кіраўнікоў консульстваў у Берасці і Гародні, і сіметрычны адказ з Варшавы.

Нарэшце, тры беларускія апазіцыйныя партыі падалі заяўку на мітынг і канцэрт 25 сакавіка, калі апазіцыя адзначае Дзень Волі ў Беларусі»,  – падсумоўвае выданне і падкрэслівае, што Менск асцерагаецца, каб мітынг 25 сакавіка не ператварыўся ў новы пратэсны рух.

***

Украінскае аналітычнае выданне „Галоўны рэдактар” камэнтуе заяву Байдэна ў адрас Пуціна. Указваецца, што Масква рыхтуе адказ – не супраць ЗША наўпрост, а супраць іх сатэлітаў, уключаючы кіеўскія ўлады.

«Тое, што Джо Байдэн назваў Пуціна «забойцам» у інтэрв’ю – гэта зусім не экспромт, а свядома зробленая заява. Гэтымі словамі Байдэн абвясціў аб пачатку новай халоднай вайны паміж ЗША і Расеяй. І рэакцыя Масквы пацвярджае той факт, што яна выдатна разумее, пра што ідзе гаворка»,  – адзначае ўкраінскае выданне.

Паводле выдання такую рэакцыю Байдэна выклікала тое, што амерыканская нацыянальная выведка пацвердзіла факт умяшання расейскай выведкі ў справы ЗША і даказала дачыненне Пуціна да гэтага, засведчыўшы, што менавіта ён аддаваў загад аб умяшанні ў амерыканскія выбары. Як следства, трэба чакаць далейшага пагаршэння стасункаў ЗША і Расеі.

«Таму Пуцін будзе спрабаваць гуляць адразу на некалькіх шахматных дошках.

У ваенным плане ён будзе нарошчваць эскалацыю ў тых рэгіёнах, якія акупаваныя, або дзе прысутнічаюць расейскія проксі. А ў іншых рэгіёнах ён будзе дзейнічаць праз сваіх палітычных агентаў», – падсумоўвае „Галоўны рэдактар”.

***

 Кіраўнік Еўракамісіі Урсула фон дэр Ляйэн прадставіла грамадскасці даўно чаканую канцэпцыю так званага «зялёнага сертыфікату», які згодна з планамі Бруселя, будзе дзейнічаць у ЕЗ з 1 чэрвеня і з’яўляцца пасведчаннем аб тым, што яго ўладальнік прайшоў вакцынацыю ад COVID-19, тэст на яго наяўнасць ці ўжо перанёс захворванне. Краіны супольнасці могуць самі вырашаць, якія прывілеі атрымаюць уладальнікі падобных сертыфікатаў. Еўрапейская прэса настроена скептычна.

Каталонская газета El Periódico de Catalunya піша пра тое, што для краін, якія прадстаўляюць сабой значныя турыстычныя цэнтры, новы «зялёны сертыфікат» з’яўляецца адзіным шанцам:

«Для эканомікі такіх краін, як Гішпанія, яшчэ адзін нулявы год у індустрыі турызму апынецца «забойцам». Гэты сектар не атрымаецца адрадзіць без таго, каб у бяспецы сябе маглі адчуваць як самі турысты, так і жыхары тых краінаў, куды гэтыя турысты прыязджаюць. Тое ж самае тычыцца буйных міжнародных мерапрыемстваў, накіраваных на дзелавой турызм, які мае ў сваю чаргу каласальнае значэнне для рэстараннай, гатэльнай і фінансавай галінаў Барселоны».

***

Фінская газета Demokraatti аналізуе стаўленне Расеі да праблем экалогіі, адсочваючы змены і ў грамадскай думцы, і на палітычным узроўні, а таксама разглядае сувязь энергетычнай палітыкі Расеі з яе ўнутранай і знешняй палітыкай: “Мяркуючы па апытаннях грамадскай думкі, большасць расейцаў лічаць галоўнай прычынай змены клімату дзейнасць чалавека. У апошнія гады праблемы экалогіі сталі разглядацца і на палітычным узроўні. Аднак не падобна, што ў кіраўніцтва Расеі ёсць жаданне або здольнасць адмовіцца ад нафты і вугалю».

Выданне падкрэслівае, што Еўразвязу, які купляе дзве траціны экспартуемых з Расеі энерганосьбітаў, трэба паўплываць на гэтую краіну ў пытанні пераходу ад выкапнёвай энергіі да аднаўляльных крыніц.

У матэрыяле падкрэсліваецца, што Расея вырабляе 4% сусветных выкідаў. Пры гэтым важнай з’яўляецца здольнасць расейскіх лясоў і вечнай мерзлаты стрымліваць распаўсюджванне шкодных цяплічных газаў. «Расея ў любым выпадку адыгрывае вельмі важную ролю ў міжнароднай кліматычнай палітыцы. У сучаснай Расеі часта сцвярджаецца, што экалагічныя арганізацыі прасоўваюць заходнія інтарэсы і ставяць пад пагрозу нацыянальныя інтарэсы», – падкрэслівае фінскае выданне.

Агляд сусветнай прэсы падрыхтавала Вольга Сямашка.