Агляд прэсы: вясёлыя старты
Нямецкія пракуроры палююць на беларускага дыктатара. Ці надоўга канцлер Курц сышоў у адстаўку? Ці прынясуць выбары ў Чэхіі канец эры Бабіша?
Падрабязнасці свежых матэрыялаў замежнай прэсы даведаемся ў аглядзе Вольгі Сямашкі:
– Усё больш мігрантаў прыбывае ў Нямеччыну праз Беларусь, – паводле інфармацыі нямецкай газеты Bild AM Sonntag, толькі ў мінулую пятніцу федэральная паліцыя зафіксавала 291 несанкцыянаваны ўезд праз германа-польскую мяжу.
«Па большай частцы гаворка ідзе пра маладых людзей з Іраку і Сірыі. Вынікі работы федэральнай паліцыі такія: са жніўня ў Нямеччыну праз Беларусь прыбыло амаль 4 тысячы ўцекачоў, і іх колькасць расце. Нямецкім ведамствам ясна: пры дапамозе арганізаваных дзяржавай перавозак мігрантаў беларускі дыктатар Аляксандр Лукашэнка хоча шантажаваць Еўропу і дамагчыся ад яе адмены санкцый», – гаворыцца ў публікацыі.
Паводле інфармацыі Bild am Sonntag, зараз нямецкія ведамствы вядуць расследаванне ў дачыненні да Лукашэнкі як «арганізатара перакідвання мігрантаў».
«Доўгі шлях у Нямеччыну пачынаецца для бежанцаў, якія атрымалі беларускія студэнцкія візы, у аэрапортах Багдаду і Эрбіля (Ірак), Дубая (ААЭ), Бейрута (Ліван), Амана (Іарданія), Стамбулу (Турцыя), а з сярэдзіны верасня 2021 года і Дамаска (Сірыя). Кошт пытання – 4 тысячы еўра з мігранта. Пасля прыбыцця ў Менск мясцовыя памежнікі або спецыяльныя групоўкі перапраўляюць людзей у асноўным да польскай мяжы. Трапіўшы ў ЕЗ, уцекачы накіроўваюцца ў Нямеччыну. Сітуацыя ў цэнтры першаснага прыёму мігрантаў у Айзэнхютэнштадце (Брандэнбург) ля мяжы з Польшчай настолькі напружаная, што там ужо ўсталёўваюцца зімовыя намёты», – паведамляе Bild.
Пасля таго, як спачатку Себасцьян Курц ні за што не пагаджаўся пакінуць пасаду канцлера, нягледзячы на пачатае ў яго дачыненні расследаванне па абвінавачванні ў карупцыі, у суботу ён усё ж такі падаў у адстаўку. У якасці свайго пераемніка ён вылучыў свайго 35-гадовага калегу па партыі, міністра замежных спраў Аляксандра Шаленберга. А вось пасаду кіраўніка Аўстрыйскай народнай партыі Курц пакінуць адмовіўся.
«Як у выніку аказалася, малады кемлівы канцлер з іміджам палітычнага чысцёхі быў у першую чаргу спрытным штукаром-ілюзіяністам», – каментуе сітуацыю нямецкая газета Frankfurter Rundschau.
«Яму ўдалося пратрымацца такі доўгі час дзякуючы новаму іміджу, сваім стаўленікам у партыі і мноству залежных ад яго людзей. Іншымі словамі, яму ўдалося цалкам падагнаць партыю АНП пад свае лекалы. Вонкава ён адрозніваўся бездакорнымі манерамі і арыгінальным палітычным стылем. Унутры ж партыі панавалі інтрыгі, траўля і пахабныя абразы, якія, мяркуючы па ўсім, былі для яго сродкам дасягнення палітычных мэтаў. З палітычнага шляху канцлера Курца варта было б атрымаць наступны ўрок: трымайцеся далей ад святошаў! Гэта даўно вядомая ісціна: уладныя структуры, пабудаваныя пад аднаго чалавека або невялікую групу, робяць дэмакратыю ўразлівай для карупцыі і злоўжывання ўладай», – канстатуе нямецкае выданне.
Па выніках парламенцкіх выбараў у Чэхіі, партыя АНО, якую узначальвае прэм’ер-міністр Андрэй Бабіш, з мінімальным адрывам саступіла сваім канкурэнтам, набраўшы 27,2 адсоткі галасоў. Перамогу атрымала правацэнтрысцкая кааліцыя «Разам», якая атрымала 27,7 адсоткі галасоў. На трэцім месцы – левацэнтрысцкая кааліцыя ў складзе Пірацкай партыі і руху «Старасты і незалежныя». Аднак рашэнне аб тым, каму будзе даручана фармаванне ўраду, трэба будзе прыняць прэзідэнту краіны Мілашу Зэману, а той аддае перавагу Бабішу. Акрамя ўсяго іншага, Зэман цяпер знаходзіцца ў лякарні.
“Нягледзячы на перамогу апазіцыі, сітуацыя ў Чэхіі застаецца вельмі заблытанай”, – дзеліцца назіраннямі нямецкая газета Frankfurter Allgemeine Zeitung.
«Прэзідэнт Мілаш Зэман мае права даручыць Бабішу фармаванне ўраду і даць яму на гэта неабмежаваны час. Тое, што ён здольны на падобны ўчынак, Зэман даказваў ужо не раз. А таму вельмі верагодна, што нягледзячы на адназначныя вынікі галасавання, грамадзянам краіны на працягу некалькіх месяцаў трэба будзе перажыць час палітычнага паралічу з парламенцкай большасцю, якой не дазволена кіраваць, прэм’ер-міністрам, якому даводзіцца баяцца страты ўлады з-за сваіх сумнеўных спраў і прэзідэнтам, які хворы настолькі цяжка, што невядома, у якой ступені ён наогул дзеяздольны», – канстатуе нямецкае выданне.
У гэтым годзе Нобелеўская прэмія міра прысуджаная двум прадстаўнікам незалежнай прэсы: Марыі Рэсэ з Філіпін і Дзмітрыю Муратаву з Расеі. Абодва яны ўвасабляюць сабой усіх тых, хто адстойвае свабоду слова, у свеце, у якім, як гаворыцца ў заяве Нобелеўскага камітэту, «дэмакратыя і свабода прэсы ўсё больш аказваюцца пад пагрозай». Еўрапейская прэса аддае належнае заслугам узнагароджаных, аднак многія аглядальнікі лічаць, што камітэт мог бы прыняць і больш адважнае рашэнне.
«Куды больш знакавым для Расеі стаў бы выбар іншага кандыдата», – піша партугальская газета Observador.
«Уручыўшы прэмію Муратаву, Нобелеўскі камітэт зноў указаў на адсутнасць свабоды слова і прэсы ў Расеі. Але ў яго не хапіла мужнасці уручыць прэмію Навальнаму, лідару пазапарламенцкай апазіцыі Расеі, які адбывае свой доўгі тэрмін за кратамі. Падобнае і на самай справе сапсавала б настрой Пуціну і яго Яўхімавым. Дарэчы, у 1975 годзе Нобелеўскі камітэт уручыў прэмію міру савецкаму навукоўцу Андрэю Сахараву за яго барацьбу за правы чалавека ў часы камуністычнай дыктатуры», – нагадвае партугальскае выданне.
Беларускае Радыё Рацыя
