Агляд прэсы: выбар зроблены



Беларусь на панэлі глабальных санкцый. Канфлікт вакол Украіны: чым ЕЗ пагражае Маскве? Данія мае намер размясціць асуджаных у Косаве. Алімпіяда: ці прыедуць еўрапейскія дыпламаты на Зімовыя гульні? Падрабязнасці свежых матэрыялаў замежнай прэсы даведаемся ў аглядзе Вольгі Сямашкі.

Амерыканскае выданне Atlantic Council падводзіць вынікі году і факусуе ўвагу на становішчы Беларусі: «Пасля таго, як больш за 8000 мігрантаў спрабавалі гвалтоўна трапіць у Шэнгенскую зону праз Польшчу, ЗША, ЕЗ і Вялікабрытанія распачалі скаардынаваныя дзеянні супраць вінаватых у Менску. У адказ надзвычай хутка ЕЗ пагадзіўся ўвесці санкцыі супраць авіякампаніі «Белавія», якая ў першую чаргу адказвае за перавозкі мігрантаў з Блізкага Усходу. Упраўленне па кантролі за замежнымі актывамі ЗША далучылася да сваіх еўрапейскіх партнёраў, увёўшы санкцыі супраць 20 фізічных асоб, 12 юрыдычных асоб і трох аіякампаній. Пасля больш, чым дзесяцігоддзя заходніх санкцый і паўзы ў дапамозе МВФ, ЗША маюць адносна невялікія рычагі ўплыву на Беларусь і павінны ўважліва вырашаць, калі выкарыстоўваць тыя рычагі, якія ў іх ёсць. Забароны ЗША на запазычанасці і капітал на другасных рынках і ў калійным сектары паказваюць, што сфабрыкаваны міграцыйны крызіс быў дастатковай падставай».

Падчас свайго апошняга саміту сёлета кіраўнікі дзяржаў і ўрадаў ЕЗ выступілі з рашучымі заявамі ў дачыненні да Расеі. У выпадку ўварвання ва Украіну Масква сутыкнецца з «суворымі мерамі, якія будуць скаардынаваны з партнёрамі». Якія канкрэтна санкцыі маюцца на ўвазе, па-ранейшаму застаецца незразумелым.

«Захаду трэба старанна прадумаць магчымыя санкцыі», – піша брытанскі часопіс The Economist.

«Разглядаецца варыянт адключэння Расеі ад міжнароднай плацежнай сістэмы SWIFT, што нанесла б істотны ўдар па Расеі, але гэта дрэнная ідэя, паколькі гэты факт моцна закране і іншыя эканомікі. Акрамя таго, аўтакратычныя рэжымы адразу прыступяць да пошукаў незаходніх альтэрнатыў. Таго ж стрымальнага эфекту можна было б дасягнуць з куды меншай ускоснай шкодай, напрыклад, прыгразіўшы ўключыць у чорныя спісы расейскія фінансавыя інстытуты. Тым часам ЗША трэба сфармаваць адзіны фронт са сваімі еўрапейскімі саюзнікамі. І для пачатку Нямеччына не павінна даваць зялёнае святло «Паўночнаму патоку-2», новаму расейскаму газаводу, які ідзе ў абыход Украіны», – заклікае брытанскае выданне.

Каб разгрузіць перапоўненыя турмы, улады Даніі прынялі рашэнне перавесці каля 300 асуджаных у месцы адбывання пакарання на тэрыторыі Косава. Там плануецца размяшчаць арыштантаў з ліку замежнікаў, якіх пасля заканчэння тэрміну, плануецца выслаць з краіны. «Мы не абавязаны сацыялізаваць гэтых асоб. А таму мы маем права адправіць усю групу такіх грамадзян за мяжу», – заявіў міністр юстыцыі Нік Хекэруп.

Дацкае выданне Politiken адзначае:

«Чыста з прававога пункту гледжання гэтае рашэнне вельмі недурное, паколькі яно не ўяўляе сабой відавочнага парушэння правоў чалавека, калі, вядома, мы забяспечым тым, хто ўтрымліваецца пад вартай, належнае абыходжанне. Аднак на практыцы праверка канкрэтных умоў утрымання за 2000 кіламетраў ад Даніі – задача няпростая. Пакуль што толькі Нарвегія вынесла турмы на аўтсорсінг, але не ў Косава, а ў Нідэрланды, і, паводле дадзеных экспертаў, была не асабліва задаволеная гэтым досведам. На адлегласці, ды яшчэ ў іншай краіне, вельмі цяжка забяспечыць выкананне правоў чалавека. Людзі, асуджаныя ў Даніі, павінны адбываць свой тэрмін там жа: гэта нашы праблемы і наша адказнасць».

У той час як ЗША аб’явілі дыпламатычны байкот Зімовым Алімпійскім гульням у Кітаі, у ЕЗ пакуль што няма адзінай пазіцыі. Прэзідэнт Францыі Макрон заявіў, што чыста палітычны байкот не мае сэнсу без байкоту спартовага. Большасць еўрапейскіх урадаў падзяляе гэты падыход Макрона ў духу «усё ці нічога», але ўсё ж выступае за ўдзел у Гульнях.

«Байкот спартовых мерапрыемстваў – занадта простае рашэнне», – такую крытыку выказвае французская газета L’Humanité.

«Чаму байкоту падвяргаецца толькі спорт? Чаму ніхто не заклікае да прыпынення гандлю з Кітаем або да скасавання бягучых кантрактаў з Катарам ? Калі ўжо мы вырашылі падвергнуць тую ці іншую краіну ўсеагульнаму асуджэнню, то гэтыя адносіны нельга распаўсюджваць выключна на спартыўныя мерапрыемствы. Аднак спорт, які мае вялікі грамадскі рэзананс, з’яўляецца лягчэйшай мішэнню, чым культура ці бізнэс. І тут відавочная супярэчнасць: вельмі лёгка супакоіць сумленне, пакараўшы вінаватых толькі «за спорт», не закранаючы пры гэтым іншыя віды дзейнасці або гандаль», – адзначае французскае выданне.

Агляд сусветнай прэсы падрыхтавала Вольга Сямашка