Агляд прэсы: з мішэнню на спіне
Памяці Андрэя Зэльцэра. Навошта кіраўнік Пентагону едзе з візітам на Украіну. Пуцін пагражае лаўрэату Нобелеўскай прэміі міру Дзмітрыю Муратаву. Італія ўводзіць правіла «трох П» на працоўным месцы. Падрабязнасці свежых матэрыялаў замежнай прэсы даведаемся ў аглядзе Вольгі Сямашкі.

«Вось з гэтага пачыналася «Народная воля». Са збройнага супраціву жандарам пры арышце. Цалкам мірным ўдзельнікам гурткоў па сумесным чытанні і абмеркаванні забароненай літаратуры надакучыла, што жандары бяруць іх ні за што голымі рукамі, як кацянят. Гэта ўжо потым у рэвалюцыйнага тэрору з’явілася свая тэорыя, філасофія, этыка і эстэтыка», – праводзіць аналогію з сітуацыяй у Беларусі расейскае выданне Grani.ru.
Выданне адзначае, што смяротны выпадак у Беларусі не ўкладаецца ў расейскую крамлёўскую каляіну.
«Дыктатура Лукашэнкі – акупацыйны рэжым. Ён трымае ўладу насуперак волі пераважнай большасці грамадзян Беларусі. Ён трымае ўладу пры дапамозе беззаконня, самавольства, гвалту, тэрору і падтрымцы іншай дыктатуры – пуцінскай. Лукашэнка кроўна неабходны пуцінскай дыктатуры ў яе глабальнай гульні. Менавіта гэтая падтрымка пуцінскай дыктатуры не дазволіла народу Беларусі пазбавіцца ад свайго «Тараканішча» выключна мірнымі, негвалтоўнымі сродкамі. І дазволіла «Тараканішчу» паслядоўна пазбавіць народ Беларусі ўсіх мірных, негвалтоўных сродкаў барацьбы з ім. Рэпрэсіі будуць узмацняцца. Народ Беларусі чакаюць цяжкія выпрабаванні. І вось тут трэба зразумець дзве рэчы. Любы акт супраціву тэрарыстычнай дыктатуры Лукашэнкі легітымны. Нельга асуджаць чалавека за тое, што ён палічыў за лепшае памерці стоячы, а не жыць на каленях. Другое – помнік Зэльцэру абавязкова паставяць у вызваленым Менску», – упэўнена расейскае выданне.
«Міністр абароны ЗША Лойд Осцін на наступным тыдні адправіцца ў Грузію, Украіну і Румынію ў межах еўрапейскага турнэ. Падрабязнасьцяў візіту ў былыя савецкія рэспублікі не прыводзіцца. Магчыма, пасля гэтага візіту Украіна зможа разлічваць на павелічэнне паставак ўзбраення», – разважае ўкраінскае выданне Главред.
Выданне не адмаўляе, што ў ЗША ёсць жаданне абмеркаваць пытанні, звязаныя з процідзеяннем Расеі, улічваючы актывізацыю двухбаковых кантактаў на гэтым кірунку паміж Расеяй і Штатамі ў сувязі з візітам Вікторыі Нуланд.
«Гэта значыць, па сутнасці, асноўная мэта візіту – зверыць гадзіннікі па пытаннях ваеннай бяспекі. Пры гэтым візіт не варта звязваць са з’яўленнем на Украіне ваеннай місіі ЕЗ. Таму калі пытанне ваеннай місіі ЕЗ і будуць абмяркоўваць, то толькі з мэтай каардынавання сваіх дзеянняў, у тым ліку, з еўрапейцамі. Лойд Осцін едзе не толькі на Украіну, а значыцца гэтае пытанне абмяркуюць на розных узроўнях і не толькі з Украінай», – піша ўкраінскае выданне.
«На Расейскім энергетычным форуме, што адбыўся на гэтым тыдні ў Маскве, крамлёўскі лідэр Уладзімір Пуцін, скарыстаўшыся выпадкам, выказаўся з нагоды галоўнага рэдактара «Новай газеты» і лаўрэата Нобелеўскай прэміі міру гэтага года Дзмітрыя Муратава. Маўляў, калі Муратаў не будзе парушаць расейскія законы і не дасьць нагоды аб’явіць яго замежным агентам, гэтага не адбудзецца. Так заявіў Пуцін, выдатна разумеючы, што гэтую заяву нельга расцаніць інакш, чым як адкрытую пагрозу», – адзначае нямецкая газета Die Tageszeitung.
«Дзіўна, але ў пятніцу на мінулым тыдні ўсё гучала крыху інакш. Праз свайго прэс-сакратара Дзмітрыя Пяскова Крэмль перадаў сяброўскія віншаванні і пахваліў талент Муратава, яго вернасць уласным ідэалам і мужнасць. Што непазбежна выклікала пытанне аб тым, ці правільна былі зразумелыя інструкцыі з самага верху. Але цяпер, дзякуючы Пуціну, яснасць ўсё ж такі аднавілі», – заўважае выданне.
Die Tageszeitung падкрэслівае, што на Захадзе яшчэ памятаюць адносіны СССР да нобелеўскага лаўрэата па літаратуры, пісьменніка Аляксандра Салжаніцына. «У той час ён не адважыўся адправіцца ў Стакгольм, з-за страху, што не зможа вярнуцца на радзіму. Кошт прэміі апынуўся для яго занадта высокім. Салжаніцын быў высланы з краіны. Менавіта з гэтай прычыны няма асаблівых падставаў спадзявацца, што высокая ўзнагарода можа стаць для Муратава свайго роду ахоўным шчытом у будучыні. Можа адбыцца як раз адваротнае» – заключае TAZ.
З пятніцы ў Італіі пасля 20-дзённай тэставай фазы ў сілу ўступае правіла «трох П» на працоўным месцы: прыступаць да працы будзе дазволена толькі прышчэпленым, перахварэўшым або пратэставаным. Супрацоўнікі марскіх партоў краіны пагражаюць блакадай, калі гэтая мера не будзе адмененая. Таксама існуе рызыка незадаволенасці і сабатажу ў іншых сектарах эканомікі, да прыкладу, у сферы грузаперавозак. Італьянская прэса патрабуе ад грамадства стойкасці і згуртаванасці.
Аднак італьянская газета La Stampa больш катэгарычна і ўказвае на тое, што выключэнне з эканомікі значнай часткі працоўнай сілы не прадвяшчае нічога добрага.
«Колькасць людзей, якія адмаўляюцца прышчапляцца, вышэй, чым чакалася: сярэднія значэння вагаюцца паміж 10 і 15 адсоткамі ўсіх асобаў, якія працуюць па найму. А ў некаторых галінах гэты паказчык перавышае адзнаку ў 20 адсоткаў! Пры такіх працэнтных суадносінах можа апынуцца складана забяспечыць нармальны вытворчы працэс або дастаўку прадуктаў харчавання. Справа ў тым, што праблема закранае і сферу перавозак, якая па большай частцы аддадзена на водкуп замежным кіроўцам-дальнабойнікам, якія альбо не прышчэплены, альбо вакцынаваны вакцынамі, якія ня прызнаныя ў ЕЗ. Тое ж самае тычыцца і сезонных зборшчыкаў ўраджаю. Запавольванне тэмпаў ці нават замарожванне паставак будзе мець прамыя наступствы для эканомікі краіны і нашага паўсядзённага жыцця», – адзначае італьянскае выданне.
Агляд сусветнай прэсы падрыхтавала Вольга Сямашка.
Беларускае Радыё Рацыя
