Агляд прэсы: за адным сталом



«Момант 1938 года»: прэм’ер-міністр Літвы папярэджвае пра расейскія войскі ў Беларусі. Візіт Макрона ў Маскву: якія вынікі? Байдэн і Шольц пагражаюць Пуціну. Падрабязнасці свежых матэрыялаў замежнай прэсы даведаемся ў аглядзе Вольгі Сямашкі.

«Прэм’ер-міністр Літвы заявіла, што сітуацыя бяспекі ў краінах Балтыі і Усходняй Еўропы можа назаўжды змяніцца, калі расейскія войскі, сабраныя на мяжы з Украінай, пачнуць інтэгравацца з беларускімі. «Гэта момант 1938 года для нашага пакалення. Нейтралітэт дапамагае прыгнятальніку і ніколі ахвярам», — цытуе Інгрыд Шыманітэ брытанская газета The Guardian.

Шыманітэ, якая сустрэлася з Борысам Джонсанам у аўторак, з’яўляецца адным з еўрапейскіх палітыкаў, якія найбольш ахвотна выступаюць за дэмакратыю і выкрываць метады аўтакратыі. Яе пазіцыя прывяла яе краіну з насельніцтвам усяго 2,8 мільёна чалавек на лінію фронту ідэалагічнага канфлікту не толькі з Расеяй, але і з Кітаем.

«Беларусь пагражае заблакаваць экспарт калійных угнаенняў у сваю краіну. Пасля выбараў і дэманстрацый у жніўні 2020 года ў Беларусі ў Лукашэнкі няма варыянтаў, што ён можа зрабіць. Каб выжыць, яму патрэбны грошы і дапамога Расеі. Цяперашняе нарошчванне расейскіх сіл у Беларусі незапланаванае. У 2021 годзе былі расейскія вайсковыя вучэнні. Калі гэтыя вучэнні азначаюць, што ўзбраенне і войскі застануцца на беларускай зямлі на нявызначаны тэрмін, гэта істотна змяняе разлікі», – прыводзіць меркаванне літоўскага прэм“ер-міністра брытанскае выданне і падкрэслівае, што Літва выступае супраць павялічэння залежнасці Еўропы ад расейскага газу і лічыць газаправод «Паўночны паток-2» «вельмі значным інструментам» для Крамля.

У Маскве адбылася сустрэча прэзідэнтаў Расеі і Францыі – Уладзіміра Пуціна і Эманюэля Макрона. Падчас размовы, якая доўжылася каля шасці гадзін, бакі абмяркоўвалі сітуацыю вакол Украіны. Канкрэтных вынікаў дасягнута не было, аднак, як заявіў пасля Пуцін, гутарка аказалася карыснай. Макрон у сваю чаргу канстатаваў, што погляды Масквы і Парыжа шмат у чым разыходзяцца, аднак ёсць і пункты судакранання. Еўрапейская прэса вынікамі не ўражана.

«Высілкі Макрона пахвальныя, але ён зыходзіць з памылковых здагадак», – піша італьянская газета La Repubblica.

«Як стала зразумела па яго інтэрв’ю штотыднёвіку Le Journal du Dimanche, Макрон лічыць, што ён – адзіны, хто змог усвядоміць сённяшнія «траўмы вялікай рускай нацыі». Аднак насамрэч гэтыя траўмы і так цалкам відавочныя: Расея прайграла ў халоднай вайне і пазбавілася сваёй ранейшай сферы ўплыву на постсавецкай прасторы. Што незразумела, дык гэта спосаб вырашэння гэтай праблемы: калі ў Расеі, як і ва ўсіх іншых краін, ёсць легітымныя інтарэсы ў сферы бяспекі, то як прызнаць гэтыя інтарэсы, не паддаючыся пры гэтым на сілавы шантаж і не ахвяруючы фундаментальнымі прынцыпамі, такімі як цэласнасць і суверэнітэт дзяржаў, размешчаных паміж Расеяй і Еўропай?», – задаецца пытаннем італьянскае выданне.

Канцлер ФРГ Олаф Шольц наведаў з афіцыйным візітам Вашынгтон, дзе сустрэўся з прэзідэнтам ЗША Джо Байдэнам. Пасля заканчэння гутаркі абодва лідэры паспрабавалі знайсці выразныя словы, якія ўтрымалі б Расею ад уварвання ва Украіну. Калі Байдэн сярод іншага прыгразіў пакласці канец праекту «Паўночны патоку-2», то Шольц пазбягаў рабіць такія адназначныя заявы.

«Ва ўмовах цяперашняга крызісу запрэжка Байдэн-Шольц можа аказацца сапраўдным поспехам», – піша нямецкая газета Der Tagesspiegel.

«Іх тандэм ясны і адназначны па змесце, але пры гэтым вытрыманы ў спакойным і неідэалагічным тоне. Яны спрабуюць не даць адваротнаму боку нагоды для далейшай дэстабілізацыі сітуацыі. Магчыма, такая тактыка не спадабаецца некаторым гарачым галовам і аматарам рэзкіх лозунгаў і рухаў цела. Але ўсе яны, разам з Пуціным, забываюцца пра адно: сапраўдная сіла не мае патрэбы ў дэманстрацыі. Тым, у каго яна і сапраўды ёсць, няма патрэбы яе выпінаць», – падкрэслівае нямецкае выданне.

У Румыніі кіраўнік найважнейшай апазіцыйнай партыі Саюз выратавання Румыніі Дачыян Чолаш падчас унутранай барацьбы за ўладу падаў у адстаўку. Ён быў абраны лідарам партыі ўсяго толькі ў кастрычніку мінулага года. Пасада старшыні альянсу часова перайшла да віцэ-старшыні Кэтэліны Друлэ. Аглядальнікі задаюцца пытаннем, які лёс чакае партыю, якая на світанку свайго існавання задумвалася як рух супраць карупцыі.

«У кіраўніцтве партыі Саюз выратавання Румыніі глыбокі крызіс», – піша румынская газета Adevărul.

«Крызіс лідэрства ахапіў практычна ўсе асноўныя партыі краіны: ад Нацыянальнай ліберальнай партыі да Альянсу за аб’яднанне румынаў. Аднак у выпадку Саюза выратавання Румыніі ўсё ідзе куды больш сур’ёзна. Фарміраванне кіруючай большасці з СДП і НЛП не на жарт разгайдала палітычную сцэну, пазбавіўшы яе раўнавагі: роля лідэраў апазіцыі ў парламенце дасталася Саюзу выратавання Румыніі і Альянсу за аб’яднанне румынаў. А апошні на фоне слабасці Саюза выратавання Румыніі амаль поўнасцю перацягнуў увесь дыскурс на сябе. Кіраўніцтва партыяй Саюз выратавання Румыніі часова перайшло да яе віцэ-старшыні Кэтэліны Друлэ. Перыяд яе кіравання стане вырашальным для будучыні партыі, вядома, калі такое ў яе ўвогуле маецца», – адзначае румынскае выданне.

Агляд сусветнай прэсы падрыхтавала Вольга Сямашка

[manual_related_posts]